25-гадоваму хлопцу з Брагіна прысудзілі два гады калоніі за абразу Лукашэнкі

29 снежня суддзя Брагінскага раённага суду Марыя Гаўрыленка ў закрытым судовым пасяджэнні пакарала мясцовага жыхара Аляксандра Кулагу 2 гадамі калоніі агульнага рэжыму за абразу Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 артыкула 368 КК). Мера стрымання да ўступлення прысуду суда ў сіле пакінута ранейшай — асабістае паручальніцтва.


Фота «Гомельская вясна»

25-гадовы Аляксандр Кулага раней не судзімы, працуе вальшчыкам лесу ў мясцовым лясніцтве. На прыёме ў праваабаронцы Леаніда Судаленкі асуджаны заявіў пра намер абскардзіць прысуд суда першай інстанцыі, паведамляе «Вясна».

Інцыдэнт адбыўся пасля выбараў 16 жніўня. Аляксандра ў нецвярозым стане даставілі ў бальніцу для медагляду. Знаходзячыся ў прыёмным аддзяленні, ён публічна ў прысутнасці міліцыянтаў і медыкаў выказаў абразы ў адрас чалавека па прозвішчы Лукашэнкі ў выглядзе грубых, нецэнзурных слоў.

Праваабаронца Леанід Судаленка падкрэслівае, што крымінальны пераслед за дыфамацыю аказвае ўплыў на свабоду выказвання і ўваходзіць у супярэчнасць з міжнароднымі абавязацельствамі Беларусі ў галіне правоў чалавека. У заўвагах агульнага парадку № 34 Камітэт ААН па правах чалавека рэкамендаваў выключыць паклёп з разраду крымінальных злачынстваў.

«Крымінальнае заканадаўства павінна прымяняцца толькі ў сувязі з найбольш сур'ёзнымі выпадкамі, а пазбаўленне волі ні пры якіх умовах не павінна лічыцца адэкватнай мерай пакарання за свабоднае выказванне меркаванняў», — такімі з'яўляюцца еўрапейскія стандарты права на выказванне меркаванняў.

Ён таксама адзначыў, што беларускія праваабаронцы паслядоўна выступаюць за дэкрыміналізацыю паклёпу і выключэнне з Крымінальнага кодэкса артыкулаў аб абразе і паклёпе, якія прадастаўляюць дзяржаўным чыноўнікам і вышэйшаму кіраўніцтву краіны дадатковую абарону ад крытыкі.

Артыкул 368 і дыфамацыя

Міжнародныя арганізацыі па правах чалавека разглядаюць дыфамацыю ў кантэксте права на выказванне меркавання і права на свабоду слова. Дэкрыміналізацыя дыфамацыйных правапарушэнняў з'яўляецца стандартам, сфармуляваным і абгрунтаваным у рашэннях шэрагу міжнародных арганізацый.

Міжнародная супольнасць пры падтрымцы праваабарончай арганізацыі «Article 19» ў 1995 годзе прыняла Ёханесбургскія прынцыпы. Яны прызначаныя для ўзмацнення артыкула 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, згодна з якім кожны чалавек мае права бесперашкодна прытрымлівацца сваіх меркаванняў.

Згодна з сёмым прынцыпам ніхто не можа быць пакараны за крытыку ці абразу нацыі, дзяржавы або яго сімвалаў, урада, дзяржаўных ведамстваў або дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, калі толькі гэтая крытыка ці абразу не накіраваныя на падбухторванне да гвалтоўных дзеянняў або ж могуць пацягнуць такія дзеянні.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: