«200 чалавек сабраліся — і ўсё, пачынаем...» — «Кіберпартызаны» выклалі яшчэ адну размову

На аўдыёзапісе перад 9 жніўня 2020 года ідзе гаворка, што сілавікі пачнуць біць людзей у цэнтры Мінску амаль адразу пасля пачатку іх збору, паведамляе «Свабода».

«Кіберпартызаны» выклалі чарговы запіс размовы сілавікоў у 2020 годзе. На ім, як сцвярджаецца, запісаны тэлефонны званок аднаго з кіраўнікоў ГУУС Мінгарвыканкаму і УУС Мінаблвыканкаму. Яны дамаўляюцца, як паводзіць сябе ў дзень выбараў у раёне стэлы на праспекце Пераможцаў у Мінску

У прыватнасці, міліцэйскія начальнікі гаварылі аб тым, што «не трэба чакаць, пакуль набярэцца натоўп у 5 тысяч чалавек: сабраліся 200 — усё», можна разганяць. Як і ў папярэдніх злітых размовах, лексіка міліцыянтаў не вызначаецца цэнзурнасцю, прысутнічае велізарная колькасць ненарматыўных словаў і абразаў.

Адзін з суразмоўцаў на запісе гаворыць пра тое, што часова аддае плошчы ў горадзе пад кантроль вайскоўцаў, а сам са сваімі падначаленымі зоймецца выбарчымі ўчасткамі, а пасля галасавання пераключыцца на стэлу.

Пры гэтым заяўлялася пра фізічны разгон людзей не толькі ў цэнтры Мінску, але і на выбарчых участках.

7 верасня «Кіберпартызаны» падзяліліся іншай запісанай размовай гэтых кіраўнікоў міліцэйскіх падраздзяленняў. Тады яны дзяліліся сваімі страхамі перад масавымі выступленнямі людзей, абмяркоўвалі паразу ўладаў у інфармацыйнай прасторы і далейшыя захады па здушэнні пратэстаў супраць кіравання Лукашэнкі.

Улетку 2021 году «Кіберпартызаны» паведамілі, што ўзламалі базу з запісамі тэлефонаў. Відаць, спецслужбы слухалі тэлефоны афіцэраў і захоўвалі гэтую інфармацыю. Згодна са словамі хакераў, яны дасталі велізарны аб’ём інфармацыі, з якой апрацаваны і апублікаваны толькі невялікі адсотак. З яе дапамогай, у прыватнасці, яны спадзяюцца праліць больш святла на гібель Генадзя Шутава ў Брэсце.

У папярэдніх апублікаваных злівах чуваць, што многія сілавікі давалі канкрэтныя загады біць і катаваць пратэстоўцаў, кідаць іх у экстрэмальныя ўмовы зняволення і там працягваць здзекі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: