21 сакавіка адзначаецца Міжнародны дзень лясоў

Жыхары Бараўлян, якія доўга бароняць мясцовы лес ад вырубкі, звярнуліся ў гэты дзень да беларусаў.
Плакат з акцыі па абароне леса

Плакат з акцыі па абароне леса

У розных кутках нашай планеты цэняць лес, вучацца захоўваць і аберагаць яго насельнікаў, ідзе пошук шляхоў вырашэння экалагічных праблем. І ў 2020 годзе гэты дзень праходзіць з ключавой тэмай «Лясы і біяразнастайнасць».

У Беларусі, на жаль, не рэдкія сітуацыі. калі лясы вырубаюцца пад патрэбы будаўніцтва. З такой праблемай сутыкнуліся жыхары Бараўлян: ужо працяглы час яны змагаюцца супраць вырубкі мясцовага лесу. У Сусветны дзень абароны лясоў жыхары звярнуліся да іншых беларусаў.

Жыхары Бараўлян на акцыі

«Мы, жыхары Бараўлянскага сельскага Савета Мінскага раёна, шукаем увагі іншых грамадзян нашай краіны, грамадскіх арганізацый, і ўсё яшчэ спадзяемся знайсці паразуменне прадстаўнікоў мясцовых органаў улады ў пытанні захавання ад вырубкі Бараўлянскага лесу.

Яго хочуць высечы, таму што не знайшлі іншага месца для будаўніцтва, вырашылі зноў высечы — зараз ужо каля 5 гектараў здаровых дарослых дрэў.

Пры гэтым знішчаюцца і іх насельнікі — многія віды чырванакніжных раслін і жывёл, што па звароту мясцовых жыхароў ўстанавіла Нацыянальная акадэмія навук Беларусі», — адзначаецца ў звароце.

Больш за 2 гады таму былі сабраныя больш за 6500 подпісаў мясцовых жыхароў у абарону лесу. На жаль, на сённяшні дзень ідзе падрыхтоўка да высечкі нягледзячы на ​​довады і меркаванне мясцовых жыхароў.

«Сябры, калі ласка падтрымайце нас, дапамажыце захаваць Бараўлянскі лес ад вырубкі!» — заклікаюць аўтары зварота.

Паводле прэс-рэліза

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: