40 сутак запар. Экс-міліцыянта Ягора Емяльянава не выпусцілі з Акрэсціна і арыштавалі трэці раз

Сёння ў трэці раз арыштавалі былога міліцыянта Ягора Емяльянава, які адмовіўся ў жніўні ўдзельнічаць у падаўленні пратэстаў у Наваполацку і звольніўся з міліцыі. Агулам на «сутках» ён правядзе 40 дзён.
20 траўня супрацоўнікі міліцыі прышлі па Ягора на яго новае працоўнае месца — у сталічны фітнес-цэнтр. За тыдзень да затрымання Ягор даў інтэрв'ю TRIBUNA.BY, а 19 траўня на «Белсаце» выйшаў відэаматэрыял пра сілавікоў, у якім Ягор таксама прыняў удзел. Першыя два суды, дзе мужчыну асудзілі на 15 сутак двойчы, адбыліся з розніцай у трое сутак. На судзе стала вядома, што яго змясцілі ў карцар. У гэтую суботу Ягора павінны былі вызваліць пасля 30-сутачнага арышту, але яго перазатрымалі. Паводле пратакола, калі Емяльянава вывезлі з ІЧУ ў Савецкае РУУС, там ён «аказаў непадпарадкаванне службовай асобе, не хацеў выходзіць з машыны, упіраўся нагамі, хапаўся рукамі». 

Затрыманне і першыя 15 сутак

Ягора Емяльянава асудзілі двойчы: 21 і 24 траўня, — на 15 сутак. Яго затрымалі 20 траўня, а на наступны дзень прайшоў першы суд над ім у судзе Савецкага раёна. Справу разглядаў суддзя Сяргей Шаціла, але пасля заканчэння працоўнага дня — у 18:10.

Паводле слоў Ягора, у 18:00 яго чакаў кліент на запланаванай трэніроўцы, але два супрацоўнікі ў цывільным сарвалі яе, «прапанаваўшы» праехаць з імі ў Савецкі РУУС для «ўдакладнення нейкіх даных па яго фотаробаце». Пасведчанне паказаў толькі адзін з іх — супрацоўнік наркакантролю.

Але ва ўпраўленні супраць мужчыны склалі пратакол па арт. 19.1 КаАП, згодна з якім 20 траўня Ягор «у 18:00 каля крамы "Суседзі" наўмысна з хуліганскіх памкненняў абразліва чапляўся да грамадзян, нецэнзурна лаяўся ў іх адрас, на заўвагі не рэагаваў, чым парушыў спакой грамадзян».

На думку аднаго з міліцыянтаў, якія выступілі на судзе ў якасці сведак, непадпарадкаванне Ягора цягнулася менш за хвіліну. Сведка нават не чуў ніякіх выказванняў з боку затрыманага, але дакладна памятае, што яны былі нецэнзурныя.

У выніку суддзя Шаціла арыштаваў экс-міліцыянта на 15 сутак, адхіліўшы ўсе хадайніцтвы адваката.

Другі суд у кайданках

24 траўня справа Емяльянава зноў з'явілася ў раскладзе суда. На гэты раз яе разглядала суддзя Алена Жуковіч. Суд пачаўся пасля заканчэння працоўнага дня:

— Судовае паседжанне працягнутае. Што гэта ў Вас на руках?

— Кайданкі.

— У сувязі з чым?

— У сувязі з тым, што я былы супрацоўнік. Яны палічылі, каб я больш памучаўся…

Суддзя Жуковіч абурылася і паклікала супрацоўнікаў РУУСа, каб яны знялі іх на час судовага працэсу.

Новы пратакол па арт. 24.3 КаАП на экс-міліцыянта склалі 20 траўня ў 18:20, то-бок праз 20 хвілін пасля першага «правапарушэння». Паводле пратакола, «будучы ўжо затрыманым, Емяльянаў адмовіўся прайсці ў Савецкае РУУС і спрабаваў уцячы, чым аказаў непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі». Паводле слоў Ягора, ён нават не ведаў, што быў затрыманы, амаль да прыезду ў ЦІП на Акрэсціна.

Віны сваёй ён не прызнаў і дадаў:

— Я 17 гадоў служыў у міліцыі і ведаю, што можа быць за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі, таму я гэтага не здзяйсняў.

Сведка-міліцыянт, як заўсёды, распавядаў пра тое, што быў у форменным абмундзіраванні і пра нязгоду затрыманага прайсці за ім у будынак РУУС. Паказанні Емяльянава кардынальна адрозніваюцца ад паказанняў сведкі.

На скрыншотах з відэа, якое было зроблена ў момант затрымання на яго працоўным месцы ў фітнес-цэнтры, бачна, што ў час «здзяйснення правапарушэння» Ягор знаходзіўся на працы, а не «парушаў спакой грамадзян на вуліцы». Таксама сведкі-міліцыянты сцвярджалі, што былі ў форменным абмундзіраванні, але бачна, што насамрэч яны былі ў цывільным. Емяльянаў добраахвотна выйшаў з імі ў 18:04 без парушэння закону.



24 траўня суддзя Алена Жуковіч адмовілася далучыць да матэрыялаў справы відэа, якое абвяргае версію міліцыянтаў. Суддзя палічыла, што відэа не адносіцца да справы.

Адвакат хадайнічаў аб далучэнні відэа, на якім відаць, што ва ўказаны час Ягор разам з людзьмі ў цывільным ішоў добраахвотна, не здзяйсняючы хуліганства. Суддзя адхіліла хадайніцтва, палічыўшы, што яно не адносіцца да справы.

Для суддзі Жуковіч доказаў у матэрыялах справы аказалася дастаткова, таму яна асудзіла Емяльянава яшчэ на 15 сутак. Агулам экс-міліцыянт правядзе за кратамі 30 сутак.

Таксама стала вядома, што Ягора змясцілі ў бетонны карцар, у якім, акрамя яго, сядзяць яшчэ чатыры чалавекі.

Перазатрыманне, трэці суд і чарговыя «суткі»

У гэтую суботу, 19 чэрвеня, Ягора Емяльнава павінны былі вызваліць пасля 30-сутачнага арышту, але яго перазатрымалі. 21 чэрвеня ў судзе Савецкага раёна справу былога міліцыянта разглядзеў суддзя Аляксандр Воўк. Гэтым разам на былога міліцыянта склалі пратакол па арт. 23.4 КаАП («Непадпарадкаванне»). Паводле пратакола, калі Емяльянава вывезлі з ІЧУ ў Савецкае РУУС, то там ён «аказаў непадпарадкаванне службовай асобе, не хацеў выходзіць з машыны, упіраўся нагамі, хапаўся рукамі».

Сведка-міліцыянт «Бельскі» на судзе падчас допыту наўпрост прачытаў свае паказанні з пратакола. На судзе Емяльянаў прызнаў віну і раскаяўся.

«Я зрабіў гэта з-за свайго псіхічнага становішча пасля ізаляцыі, бо вельмі баяўся, што мяне зноў пакараюць. За час знаходжання за кратамі я зразумеў, дзе я хачу быць, дзе я хачу жыць, не парушаць закон», — сказаў на судзе 21 чэрвеня Емяльянаў.

У выніку, суддзя Воўк пакараў яго 10-сутачным арыштам. Агулам на «сутках» былы міліцыянт правядзе 40 дзён.

Паводле spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: