А ты ведаеш, што расце пад нагамі?

Падпісвайце знаёмыя вам расліны крэйдай па-беларуску ці па-руску, дадавайце хэштэг #расліныгорада і змяшчайце фота надпісу ды расліны з гэтым жа хэштэгам у сваіх сацсетках!

Беларусы падхапілі ініцыятыву еўрапейскіх батанікаў і цяпер на сталічных вуліцах з’явіліся подпісы з назвамі раслін, што растуць на ўзбочынах і паміж тратуарных пліт. Валанцёры грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) хочуць перадаць эстафету далей, каб “крэйдавай батанікай” захапіліся і рэгіёны.

Адным з заснавальнікаў незвычайнай ініцыятывы лічыцца французскі батанік Барыс Прэсэк, які летась пачаў падпісваць крэйдай назвы гарадскіх раслін для таго, каб людзі ўсвядомілі прысутнасць дзікай расліннасці, зацікавіліся ёй і пачалі ставіцца да яе з павагай.

Запуск акцыі ў Беларусі прымеркаваны да Сусветнага дня аховы навакольнага асяроддзя, які святкуецца 5 чэрвеня. Акцыя – добрая нагода, каб спыніцца і звярнуць увагу на прыгажосць нашых раслін, даведацца пра важнасць раслін для харчовых ланцужкоў, для насякомых і птушак.

У сталіцы расце каля 400 (!) відаў абарыгеннай флоры, уключаючы каля 19 раслін з Чырвонай кнігі.

У Мінску надпісы крэйдай ужо з’явіліся на выхадзе са станцыі метро Няміга, на Кастрычніцкай вуліцы, на Камароўцы, каля завода “Луч” ды ў іншых месцах.


Старшы навуковы супрацоўнік Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі Аркадзь Скуратовіч кажа: “Сярод самых распаўсюджаных дзікіх раслін у Мінску, якія дастаткова лёгка адрозніць, можна назваць метлюжок аднагадовы (мятлик однолетний), васілёк сіні, дзьмухавец лекавы (одуванчик лекарственный), стрэлкі (пастушья сумка), крынічнік дуброўку (веронику дубравную), купкоўку зборную (ежу сборную), крываўнік (тысячелистник). Зараз пачаў квітнець прыгожы злак — дрыжнік (трясунка). Каля Свіслачы можа сустрэцца лісахвост звычайны, абапал дарожак — мяшэй (щетинник), а на пустках, сметнішчах і каля хмызоў расце крапіва і сардэчнік (пустырник).”


Як далучыцца да акцыі?

Падпісвайце знаёмыя вам расліны крэйдай па-беларуску ці па-руску, дадавайце хэштэг #расліныгорада і змяшчайце фота надпісу ды расліны з гэтым жа хэштэгам у сваіх сацсетках!

Калі вам цяжка вызначыць расліну, скарыстайцеся вызначальнікамі, мабільным дадаткам plantsnap або спытайце знаёмых.

Аліса Матавілава, спецыялістка АПБ па сувязях з грамадскасцю:

“Жывучы ў горадзе, часта ўспрымаеш "пустазелле" за недагледжанасць, а дрэвы ўздоўж праспекта — за дэкарацыі. З дапамогай крэйдавай батанікі мы хочам заявіць, што ўсе расліны — разнастайныя віды жыцця ў горадзе. Прырода блізка, трэба толькі звярнуць увагу — і свет паўстане больш цікавым, напоўненым.”

Акцыя праводзіцца ў партнёрстве з Інстытутам эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі.

Бярыце з сабою на шпацыр крэйду і дапамагайце "ажывіць" навакольнае асяроддзе!


Паводле прэс-рэлізу 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: