Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Шэсць асноўных памылак пры стварэнні петыцый

Сайт petitions.by існуе больш за два гады. За гэты час беларусы стварылі амаль 1000 петыцый, сабралі 115 тысяч подпісаў і атрымалі 655 адказаў ад дзяржаўных органаў, расказаў заснавальнік праекту Уладзімір Кавалкін.

«За два гады існавання нашай платформы мы далі «жыццё» амаль 1000 петыцый і асабістых зваротаў, якія дапамагалі і дапамагаюць зрабіць існаванне звычайных беларусаў крышачку лепшым. Шмат зваротаў да ўладаў мелі поспех. Дастаткова згадаць збор подпісаў за забарону здачы ў арэнду вадаёмаў ды вадасховішчаў ці, напрыклад, петыцыі супраць зносу Асмалоўкі альбо ўшчыльнення некаторых раёнаў».

Паводле Кавалкіна, далёка не ўсе персанальныя звароты і петыцыі маюць поспех. Частка з іх не праходзіць мадэрацыю, а некатарыя маюць вялікую колкасць памылак, якія дазваляюць чыноўнікам нават не адказваць на запыты. Асноўных памылак, паводле Кавалкіна, усяго шэсць.

1. Неразуменне закону «Аб зваротах грамадзян»


Вельмі шмат зваротаў фармуюцца праз несправядлівыя, на думку людзей, прысуды ці факты правапарушэнняў. Трэба добра разумець, што такія рэчы вырашаюць не чыноўнікі, а праваахоўныя органы і суды.

Яшчэ шмат у якіх сітуацыях пытанні вырашаюцца на мясцовым узроўні, таму дасылаць лісты адразу ж у найвышэйшыя інстанцыі зусім не абавязкова.

Спампаваць апошнюю рэдакцыю закону «Аб зваротах грамадзян» можна па спасылцы.

2. Перайменаванні


Даволі частая памылка, якая таксама адносіцца да няведання закону «Аб зваротах грамадзян». Згодна з дзейным заканадаўствам, для таго, каб перайменаваць геаграфічны аб’ект, вуліцу, плошчу і г.д., трэба правесці мясцовы рэфэрэндум. Для гэтага неабходна стварыць ініцыятыўную групу, зарэгістраваць яе і пытанне ў мясцовым выканкаме і збіраць подпісы на паперы. На практыцы такіх прэцэдэнтаў у Беларусі яшчэ не было.

3. Фармулёўкі і адсутнасць фактаў


Часам людзі ствараюць занадта эмацыйныя петыцыі ці пішуць аб праблемах, не прыводзячы фактаў. Трэба ня толькі дакладна ведаць і сфармуляваць праблему, але і прывесці доказы яе існавання, акрамя ўласных словаў. Гэта могуць быць здымкі, нейкія звесткі, замеры ці даследаванні.

4. Немагчыма зразумець, што хоча сказаць чалавек


Часам з'яўляюцца звароты, у якіх немагчыма зразумець, чаго хоча аўтар. Такіх прыкладаў няшмат, але яны існуюць. Часцей за ўсё, паводле адміністрацыі сайту, яны з'яўляюцца вясной і ўвосень.

5. «Ня бачыў, але асуджаю»


Бывае, з'яўляюцца звароты, аўтары якіх ці апісваюць праблемы, якіх наяве не існуе, ці гэтыя пытанні ўрэгуляваныя законам. Тут варта паглядзець на памылку вышэй і прыгадаць законы, якія маглі б нават тэарэтычна датычыцца праблемы.

6. Некарэктныя асабістыя звесткі


Пры рэгістрацыі як на сайце, так і падчас стварэння петыцыі альбо звароту трэба абавязкова ўказваць свае рэальныя звесткі. Чыноўнікі правяраюць іх, таму пры несапраўдных адказ проста ня прыйдзе. І гэта будзе законна.

Агулам жа, для таго, каб петыцыя была цалкам правільнай і эфектыўнай, паводле спадара Кавалкіна, трэба выканаць тры правілы:

  • Дакладна сфармуляваць сутнасць праблемы альбо пытання.
  • Прывесці максімум фактаў і пацверджанняў існавання праблемы.
  • Не толькі самому разумець, але і напісаць сваё патрабаванне да чыноўнікаў і тое, што яны павінны зрабіць.

«Ня варта баяцца звяртацца да чыноўнікаў і адказных за некаторыя праблемы прадстаўнікоў мясцовых органаў. Шмат хто з беларусаў нават не спрабуе скантактавацца з уладамі, бо лічаць, што гэта зусім не дапаможа. Ня трэба баяцца — як паказвае практыка, большасць праблемаў можна вырашыць. Звяртайцеся і змяняйце жыццё вакол сябе да лепшага!» — заклікае заснавальнік праекту petitions.by Уладзімір Кавалкін.

svaboda.org


Каментаваць