«Чорная ноч» Беларусі: што, дзе, калі

За адну ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года НКУС расстраляла больш за сотню беларускіх дзеячоў культуры розных нацыянальнасцей. У іх ліку былі Тодар Кляшторны, Міхась Зарэцкі, Мойша Кульбак, Алесь Дудар, Ізі Харык, Анатоль Вольны, Міхась Чарот, Юлі Таўбін, Платон Галавач ды інш. Гэта была кульмінацыя вынішчэння саветамі беларускіх элітаў.
У памяць пра «чорную ноч» у Беларусі пройдуць разнастайныя мерапрыемствы.

Мікалай Статкевіч запрашае 29 кастрычніка ўшанаваць памяць расстраляных паэтаў у традыцыйным «Ланцугу памяці» каля будынку КДБ на пр. Незалежнасці ў Мінску. Пачатак а 19 гадзіне.
«Заклікаю ўсіх, хто памятае і разумее, узяць удзел у традыцыйным «Ланцугу памяці» каля таго месца, дзе адбылося масавае забойства беларускай культурнай эліты. Калі мы адкрыта і публічна не асуджаем ранейшыя ці сённяшнія злачынствы ўлады, то фактычна прымаем іх», – напісаў палітык на сваёй старонцы ў фейсбуку.

Канцэртная прэм'ера праекту «(Не)расстраляная паэзія» ад парталу TuzinFm адбудзецца 29 кастрычніка ў мінскім клубе «Бруге» (пр-т Партызанскі, 6а). Пачатак а 19 гадзіне.

У арт-прасторы «ВЕРХ» (вул. Куйбышава, 22, 6-ты паверх) 29 кастрычніка культурна-асветніцкая ўстанова «Культура роднага краю» і Віртуальны музэй савецкіх рэпрэсій у Беларусі ладзяць музычна-літаратурную праграму на словы рэпрэсаваных паэтаў «У цемры восеньскай начы».
У праграме:
-гурт “БАЛЦКІ СУБСТРАТ”,
-барды Аляксей Жбанаў і Раман Яраш,
-відэа-прэзэнтацыя Віртуальнага музэю савецкіх рэпрэсій у Беларусі.
Пачатак у 22:00. Уваход вольны.

Малады Фронт прапануе ўшанаваць ахвяраў рэпрэсій літаратурнымі чытаннямі ў Курапатах. «Ноч паэтаў» пачнецца 29 кастрычніка а 23 гадзіне і працягнецца да самай раніцы.  У імпрэзе абяцаюць удзел гісторыкаў, паэтаў і музыкаў. Апранайцеся пацяплей, бярыце з сабой тэрмасы з гарбатай і шмат знічак.

30 кастрычніка Саюз беларускіх пісьменнікаў запрашае ўшанаваць памяць усіх ахвяр сталінскага палітычнага тэрору. Удзел у вечарыне бяруць: Радзім Гарэцкі, Марат Гаравы, Анатоль Сідарэвіч, Алесь Пашкевіч, Міхась Скобла, Ірына Багдановіч, Аксана Данільчык, Марына Шыбко.
Музычная частка: бард Таццяна Грыневіч
Імпрэза адбудзецца ў галерэі TUT.BY (Мінск, праспект Дзяржынскага, 57, ст.м. "Міхалова"). Пачатак у 18.30. Уваход вольны.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: