9 жніўня стаў для мяне самым страшным днём у жыцці. Экс-студэнтка пра пратэсты і адлічэнне

Надзі Сядун нядаўна споўнілася 20 гадоў. Яна вучылася на лагіста ў БДЭУ, але яе адлічылі за адміністрацыйнае правапарушэнне паводле артыкулу 23.34 КаАП РБ. Пра студэнцкія акцыі, суды і планы на жыццё пасля адлічэння дзяўчына распавяла LADY.TUT.BY.

Фота: Дар'я Буракіна

Яшчэ ў школе Надзя пачала цікавіцца палітыкай, хадзіла на ўрокі ў майцы з «Пагоняй» і з бел-чырвона-белай стужачкай на торбе.

Усё пайшло з твітару. Раней я думала, што ў нас у краіне ёсць адзін дзядзька-прэзідэнт, які ўсім руліць, — і людзям нармальна. Потым я даведалася, што ў нас ёсць апазіцыя. Гадоў з чатырнаццаці я была падпісаная на Ігара Лосіка, Эдуарда Пальчыса, Зміцера Дашкевіча. У іх блогах даведвалася новае пра палітыку, пра тое, што робіць апазіцыя, і ўсё такое.

 

16-гадовая Надзя. Фота з асабістага архіва гераіні

Актыўна выказваць сваю грамадзянскую пазіцыю Надзя пачала яшчэ да падзей жніўня. Спачатку яна была ў ініцыятыўнай групе Віктара Бабарыкі. Потым пачала выходзіць у ланцугі салідарнасці. 7 жніўня яна разам з групай хлопцаў са свайго ўніверсітэта запісала відэазварот да выкладчыкаў, якія сядзелі ў выбарчых камісіях.

На наступны дзень мне абрывалі тэлефон, таму што наша відэа разляцелася па сетцы. Знаёмыя выпускнікі тэлефанавалі, перажывалі, давалі кантакты юрыстаў. Зразумела было, што проста так гэта не пакінуць, але мы спадзяваліся, што да пачатку навучальнага года сітуацыя зменіцца.

Далей былі выбары. Да 9 жніўня мама Надзі спрабавала адгаварыць сваю дачку ад актыўнага ўдзелу ў пратэстах, угаворвала заставацца дома і ўвесь час пыталася, навошта ёй выказваць сваю пазіцыю. Пасля разгонаў 9 жніўня Надзя паказала ёй фота і відэа, на наступны дзень перад выхадам яна пачула ад маці толькі: «Бегай хутка і хавайся, як заяц».

 

Фота з асабістага архіва гераіні

 

— 9 жніўня стаў для мяне самым страшным днём у жыцці. Я ніколі да гэтага не сутыкалася з гвалтам, і за адзін вечар убачыла яго больш, чым за 19 гадоў. Некалькіх нашых сяброў у той дзень забралі, і калі мы з сяброўкай выходзілі 10 жніўня, мы выразна вырашылі, што сёння павінны заняць нечае месца ў аўтазаку. Проста таму, што спадзяваліся: нас не будуць біць.

Надзя прызнаецца, што і пасля прымала ўдзел у акцыях пратэсту — у тым ліку, і ў універсітэцкіх.

 

Фота з асабістага архіва гераіні

 

Нас усіх ужо ведалі ў твар. Пастаянна выклікалі ў дэканат, мы пісалі мноства тлумачальных, але ніякіх сілавых мер да студэнтаў не ўжывалі. 12 кастрычніка быў вельмі жорсткі разгон на маршы пенсіянераў, таму 13-га мы выйшлі на прыступкі ўніверсітэта на сядзячую акцыю. На наступны дзень нас выклікалі на савет прафілактыкі, далі вымову.

На гэтым жа тыдні ў 7 гадзін раніцы да Надзі дадому прыйшлі супрацоўнікі міліцыі. Яе мама адказала, што дома ўсё спяць, не адчыніла дзверы, і яны проста сышлі. На пары дзяўчына ехала з двума камплектамі бялізны, сурвэткамі, зубной шчоткай і пастай.

Выкладчыку адразу сказала: ёсць верагоднасць, што мяне забяруць наўпрост з пары. Праз некалькі гадзін з міліцыі патэлефанавалі майму бацьку і папрасілі даставіць мяне ў аддзяленне міліцыі. Там мяне дапытвалі наконт удзелу ў акцыях, паказвалі раздрукаваныя фатаграфіі з інстаграма. У канцы міліцыянты знялі на відэа маё абяцанне больш не хадзіць на пратэсты, вынеслі мне афіцыйнае папярэджанне і адпусцілі.

Праз два дні Надзю выклікалі ў дэканат і ўручылі позву ў Заводскае РУУС. Аказалася, што ўсе хлопцы, якія атрымалі вымовы за сядзячую акцыю, прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці. Прарэктар па выхаваўчай рабоце падаў на студэнтаў заяву ў міліцыю.

На судзе нам давалі па 15 базавых. Ужо тады былі размовы пра тое, што нас адлічаць. Адразу пасля суда я вырашыла сімвалічна зайсці ва ўнівер, у апошні раз выпіць кавы. На ўваходзе аказалася, што мой пропуск ужо быў заблакаваны. Пра сваё адлічэнне я даведалася з тэлеграм-канала «адлічана». З аднаго боку, гэта было чакана, але да такога ўсё роўна нельга падрыхтавацца. У загадзе на адлічэнне быў спіс з 11 чалавек. Праз коску былі прапісаны прычыны: пропуск заняткаў, парушэнне правілаў унутранага распарадку, адміністрацыйныя правапарушэнні, адміністрацыйныя арышты.

 

Фота: Citydog.by

Цяпер Надзю ўжо прынялі на стыпендыяльную праграму Каліноўскага. Яна вучыць польскую мову, а ўвосень у яе пачнецца навучальны семестр. Дзяўчына да апошняга не хацела з'язджаць, але ў нейкі момант вырашыла, што «калі жыццё падкідвае лімоны, трэба рабіць з іх ліманад». Сабрала атэстат, позвы, загад аб адлічэнні, запоўніла пару анкет — і прайшла сумоўе. Надзя спадзяецца, што яе навучанне зойме максімум два гады, і яна зможа як мага хутчэй вярнуцца дадому.

— На адной з акцый я сядзела з плакатам «Любоў мацней за страх». Для мяне любоў да маёй краіны, да людзей і да таго, што мы зрабілі, на самай справе мацней за ўсялякі страх.

Паводле lady.tut.by, пераклад НЧ

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: