6 студзеня — у каталікоў урачыстасць Аб’яўлення Пана

6 студзеня каталікі  адзначаюць урачыстасць Аб’яўлення Пана. Яна была вядома на Усходзе яшчэ ў ІІІ стагоддзі, а праз 100 гадоў свята пачалі адзначаць і на Захадзе.



Гэты дзень называюць таксама «Тры Каралі» на ўспамін аб падзеі, калі, ідучы за зоркай, каралі (мудрацы) прыбылі ў Бэтлеем, шукаючы нованароджанага іудзейскага караля. Увайшоўшы ў стайню, яны ўбачылі Дзіця і Яго Маці, Марыю; упалі на твар і аддалі Яму пашану.

Мудрацы ахвяравалі нованароджанаму Ісусу свае дары: золата (сімвал каралеўскай годнасці), кадзіла (сімвал веры ў Ісуса як праўдзівага Бога) і міру (сімвал спаўнення прароцтваў аб прыходзе Месіі).

Iмёны мудрацоў — Каспер, Мельхiёр i Бальтазар — у Святым Пісанні не згадваюцца, іх надала хрысціянская традыцыя. Да таго ж у Евангеллi яны называюцца не каралямi, а мудрацамi. Традыцыя з часам надала iм яшчэ i каралеўскую годнасць, звязаўшы iх мiсiю, як i ўсе iншыя найважнейшыя падзеi з жыцця Ісуса, са Старым Запаветам.

З урачыстасцю Аб’яўлення Пана звязаны звычай асвячэння золата, крэйды, кадзіла і вады. Асвячонай крэйдай на дзвярах памяшканняў пішуцца літары C+М+В і цяперашні год. Надпіс азначае «Christus Mansionem Benedicat» («Няхай Хрыстус благаславіць гэты дом»), у якім значкі + азначаюць крыжыкі. Гэты надпіс таксама азначае першыя літары імён трох мудрацоў.

У гэты дзень каталіцкія вернікі маюць абавязак удзельнічаць у набажэнстве. У некаторых краінах Еўропы — Германіі, Грэцыі, Іспаніі, Італіі, Аўстрыі, Фінляндыі, Польшчы — урачыстасць Аб’яўлення Пана з’яўляецца выхадным днём.

Паводле catholic.by



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: