«А тата дакладна не памёр?» Святлана Ціханоўская распавяла, як ёй жывецца без мужа, а яе дзецям — без бацькі

Сёння блогеру, экс-кандыдату ў прэзідэнты і мужу Святланы Ціханоўскай Сяргею Ціханоўскаму працягнулі тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на тры месяцы. У зняволенні ён прабудзе як мінімум да канца лютага 2021 года.
Сяргея затрымалі 29 траўня. Цяпер яму ставяць у віну арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (Частка першая артыкула 342 КК), перашкода працы ЦВК (артыкул 191 КК) і распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці (Частка трэцяя артыкула 130 КК). Ціханоўскі знаходзіцца ў турме ўжо паўгода.
З гэтай нагоды Святлана Ціханоўская запісала відэа — для Ціханоўскага і іншых палітычных зняволеных.

Фота БелаПАН

«Ужо паўгода Сяргей Ціханоўскі ў турме, — цытуе Святлану Ціханоўскую «Куку». — Ужо паўгода я размаўляю з мужам толькі праз адвакатаў і лісты. За ўсе паўгода я толькі адзін раз чула яго голас.

Ужо паўгода дзеці задаюць пытанне, калі вернецца іх тата. Нядаўна дачка спытала мяне: «А тата дакладна не памёр?» Гэта страшна, калі пяцігадовае дзіця задае такія пытанні. Але яшчэ страшней, што сем'яў, якія сутыкнуліся з гэтым горам, вельмі шмат.

Са жніўня больш за 30 тысяч беларусаў былі затрыманыя на вулічных пратэстах. Сотні з іх прайшлі праз гвалт з боку сілавікоў і катаванні ў РУУС. І прама цяпер у нашай краіне 145 палітвязняў. Кожны з іх — чыёсьці дзіця, чыйсьці бацька, муж ці брат. Я ведаю, што сярод іх ёсць тыя, хто не ўбачыць нараджэння свайго першынца, таму што знаходзіцца ў турме. Сярод іх ёсць тыя, хто страціць свой бізнэс, бо рахункі кампаній арыштаваныя. Сярод іх ёсць тыя, хто заразіцца каронавірусам і не атрымае ніякага лячэння, і сапсуе здароўе на ўсё жыццё.

Але галоўнае — ніхто з гэтых людзей не здзяйсняў злачынстваў. Кожны з іх схаваны ў турму толькі за тое, што запатрабаваў павагі да сябе як да беларуса. Кожны з іх паплаціўся сваёй свабодай за нашу агульную справу.

Я не заўсёды знаходжу, што адказаць дзецям на пытанні пра тату. Але я зраблю ўсё, каб Сяргей Ціханоўскі, як і ўсе палітвязні і арыштаваныя на суткі, вярнуўся дадому. Мы працягнем нашу барацьбу, каб беларусаў больш ніхто не затрымліваў і не збіваў за іх грамадзянскую пазіцыю. І я веру, што разам мы даможамся свабоды для членаў нашых сем'яў і для нашай галоўнай вялікай сям'і — народа Беларусі».




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: