70+ гадзін без мабільнага інтэрнэту. З'явілася справаздача аб беларускім шатдаўне

"Беларуская абсерваторыя Інтэрнэту" падрыхтавала справаздачу аб блакаваннях Інтэрнэту ў Беларусі за перыяд са жніўня да канца кастрычніка. dev.by палічыў, колькі мы пражылі без Інтэрнэту.


"Беларуская абсерваторыя Інтэрнэту" — праект, створаны для маніторынгу блакаванняў сайтаў у беларускім сегменце інтэрнэту. Праект рэгулярна правярае даступнасць сайтаў незалежных СМІ, праваабарончых, грамадска-палітычных і іншых арганізацый, каб выяўляць магчымыя абмежаванні доступу да іх.

Паводле справаздачы, з вечара 9 да раніцы 12 жніўня ў Беларусі быў цалкам адключаны мабільны Інтэрнэт у трох беларускіх аператараў на працягу 31 гадзіны 45 хвілін.

Паводле звестак NetBlocks, у перыяд з 9 да 12 жніўня агульны час перабояў з інтэрнэт-сувяззю ў Беларусі склаў 61 гадзіну. У справаздачы "Беларускай абсерваторыі Інтэрнэту" падлічаны гадзіны поўнага адключэння мабільнага інтэрнэту за той жа перыяд.

Пачынаючы з 30 жніўня, кожную нядзелю аператары адключалі мабільны інтэрнэт "па распараджэнні дзяржаўных органаў". Перыядычна знікала сетка не толькі ў Мінску, але і ў рэгіёнах, дзе людзі актыўна пратэставалі. У сярэднім мабільны інтэрнэт адключалі на 4-5 гадзін кожную нядзелю.

Храналогія блакаванняў мабільнага інтэрнэту

30 жніўня. Час адключэння ў справаздачы не пазначаны.

6 верасня. Час адключэння ў справаздачы не пазначаны.

13 верасня. 14:50 — 19:10.

20 верасня. 14:30 — 19:00.

27 верасня. 14:15 — 19:00.

4 кастрычніка. 14:08 — 18:00.

11 кастрычніка. 13:55 — 18:50.

18 кастрычніка. 13:55 — 17:55.

25 кастрычніка. 12:00 — 18:40.

З 30 жніўня па 25 кастрычніка мабільнага інтэрнэту ў беларускіх карыстальнікаў сумарна не было на працягу больш чым 39 гадзін.

Такім чынам, за 3 паслявыбарчыя месяцы многія беларусы былі цалкам пазбаўленыя мабільнага інтэрнэту прынамсі на 71 гадзіну.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: