30-гадовага праграміста згвалцілі ў аўтазаку. Ён патрабуе пакарання вінаватых

30-гадовы праграміст Алесь (імя зменена) размаўляў з журналістамі TUT.BY яшчэ ў жніўні ў Бальніцы хуткай дапамогі. БХМД была адной з бальніц, якія прымалі пацярпелых пасля разгону акцый пратэсту 9-12 жніўня і куды прывозілі людзей з РУУС і Акрэсціна. Тады Алесь не змог і не захацеў расказаць пра тое, што з ім адбылося пасля затрымання. 

Але пасля падачы заявы ў Следчы камітэт, ад'езду за мяжу і публікацыі яго паказанняў у дакладзе Human Rights Watch, усё ж пагадзіўся пагаварыць пра тое, як мае намер дамагчыся справядлівасці.

"І ён засунуў мне дубінку ў задні праход"

Алеся затрымалі ўвечары 11 жніўня каля стэлы. АМАП затрымліваў выпадковых мінакоў, і так ён апынуўся ў аўтазаку.

Што адбылося ў машыне, ужо ведаюць усе — апавяданне Алеся змяшчаецца ў дакладзе Human Rights Watch.

— Амапаўцы запатрабавалі разблакаваць тэлефон, а пасля таго паклікалі старэйшага. Той стаў пагражаць тым, што засуне мне дубінку ў азадак. Я ляжаў на падлозе аўтазака, а ён нажом крыж-накрыж разрэзаў мне ззаду шорты і трусы. Папрасіў у "калегаў" прэзерватыў. Я ляжаў на падлозе тварам уніз, але бачыў, як ён прэзерватыў нацягвае на гумовую дубінку. І ён засунуў мне дубінку ў задні праход. Выцягнуў і зноў запатрабаваў пароль. А потым пачаў збіваць — і кулакамі, і нагамі. Я атрымаў па рэбрах, па твары, у зубы — два пярэднія раскрышыліся, — кажа мужчына.

У аўтазаку былі і іншыя затрыманыя, якія бачылі і чулі тое, што адбываецца. Алесь упэўнены, што знайсці сведак пры жаданні будзе лёгка.

Аўтазак прывёз затрыманых у Заводскае РУУС. Там, то лежачы на траве, то стоячы на каленях ля сценкі з зафіксаванымі за спіной сцяжкай рукамі, Алесь правёў ноч і амаль увесь наступны дзень. Разрэзанае адзенне пастаянна спадала, і яму дазволілі ўзяць куртку, якую яму прапанаваў адзін з затрыманых.

Пасля Алеся з астатнімі адправілі на Акрэсціна. Там наглядчыкі пацікавіліся, каму патрэбна медыцынская дапамога. Алеся з яго траўмамі адразу забрала хуткая і адвезла ў БХМД.

Зло і жорсткасць павінны быць пакараныя

У бальніцы Алесю паставілі дыягназ: "закрытая чэрапна-мазгавая траўма лёгкай ступені. Страсенне галаўнога мозгу. Параарбітальная гематома злева. Удар грудной клеткі злева. Падскурная гематома пахвіны. Падскурная гематома ў вобласці правага сцягна. Унутрыслаістае кровазліццё (3 ачага) ампулы прамой кішкі».

Сапраўднасць эпікрызу TUT.BY пацвердзіў лекар Алеся з траўматалагічнага аддзялення № 1 БХМД Абдул Аль Аўдзі.
Фота: TUT.BY

У бальніцы Алесь крыху прыйшоў у сябе. Не ў апошнюю чаргу, дзякуючы медыкам БХМД, якія рабілі для яго ўсё і нават трохі больш. З ім таксама працаваў псіхолаг — гэта стандартная практыка для ахвяр сексуальнага гвалту.

Пасля выпіскі мужчына адразу наняў адваката. І ўжо з ім адправіўся падаваць заяву ў Следчы камітэт Цэнтральнага раёна Мінска.

— Я падаў заяву 20 жніўня. Пасля гэтага мяне накіравалі на судмедэкспертызу. Дзесьці праз тыдзень следчы выклікаў мяне для дадатковага апытання — удакладняў некаторыя дэталі. Пасля гэтага ніхто да мяне не звяртаўся, але ўчора (размова адбылася 18 верасня. — TUT.BY), 17 верасня, майму адвакату тэлефанавалі ўжо з цэнтральнага апарата Следчага камітэта, — распавёў Алесь.

Ён падкрэслівае — у заяве абставіны атрымання траўмаў ён апісаў куды больш падрабязна, у тым ліку і тое, што адбылося ў аўтазаку. Алесь цвёрда вырашыў давесці справу да суда. Справа нават не ў тым, што "нармальны гетэрасексуальны мужчына падвергнуўся такой знявазе. Проста зло і жорсткасць павінны быць пакараныя".

— Усё тое, што адбылося, падобна на спланаваную акцыю запалохвання, улічваючы колькасць пацярпелых і характар калецтваў. МУС фактычна пакрывае сваіх супрацоўнікаў, якія ўчынілі масу злачынстваў, — кажа ён.

Цяпер Алесь з'ехаў за мяжу — у Беларусі пацярпелы лёгка можа стаць падазраваным. Са Следчым камітэтам ён будзе працягваць працаваць праз свайго адваката. У СК пацвердзілі, што заява па гэтым факце паступіла, у цяперашні час праводзіцца праверка.

Афіцыйна


27 жніўня

Зваротаў з нагоды згвалтаванняў ні ад мужчын, ні жанчын у Следчы камітэт не паступала. Звестак аб траўмах прамой кішкі ў мужчын і траўмах жаночых палавых органаў следчыя таксама не атрымлівалі. Пра гэта TUT.BY заявіў афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч.

16 верасня

У Следчым камітэце Беларусі няма заяў аб згвалтаванні з боку супрацоўнікаў міліцыі падчас пратэставых акцый, заявіў на прэс-канферэнцыі першы намеснік кіраўніка МУС начальнік крымінальнай міліцыі Генадзь Казакевіч.

Казакевіч назваў фэйкам інфармацыю аб згвалтаваннях. "Згвалціць у аўтазаку нельга", — заявіў ён.

18 верасня

Зарэгістраваных афіцыйных заяў аб сексуальным гвалце супраць затрыманых няма, заявіў падчас дэбатаў у Радзе правоў чалавека ў ААН сталы прадстаўнік Беларусі Юрый Амбразевіч.

Неафіцыйна

У ініцыятыве BY_Help, якая дапамагае затрыманым, аштрафаваным, параненым і збітым беларусам, у тым ліку і Алесю, іншая інфармацыя.

— У нас ёсць даныя як мінімум аб пяці фактах сексуальнага гвалту пры вельмі падобных абставінах. У гэты момант ідзе праверка атрыманай інфармацыі, але мы ўжо дапамагаем гэтым людзям, — распавёў адзін з ініцыятараў BY_Help Андрэй Стрыжак.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: