ААН: да 2050 года беларусаў стане меней, а вяскоўцаў — аж у 2 разы

Сельскае насельніцтва Беларусі скараціцца ў 2 разы да 2050 года, перакананыя эксперты ААН
Вёска Краснае Маладзечанскага раёну. Фота wikimedia.org

Вёска Краснае Маладзечанскага раёну. Фота wikimedia.org

Міжнародныя эксперты чакаюць, што жыхароў у Беларусі ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі будзе менш з кожным годам аж да канца стагоддзя. На гэтым фоне асабліва рэзка знізіцца колькасць сельскага насельніцтва нашай краіны — у два разы, гаворыцца ў апошнім дакладзе ААН. 

Вёска, якая нас корміць

Зараз у Беларусі прыкладна 2 мільёна чалавек жывуць у сельскай мясцовасці, у 2050 годзе іх колькасць скараціцца на цэлы мільён, а гарадское насельніцтва пры гэтым толькі на 137 тысяч чалавек, прагназуе Дэпартамент па эканамічных і сацыяльных пытаннях ААН. Такім чынам у гарадах будзе жыць амаль 90% насельніцтва Беларусі.

Пры гэтым ужо зараз насельніцтва амаль усіх раёнаў Беларусі скарачаецца, прычым чыста эканамічныя сродкі падтрымання нараджальнасці ўжо амаль не дзейнічаюць, адзначаюць беларускія эксперты. Больш за тое, менавіта сельскія раёны Беларусі паказвалі пакуль большую нараджальнасць у пераліку на адну жанчыну, чым гарадскія, а значыць, падзенне насельніцтва ў вёсках заўважна пагоршыць агульнанацыянальную дэмаграфію.

 

Больш, чым у суседзяў

Па ўрбанізацыі — адсотку гарадскога насельніцтва — Беларусь ужо на першых месцах як у Усходняй Еўропе, гэтак і ў Еўропе ў цэлым. Гэтак, калі сярэдняя доля гарадскіх жыхароў у Усходняй Еўропе складае каля 70%, а ў Еўропе ў цэлым каля 75%, то ў Беларусі амаль чатыры пятых насельніцтва жыве ў гарадах.

 

Будаўніцтва жытла ў Менску. Фота: belarus-mtz.by

 

Сярод нашых суседзяў максімальная доля ўрбанізацыі ў Расеі — 75 адсоткаў, а мінімальная ў Польшчы — каля 60%. Латвія, Літва і Украіна маюць каля 70% гарадскога насельніцтва. Пры тым ААН прагназуе, што насельніцтва Менску будзе ўвесь час расці, а ў 2030 годзе ў Менску і яшчэ 5 гарадах Беларусі будзе жыць больш за 4 мільёны чалавек. 

Адмоўная дынаміка

Зараз па афіцыйных дадзеных у Беларусі жыве прыкладна 9,484 мільёна чалавек. У пачатку 1990-х насельніцтва нашай краіны дасягнула максімуму і перакрочыла адзнаку ў 10 мільёнаў, аднак потым пачалося скарачэнне. 

Сітуацыя быццам б пачала выпраўляцца з 2013-х года, аднак у 2017-м падзенне аднавілася, паказваюць дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэту.

Дэпартамент па эканамічных і сацыяльных пытаннях ААН пакуль прагназуе, што колькасць жыхароў Беларусі будзе зніжацца і надалей — да 9,415 мільёна ў 2020 годзе, да 8,995 мільёна ў 2035 годзе. У 2075 годзе пры захаванні такой дынамікі нас ужо будзе менш за 8 мільёнаў.

«Перш за ўсё зніжэнне росту насельніцтва наўпрост значыць скарачэнне працуючых. Ёсць і дадатковы ўскосны адмоўны ўплыў — скарачэнне колькасці актыўнага насельніцтва вядзе да росту падатковай нагрузкі на кожнага працуючага, што будзе зніжаць жаданне людзей працаваць», — адзначаецца ў даследванні на сайце Федэральнай рэзэрвнай сістэмы ЗША.

 

Даследаванне Міжнароднага валютнага фонду, якое было праведзена ў 2004 годзе, сведчыць, што рост на 1 адсоткавы пункт (напрыклад, да 60% з 59%) долі працаздольнага насельніцтва (з 15 да 64 год) падвышае рост валавога ўнутранага прадукту краіны на аднаго жыхара на 8 адсоткавых пунктаў. Адпаведнае старэнне насельніцтва наадварот прыводзіць да падзення росту ВУП на 4 адсоткавых пункта.

Гэта азначае скарачэнне і так невялікіх сродкаў, якія Беларусь выдаткоўвае на адукацыю насельніцтва, сацыяльнае падтрыманне, нацыянальную абарону, а значыць і пагрозу да самога існавання беларускай дзяржавы.

belsat.eu


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць