20 гадоў таму бясследна знік Дзмітрый Завадскі

Аператар тэлеканалу ОРТ Дзмітрый Завадскі знік без вестак 7 ліпеня 2000 года. Пра гэта піша Белсат
Паводле следства, днём 7 ліпеня 2000 году, па дарозе ад свайго дому ў Менску ў аэрапорт, журналіст Дзмітрый Завадскі быў выкрадзены групай узброеных людзей у колькасці 5-6 чалавек, сярод якіх знаходзіліся дзеючы баец спецпадраздзялення па барацьбе з тэрарызмам «Алмаз» МУС Рэспублікі Беларусь Максім Малік і былы афіцэр гэтага ж падраздзялення Валерый Ігнатовіч.

За выкраданне журналіста ў 2002 годзе суд пакараў Ігнатовіча і Маліка пажыццёвым зняволеннем. Аднак далейшы лёс Завадскага ні органамі папярэдняга расследавання, ні судом да цяперашняга часу не высветлены. Труп аператара не знайшлі.

Палітыкі, журналісты і праваабаронцы лічаць, што Завадскага, а таксама Юрыя Захаранку, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага выкралі так званыя эскадроны смерці. Паводле папярэдняга заключэння праваабаронцаў, асноўнымі падазраванымі па справе па выкраданнях і забойствах Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадскага з’яўляюцца Аляксандр Лукашэнка, Віктар Шэйман (тагачасны кіраўнік Савета бяспекі), Юры Сівакоў і Уладзімір Навумаў (у розныя часы – міністры ўнутраных справаў), Дзмітрый Паўлічэнка (тагачасны камандзір в/ч 3214) і Мікалай Васільчанка (тагачасны начальнік Службы бяспекі прэзідэнта). Высновы беларускіх праваабаронцаў былі пацверджаны ў 2004 годзе ў адмысловым дакладзе дэпутата Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Хрыстаса Пургурыдыса, які праводзіў уласнае расследаванне.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: