ААН занепакоеная прысудам Віктару Бабарыку

ААН занепакоеная прысудам экс-кіраўніку «Белгазпрамбанка» Віктару Бабарыку і заклікае ўсе палітычныя сілы Беларусі да дыялогу.

Віктар Бабарыка ў судзе


Пра гэта заявіў у аўторак афіцыйны прадстаўнік Генеральнага сакратара ААН Стэфан Дзюжарык, паведамляе АФН.

«Мы бачылі гэтыя паведамленні, яны выклікаюць занепакоенасць. Мы зноў заклікаем да адкрытага дыялогу ўсіх палітычных сілаў у Беларусі», — заявіў Дзюжарык падчас брыфінгу.

Віктара Бабарыку, былога старшыню праўлення «Белгазпрамбанка», затрымалі разам з сынам 18 чэрвеня 2020 года. На той момант ён быў самым папулярным апанентам Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах. У выніку яго не дапусцілі да выбараў, адмовіўшы ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты на падставе ліста з КДК у ЦВК, у якім пералічваліся нібыта злачынствы і незаконныя даходы Бабарыкі.

Пазней выявілася, што абвінавачанне адмовілася ад эпізоду «нясплата падаткаў» — але менавіта з гэтай прычыны Бабарыку не зарэгістравалі кандыдатам у прэзідэнты.

Суд пачаўся 17 лютага. На пасяджэнні 6 красавіка Бабарыка заявіў пра сфабрыкаванасць справы і адмовіўся даваць паказанні. 21 чэрвеня на працэсе пачаліся спрэчкі бакоў. Бабарыку абвінавачвалі у легалізацыі злачынных даходаў і атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры.

22 чэрвеня пракурор Сяргей Гіргель папрасіў пакараць былога банкіра 15 гадамі зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму праз абвінавачанне ў атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 КК) і легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (ч. 2 арт. 235 КК). Гэта максімальны тэрмін, які маглі запытаць пры выстаўленых яму абвінавачаннях. Паводле дзяржаўнага абвінаваўцы, «віна знайшла пацвярджэнне цалкам».

Адвакат Бабарыкі Наталля Мацкевіч заявіла, што следства было праведзена неаб’ектыўна і з парушэннем правоў абвінавачаных. На думку абароны, крымінальны пераслед Бабарыкі звязаны з тым, што ён заявіў аб сваім удзеле ў выбарах.

Вярхоўны суд 6 ліпеня прысудзіў Віктара Бабарыку 14 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Беларускія праваабаронцы лічаць Віктара Бабарыку палітычным зняволеным.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: