21 лютага 1846 года адбылося Кракаўскае паўстанне

Кракаўскае паўстанне з'яўляецца адным з шэрагу нацыянальна-вызваленчых паўстанняў на тэрыторыях былой Рэчы Паспалітай. 



Пра гэтую падзею гавораць ня так шмат у параўнанні з агульнапольскімі паўстаннямі 1831 і 1863–1864 гадоў. Напэўна таму, што яно змагло ахапіць толькі Вольны горад Кракаў.

Трэба сказаць, што першапачаткова арганізатары паўстання ў Кракаве скіравалі свае высілкі на агітацыю і мабілізацыю сялян. Варта прыгадаць, што папярэднія паўстанні Касцюшкі і паўстанне 1831 года — гэта былі выключна шляхецкія паўстанні. Польскае, беларускае і літоўскае сялянства не разглядалася як рухавік барацьбы.

У Кракаве быў створаны адмысловы Народны Урад Рэчы Паспалітай Польшчы, які паабяцаў сялянам, у выпадку іх удзелу ў паўстанні, надзяліць іх зямлёю ва ўласнасць. У склад Рады ўвайшлі Карл Лібельт, Людвіг Гажкоўскі, Ян Тысоўскі — філосафы і публічныя дзеячы. Аднак “хаджэнне ў народ” не прынесла выніку, па прычыне недахопу жадаючых працаваць з сялянамі. Больш таго, сярод рэвалюцыянераў аказаўся здраднік, які раскрыў планы паўстання, і больш за 70 чалавек, сярод іх шэраг ключавых асобаў, былі арыштаваныя прускімі ўладамі.

20 лютага 1846 года было вырашана пачаць паўстане ў ноч з 21 на 22 лютага. Нягледзячы на тое, што паўстанне было даволі кепска арганізавана і не скаардынавана, палякам ўдалося ўтрымаць Кракаў. Да атрадаў добраахвотнікаў далучылася толькі каля 6 тысяч чалавек, пры гэтым не ўсім хапала зброі і, тым больш досведу. Таму хутка паўстанчыя атрады былі разбітыя аўстрыйскімі вайскоўцамі, а Кракаў захоплены аўстрыйцамі 27 лютага. Шматлікія паўстанцы збеглі ў Прусію, дзе яны былі схопленыя, хтосьці прыгавораны да смерці, альбо да дзясяткаў гадоў зняволення, напрыклад, Карль Ліберт, шмат каго прускія ўлады перадалі Расіі. Тым не менш, дзякуючы таму, што ў хуткім часе пачалася рэвалюцыя “Вясна народаў”, удзельнікі паўстання былі выпушчаныя. Пасля паўстання Вольны Горад Кракаў быў цалкам пазбаўлены незалежнасці і далучаны да Аўстрыйскай Імперыі.

Павал Усаў, www.radyjo.net

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: