200 дзён святла ў фотаздымках

200 дзён — столькі трываюць у Беларусі пратэсты супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Столькі беларусы змагаюцца супраць татальнай хлусні, гвалту, беззаконня. 

Насамрэч народнае абурэнне, як і народная салідарнасць, што выявілася ў розных грамадскіх акцыях, пачалося нашмат раней. Але 9 жніўня стала як кульмінацыяй давыбарчага перыяду, так і кропкай адліку паслядоўных арганізаваных мірных акцый пратэсту, якія з таго часу адбываліся кожны дзень. Які шлях мы прайшлі за гэтыя 200 дзён?

Настолькі доўгі пратэсны перыяд Беларусь перажывае ўпершыню ў сучаснай гісторыі. За 26 год акцыі пратэсту пасля выбараў доўжыліся ад аднаго дня да тыдня, серыі грамадскіх пратэстаў, як гэта было падчас маўклівых акцый 2011 года ці антыдармаедскіх пратэстаў у 2017-м, абмяжоўваліся некалькімі эпізодамі. Але год 2020-ы змяніў сітуацыю карэнным чынам. І кожны з гэтых 200 дзён у Беларусі працягваюцца пратэсты. «Кож-ны дзень!» — гучала на вуліцах 9 жніўня. Гэтае абяцанне беларусы годна выконваюць.

У дзень асноўнага галасавання, 9 жніўня, здарылася тое, чаго ніколі не здаралася яшчэ на выбарах пры Лукашэнку: беларусы пайшлі галасаваць супраць яго ўсёй краінай. Да ўчасткаў у Беларусі, а таксама і замежных, узніклі чэргі. І ўсе разумелі: усе гэтыя людзі зрабілі так у знак свайго пратэсту. Для пазначэння сябе для назіральнікаў, камісій і адно аднаго беларусы надзявалі на рукі белыя стужкі і складвалі бюлетэні гармонікам.

Святлана Ціханоўская галасуе на выбарчым участку. Ужо праз некалькі гадзін платформа «Голас» абвесціць, што, паводле папярэдніх падлікаў, яна набрала каля 80% галасоў.

Акцыя пратэсту ў вечар 9 жніўня на стэле. Супраць мірных пратэстоўцаў прымянілі святлошумавыя гранаты і гумовыя кулі.

Шмат хто з пратэстоўцаў атрымаў моцныя раненні. Мірны дэманстрант ляжыць без прытомнасці перад АМАПаўцам.

Мірныя акцыі пратэсту працягнуліся і пасля 9 жніўня. 10 жніўня на праспекце Пушкіна быў забіты Аляксандр Тарайкоўскі — першая ахвяра з боку дэманстрантаў. МУС выступіла з заявай, што чалавек загінуў ад самаробнай выбухоўкі. Але далей з'явіліся фота і відэа, на якіх бачна, што ў Тарайкоўскага не было нічога ў руках, яго ва ўпор расстралялі сілавікі.

Тысячы людзей шукалі сваіх родных і сяброў, пачынаючы з 9 жніўня. Затрыманыя на пратэстах утрымліваліся ў ізалятарах. У Мінску пад ізалятарам у завулку Акрэсціна сабраліся родныя затрыманых. Амаль адразу там узнік лагер для дапамогі тым, хто выходзіў з ізалятара: людзі былі моцна збітыя, іх жорстка катавалі.

Сведчанні аб катаваннях затрыманых прывялі грамадства ў шок. Сотні тысяч людзей далучыліся да пратэсных акцый.

У нядзелю, 16 жніўня, на акцыю ў Мінску выйшлі каля 300 000 чалавек.

У нядзелю, 16 жніўня, на акцыю ў Мінску выйшлі каля 300 000 чалавек.


На заводах і фабрыках пачаліся забастоўкі.

Дзяўчына абдымае ахоўніка ля Дома ўраду на плошчы Незалежнасці: салдаты апусцілі на зямлю шчыты, калі да плошчы 14 жніўня прыйшла калона работнікаў МТЗ і іншых пратэстоўцаў колькасцю ў некалькі дзясяткаў тысяч чалавек.

«Купалаўскі тэатр» адным з першых узняў нацыянальныя сцягі. Праз некаторы час дырэктар тэатра Павел Латушка будзе звольнены, акторы звольняцца на знак салідарнасці.

Шматтысячныя акцыі пратэсту сталі традыцыяй. Штонядзелю адбываўся марш, кожны раз з новай тэматыкай і маршрутам. Людзі ўдзельнічалі ў маршах з крэатыўнымі плакатамі, музычнымі інструментамі, выходзілі цэлымі сем'ямі.

.
.
.

На адным з маршаў удзельнікі разабралі часткі вадамёта: машына стала паліваць саму сябе, а не пратэстоўцаў.

Асобныя акцыі жанчын адбываліся па суботах. Іна Зайцава прыходзіла на іх у вясельнай сукенцы з чырвонай палоскай і стала вядомай як «БЧБ-нявеста». У далейшым яна была арыштаваная, адсядзела некалькі сутак і была вымушаная пакінуць краіну разам з дзецьмі.

Удзельніцы жаночага маршу ратуюцца ад сілавікоў.

На маршы выходзілі самыя розныя людзі: студэнты, медыкі, айцішнікі, людзі з інваліднасцю, пенсіянеры. Марш мудрасці — акцыя людзей сталага ўзросту — праходзіў у Мінску і іншых гарадах кожны панядзелак.

Амаль кожны дзень беларусы збіраліся ўвечары ў цэнтры сталіцы каля Чырвонага касцёла. У адзін з такіх дзён, 26 жніўня, АМАП жорстка разагнаў удзельнікаў акцыі, а тых, хто быў у касцёле, зачыніў, не дазваляючы выйсці.

Кіраўнік ГУБАЗіК Карпянкоў разбівае вітрыну кавярні, у якой схаваліся ўдзельнікі маршу 6 верасня. Мінчукі не засталіся ў баку: дапамаглі кавярні «O'Petit» паставіць новае шкло. Цэлы тыдзень людзі стаялі ў доўгіх чэргах, каб набыць каву і слодычы ва ўстанове.

Асобнай рысай беларускіх пратэстаў стала самаарганізацыя двароў. Людзі стваралі суседскія чаты ў Тэлеграме і такім чынам гуртаваліся з аднадумцамі. Двары займелі свае асаблівасці, назвы, мерапрыемствы. Адным з найбольш папулярных месцаў стала «Плошча Перамен» — двор на скрыжаванні вуліц Кахоўскай і Чарвякова. На трансфарматарнай будцы мясцовыя жыхары неаднаразова наносілі выяву дыджэяў, якія ўключылі песню «Перамен» на гарадскім мерапрыемстве, зладжаным для забароны пікета Ціханоўскай.

Жыхары раёна Новая Баравая ладзяць суседскую сустрэчу

Жылы комплекс «Каскад» вывесіў гіганцкі БЧБ-сцяг. У гэтым жылым комплексе шмат разоў вывешвалі нацыянальныя сцягі паміж дамамі. Дзякуючы вышыні будынкаў гэтае відовішча заўжды было прыгожым.

Дваровая актыўнасць выклікала хвалю рэпрэсій. Узброеныя прыхільнікі Лукашэнкі прыязджалі ўвечары ў двары, каб разганяць акцыі і зразаць бел-чырвона-белыя стужкі. У адзін з такіх вечароў на «Плошчы Перамен» быў моцна збіты 31-гадовы Раман Бандарэнка. 12 лістапада ён памёр ад атрыманых траўм у шпіталі. Людзі прыйшлі на «Плошчу Перамен» з кветкамі і свечкамі, акцыі салідарнасці ладзіліся і на наступны дзень.

Ушанаванне памяці Рамана Бандарэнкі

Ушанаванне памяці Рамана Бандарэнкі

Кветкі і свечкі былі прыбраныя з «Плошчы Перамен» праз некаторы час. АМАП ахоўвае сцяну, каб на яе больш не наносілі выяву дыджэяў.

Сілавікі заціснулі людзей, якія сабраліся на «Плошчы Перамен» на нядзельны марш 15 лістапада. Гэты дзень адметны тым, што АМАПаўцы доўга высочвалі пратэстоўцаў, якія схаваліся ў навакольных дамах. У квартале на цэлы вечар быў усталяваны пашпартны кантроль. Дзясяткі дюдзей правялі гэтую ноч у чужых кватэрах.

Прадстаўнікі дзяржавы заявілі аб тым, што Раман Бандарэнка знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення, але лекар Арцём Сарокін апублікаваў у Тэлеграме дадзеныя медкарткі Рамана: у крыві знойдзена 0 праміле алкаголю. Дактары ладзяць акцыю салідарнасці, трымаючы ў руках аркушы з надпісам «0 ‰». Арцём Сарокін, а таксама журналістка Кацярына Барысевіч, якая апублікавала інфармацыю пра тое, што Бандарэнка быў цвярозы, былі зняволеныя за «разгалошванне медыцынскай таямніцы».

Вулічныя акцыі рабіліся менш люднымі, жорсткасць разгонаў узрастала.

Марш у Курапаты на Дзяды 1 лістапада і хапун у полі каля мемарыяла

Марш у Курапаты на Дзяды 1 лістапада і хапун у полі каля мемарыяла

Нядзельныя маршы перайшлі ў фармат шэсцяў у дварах. Гэта дэарганізавала сілавікоў, яны не паспявалі даехаць да ўсіх месцаў, дзе збіраліся калоны пратэстоўцаў.

Цягам восені і зімы за краты трапілі шмат вядомых людзей. Вольга Хіжынкова, «Міс Беларусь-2008», правяла за кратамі 42 сутак: ёй некалькі разоў падаўжалі тэрмін зняволення.

Мікіта Домрачаў, брат Дар'і Домрачавай, быў моцна збіты сілавікамі. Нават пасля здарэння з братам Домрачава не асудзіла публічна гвалт дзяржавы ў дачыненні да пратэстоўцаў.

Журналісткі Дар'я Чульцова і Кацярына Андрэева ў залі суда. Дзяўчаты былі затрыманыя 15 лістапада за стрым, які вялі з маршу на «Плошчы Перамен», і абвінавачаныя ў каардынацыі пратэстаў. 18 лютага яны атрымалі прысуд: 2 гады колоніі.

17 лютага распачаўся суд над Віктарам Бабарыкам. Экс-кандыдат у прэзідэнты знаходзіцца за кратамі з 18 чэрвеня.

Якімі мы сталі за гэтыя 200 дзён? Адначасова саслабелымі ад доўгай і цяжкай барацьбы — і моцнымі ад тых выпрабаванняў, што перажылі. Абуранымі гвалтам сілавікоў — і замілаванымі мірнасцю і цывілізаванасцю нашых уласных дзеянняў. Адначасова плачам ад крыўды і гневу — і ўсміхаемся адно аднаму, пазнаючы ў натоўпе нават незнаёмых «сваіх» па бел-чырвона-белых стужках. Мы страцілі шмат за гэты час: 7 забітых, 251 палітвязень, тысячы ў турмах, дзясяткі тысяч у выгнанні... Але чым мацней цемра, тым ярчэй святло, якое ў рэшце рэшт запануе навокал. І 200 дзён пратэстаў сталі для нас сапраўдным часам святла, таго святла, у промнях якога мы так добра пабачылі свой гераізм, сваю годнасць, смеласць і здольнасць да салідарнасці. І надалёка ўжо той час, калі святло свабоды будзе ў нашай краіне сапраўды кожны дзень.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: