70 каталіцкіх святароў падпісалі хадайніцтвы аб спыненні пераследу шматдзетнай маці Вольгі Залатар

Два каталіцкіх святары напісалі паручальніцтвы за палітзняволеную Вольгу Залатар, каб яе выпусцілі з турмы. Адзін з іх — ксёндз Аляксандр Фамяных, пробашч парафіі, да якой належыць Вольга.

Вольга Залатар з сям'ёй


Таксама было напісана два хадайніцтва ў СК аб спыненні крымінальнага пераследу Залатар, якія сумарна падпісалі каля 70 каталіцкіх святароў, паведамляе тэлеграм-канал «Хрысціянская візія».

Вольга Залатар тройчы пісьмова прасіла дазволу на сустрэчу са святаром, але ёй адмаўляюць нібыта за адмову супрацоўнічаць са следствам.

Маці Вольгі, Яніна Залатар, спрабуе перадаць дачцэ малітоўнік, што дагэтуль было немагчыма. Яна дзякуе ўсім, хто моліцца за Вольгу, і спадзяецца, што ў хуткім часе яна будзе на волі, бо яна ні ў чым не вінаватая.

Вольга Залатар — беларускамоўная жыхарка Ждановічаў. Вольга скончыла Ліцэй БДУ і факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ. Вольгу называюць «маці-гераіняй», бо ў яе пяцёра непаўналетніх дзяцей: старэйшай дачцэ 17 год, малодшаму — усяго чатыры.

Жанчына была адной з назіральніц на выбарах 2020 года. Але, як і на шматлікіх іншых участках, незалежных назіральнікаў у Ждановічах сачыць за падлікам галасоў не дапусцілі.

Пасля выбараў Вольга Залатар працягнула грамадскую дзейнасць: валанцёрыла каля Акрэсціна, у судах, дапамагала людзям рознымі спосабамі.

З моманту выбараў жанчыну затрымлівалі тройчы. Першы раз Вольгу асудзілі за фота з дваравога чаявання. Паводле слоў самой Вольгі, яе нават і не было відаць на гэтым фотаздымку.

Другі раз Вольгу разам з яшчэ адной жанчынай затрымалі 28 студзеня каля мурала Паўла Латушкі: яны адмывалі фарбу з замаляванай выявы на будынку электрашчытавой. На іх склалі пратаколы па арт. 17.1 КаАП за дробнае хуліганства. Вось, што напісалі ў пратаколе ждановіцкія міліцыянты: «Знаходзячыся на вуліцы, у грамадскім месцы, са сцяны трансфарматарнай будкі, размешчанай... у а.г. Ждановічы, дзе раней фарбай чорнага колеру быў зафарбаваны намаляваны фарбай партрэт Латушкі П. П., ажыццяўляла верхні змыў фарбы ў месцы зафарбоўвання партрэта, чым груба парушыла грамадскі парадак, выяўляючы відавочную непавагу да грамадства».

Суд па гэтай справе так і не адбыўся.

Трэці раз жанчыну затрымалі літаральна праз тры дні — 31 студзеня. У той дзень напярэдадні «Усебеларускага народнага сходу» міліцыя зладзіла «хапун» на праспекце Незалежнасці, абгрунтоўваючы гэта тым, што нібыта тыя, у каго быў пакет «Суседзі» і медыцынская маска, ладзілі пікет.

Пасля гэтага затрымання Вольгу 48 гадзін утрымлівалі ў ІЧУ на Акрэсціна. Тады па ч. 3 арт. 23.34 КаАП суддзя Маскоўскага суда Таццяна Пірожнікава пакарала яе максімальным штрафам — 50 базавых (1450 рублёў).

Вольгу затрымалі 18 сакавіка, калі яна везла 10-гадовую дачку ў музычную школу на заняткі па цымбалах — яе машыну развярнулі. Ператрус праводзілі каля дзесяці супрацоўнікаў ГУБАЗіКа пры 10-гадовай дачцэ.  Пасля ператрусу Вольгу павезлі ў мясцовае аддзяленне міліцыі, дзе сказалі, што «затрыманай займаецца КДБ». Увечары Вольгу змясцілі ў ІЧУ, а на наступны дзень перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага. Ёй інкрымінуюць «Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь» — яна з’яўляецца падазраванай.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: