20 чэрвеня ў Беларусі ўсталявана 15 тэмпературных рэкордаў

Цяплей за ўсё было ў Акцябрскім на Гомельшчыне — 32,1 градуса. Але абсалютны рэкорд за ўсе гады застаўся нязменным, піша «Радыё Свабода».
Новыя тэмпературныя рэкорды 20 чэрвеня зафіксавалі на 15 метэастанцыях у Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях, на поўначы Віцебскай вобласці максімумы абноўлены практычна паўсюдна, пра што сведчыць праведзены «БелаПАН» параўнальны аналіз аператыўных і архіўных даных Белгідрамета на meteoinfo.by.

У Полацку тэмпература дасягнула 32 градусаў вышэй за нуль, ранейшы лакальны экстрэмум зафіксавалі два гады таму, і ён быў значна ніжэйшым — 29,9 градуса.

У Лынтупах паветра прагрэлася да 31,9 градуса (29,3 у 2019 годзе), Шаркаўшчыне — да 31,6 (30,6 у 2019-м), Докшыцах — да 31,2 (30,2 у 2019-м), Нарачы — да 31 (29,5 у 2019-м), Бярэзінскім запаведніку — да 30,9 (30,1 у 1999-м), Верхнядзвінску — да 30,8 (30,1 у 2019-м), Ашмянах — да 30,8 (29 у 1999-м).

Абноўленыя максімумы таксама ў Лепелі — 30,6 (29,5 у 1964 г.), Валожыне — 30,6 (30,4 у 2002-м), Сянне — 30,6 (29,5 у 2019-м), Езярышчы — 30,3 (28,7 у 2019-м), Мсціславе — 29,6 (29,4 у 2019-м).

Сярод абласных цэнтраў рэкорды зафіксаваныя ў Магілёве — 31,5 градуса (30,8 у 2002 годзе) і Віцебску — 30,6 (30 у 2019-м).

Цяплей за ўсё мінулым днём было ў Акцябрскім (Гомельская вобласць) — 32,1 градуса. Рэкорд 20 чэрвеня для ўсёй краіны быў пастаўлены ў 2002 годзе ў Лельчыцах на Гомельшчыне — 33,5.

У найбліжэйшыя трое сутак сіноптыкі прагназуюць захаванне спякоты.

Цяперашнія рэкорды — першыя ў новым летнім сезоне, а ў ноч на 1 чэрвеня на пяці метэастанцыях краіны абнавіліся абсалютныя мінімумы тэмператур.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: