22 снежня ў Мінску будуць судзіць удзельніка “Марша студэнтаў”

Працягваецца пераслед удзельнікаў мірнай акцыі пратэсту студэнтаў супраць увядзення платы за пераздачу залікаў і іспытаў, якая адбылася ў Мінску 2 снежня.

 



Павел Сяргей (злева). Фота "Нашай нівы"


Аднаго з удзельнікаў “Марша студэнтаў”, сацыяльнага актывіста Паўла Сяргея выклікалі ў суд Маскоўскага раёна на 16 гадзінаў 22 снежня. Адміністрацыйны пратакол складзены па ч.1 артыкула 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве), паведамляе ПЦ "Вясна".

Як паведамлялі раней праваабаронцы, 2 снежня былі складзены пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні на Яўгена Амелькова, Глеба Вайкуля. Дадзеныя Максіма Вінярскага і Паўла Вінаградава былі ўпісаны ў пратаколы, якія да канца не былі складзеныя на месцы правядзення акцыі.

Некаторых студэнтаў філфака БДУ, у тым ліку і Глеба Вайкуля, выклікалі на наступны дзень на камісію ў дэканат факультэта. 

Марш студэнтаў — акцыя пратэсту супраць увядзення аплаты за пераздачу спытаў і залікаў — сабраў у Мінску больш за сотню чалавек.

За пару гадзінаў да акцыі сайт БДУ змясціў абвестку, што сустрэча рэктара БДУ Сяргея Абламейкі са студэнтамі адмяняецца.

У Міхайлаўскім скверы Мінска (каля чыгуначнага вакзала) сабралася больш за сотню студэнтаў. Яшчэ больш было «асобаў у цывільным», некаторыя з навушнікамі. У выніку на некаторых удзельнікаў Марша студэнтаў складзеныя адміністратыўныя пратаколы.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!