83-гадовага Яна Грыба аштрафавалі за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі

Кастрычніцкі суд Мінска 15 студзеня аштрафаваў на 810 рублёў 83-гадовага Яна Грыба за ўдзел у пратэстах супраць інтэграцыі Беларусі з Расіяй, перадае Радыё Свабода.
Паводле міліцыянта, Грыб удзельнічаў у акцыі 21 студзеня і з'явіўся на Кастрычніцкай плошчы а 14.00. Грыб сцвярджаў, што прыехаў на Кастрычніцкую плошчу а 16.00, каб сустрэцца з Паўлам Севярынцам. У той час пратэстоўцы ўжо разыходзіліся, піша «Прававая ініцыятыва».

На судзе Грыб сказаў, што суды над удзельнікамі акцый за незалежнасць нагадваюць яму трыццатыя гады, і цяпер судзяць усіх людзей, якім неабыякавая Беларусь.

Яна Грыба часта можна пабачыць на апазіцыйных акцыях у Мінску.

Ён нарадзіўся ў 1936 годзе на Палессі. Быў лётчыкам вайсковай авіяцыі на Далёкім Усходзе. Камісаваны па стане здароўя, прыехаў у Мінск. Скончыў фізічны факультэт БДУ, працаваў выкладчыкам у розных вучэльнях, з якіх яго неаднаразова звальнялі за дэмакратычныя погляды.

25 сакавіка 2017 года фота з гвалтоўным затрыманнем 80-гадовага ўдзельніка мірнай акцый на Дзень Волі ў Мінску абляцелі сусветныя медыя. Грыба намінавалі на атрыманне памятнага знаку імя Віктара Івашкевіча.



Паводле svaboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: