7 кастрычніка ў Мінску дэпутаты Бундэстагу абяруць удзельнікаў Міжнароднай парламенцкай стыпендыі

Сумоўе з мэтай адбору стыпендыятаў Міжнароднай парламенцкай стыпендыі Германскага Бундэстага на 2014 год пройдзе ў Мінску. Дэлегацыя з Германіі на чале з дэпутатам Бундэстага 17-га склікання Берндам Шэленам правядзе 7 кастрычніка 2013 года сумоўе з кандыдатамі з Беларусі на ўдзел у праграме Міжнароднай парламенцкай стыпендыі (МПС) і выбярэ стыпендыятаў. У 19:00, пасля сумоўя, у Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Іаганеса Рау (ММАЦ) адбудзецца прэс-канферэнцыя.



У рамках Міжнароднай парламенцкай стыпендыі, якая фінансуецца Германскім Бундэстагам, 120 маладых людзей з 28 краін свету атрымаюць магчымасць з 3 сакавіка па 31 ліпеня 2014 г. “знутры” пазнаёміцца з парламенцкай сістэмай Германіі і непасрэдна сутыкнуцца з дэмакратычнымі працэсамі прыняцця палітычных рашэнняў.

Стыпендыяты будуць працаваць у офісе дэпутата Бундэстага, адначасова яны будуць залічаны ў адзін з універсітэтаў Берліна і атрымаюць магчымасць наведваць лекцыі і іншыя вучэбныя мерапрыемствы.

Праграма праходзіць пад эгідай прэзідэнта Германскага Бундэстага і ажыццяўляецца ў супрацоўніцтве з трыма берлінскімі ўніверсітэтамі. Усе выдаткі на праезд, пражыванне і страхоўку, уключаючы штомесячную стыпендыю, аплачваюцца Бундэстагам.

Падчас свайго візіту ў Мінск дэлегацыя з Германіі сустрэнецца з прадстаўнікамі палітычных і дзелавых колаў, а таксама галіны адукацыі. У мэтах падтрымання кантактаў прадугледжана сустрэча са стыпендыятамі мінулых гадоў. У многіх краінах былыя стыпендыяты стварылі аб’яднанні для працягу міжкультурнага дыялогу і захавання сувязей.

Штогод, пачынаючы з лютага, Пасольства Германіі прымае дакументы для ўдзелу ў конкурсе на атрыманне Міжнароднай парламенцкай стыпендыі. Заяўкі накіроўваюцца па электроннай пошце па адрас: info@minsk.diplo.de

Больш падрабязная інфармацыя на сайце www.bundestag.de/ips

Паводле прэс-службы Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Мінску 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!