Абарона Курапатаў: новы раўнд

Чым скончыцца чарговы раўнд супрацьстаяння ў Курапатах — сказаць пакуль немагчыма. Але, калі б і раней актывісты задумваліся, «чым гэта скончыцца» і «да чаго гэта прывядзе» — Курапатаў, напэўна, ужо б не існавала.


Планаванае адкрыццё рэстарацыі «Паедзем паядзім» каля ўрочышча Курапаты ўзняло чарговую хвалю абмеркавання пра лёс Нацыянальнага некропалю.

Нагадаем, што 1 чэрвеня ў сумнавядомым забаўляльным комплексе, больш вядомым пад мянушкай «Бульбаш-хол» павінна была адкрыцца рэстарацыя «Паедзем паядзім». Гэта і ўзрушыла грамадскасць, бо сам комплекс знаходзіцца ў 50 метрах ля урочышча, дзе ў сталінскія часы расстрэльвалі бязвінных людзей. Прычым, грамадскасць лічыць, што гэты комплекс пабудаваны з яўнымі парушэннямі закона. Яго будоўля пачалася ў 2012 годзе, калі ахоўная зона вакол Некропалю складала 150 метраў. Пасля пратэстаў актывістаў будоўля не спынілася, наадварот — у 2013 годзе Міністэрства культуры зменшыла ахоўную зону да 50 метраў, такім чынам «узаконіўшы» ўзвядзенне забаўляльнага цэнтра.

Пасля атрымання інфармацыі пра адкрыццё рэстарацыі, 30 траўня абаронцы Курапатаў у Мнску правялі нараду «ўсіх, гатовых спыніць новы “Бульбаш-хол”». Яны вызначылі план дзеянняў на бліжэйшыя дні.

31 траўня актывісты наведалі Мінаблвыканкам і Міністэрства культуры, куды перадалі петыцыі супраць адкрыцця рэстарацыі. У Мінаблвыканкаме паабяцалі, што 1 чэрвеня аб’ект не адкрыецца.

Увечары 31 траўня актывісты зладзілі перфоманс ля «Паедзем паядзім». Яна скончылася затрыманнем Вольгі Мікалайчык, якая ноч правяла ў Савецкім РУУС сталіцы. На яе складзены пратакол за несанкцыянаванае пікетаванне.

1 чэрвеня на заклік Паўла Севярынца ля Курапацкага крыжа сабралося каля 15 чалавек. Сам Севярынец сказаў, што «пікет рэстарацыі адбудзецца ў любым выпадку, адкрыецца рэстарацыя, ці не». Па яго меркаванні, такога аб’екта ў зоне мемарыяла быць увогуле не павінна.



«Мы заклікаем уласнікаў перадаць — не прадаць, не абвясціць аўкцыён, а перадаць, — гэты аб’ект пад музей сталінскіх рэпрэсій. Па-першае, гэта адразу ўзаконіць аб’ект, бо музей рэпрэсій можа існаваць у ахоўнай зоне Курапатаў. Па-другое, уласнікі атрымаюць каласальны іміджавы плюс: пра гэта напішуць усе. Па-трэцяе, здымаецца праблема наведвальнасці комплексу», — лічыць Севярынец.

Інакш, адзначыў адзін з лідараў беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў, уласнікаў рэстарацыі чакае вельмі складанае жыццё. Мала таго, што комплекс будзе рэгулярна пікетавацца. Актывісты маюць намер выстройвацца ў чэргі па кнігу скаргаў, каб запісаць туды сваю нязгоду з існаваннем такога аб’екта ўвогуле. Так што, магчыма, наведвальнікаў у гэтай рэстарацыі не будзе зусім. Каму цікава прыехаць паесці, а трапіць у буйны скандал?


Па словах таго ж Севярынца, дадатковае абурэнне выклікае і дата адкрыцця рэстарацыі. Справа ў тым, што 3 чэрвеня якраз спаўняецца 30 гадоў з публікацыі ў газеце «Літаратура і Мастацтва» артыкула Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты: дарога смерці» (з прадмовай, дарэчы, Васіля Быкава). Менавіта гэты артыкул распавёў пра ўрочышча Курапаты і з яго, можна сказаць, пачалося падзенне камуністычнай сістэмы ў БССР.

Таму 1 чэрвеня актывісты мелі намер пікетаваць адкрыццё рэстарацыі. 2 чэрвеня маладзёны плануюць усталяваць у Курапатах традыцыйную ўжо «вахту» з намётамі. Колькі будзе намётаў, пакуль невядома. Апроч таго, у 12 гадзін у Курапатах пройдзе бясплатная экскурсія.

3 чэрвеня ва ўрочышчы пройдзе дазволены ўладамі мітынг Кансерватыўна-хрысціянскай партыі-БНФ, прысвечаны якраз 30-годдзю з’яўлення артыкула ў «ЛіМе».

І 4 чэрвеня актывісты зноў збяруцца ў Мінску і будуць вырашаць, што яшчэ можна зрабіць з «Бульбаш-холам» у цэлым, і «Паедзем паядзім» у прыватнасці.

Памаліўшыся, актывісты ад крыжа рушылі да рэстарацыі. Але, як і меркавалася, рэстарацыя адчыненая не была.

Таму актывісты пад плотам будынку сталі ў ланцужок, трымаючы ў руках мішэні (як сімвал расстрэлаў), і па літары лозунг «Не кабак, а музей». Пад плотам яны прастаялі каля 45 хвілінаў, раздаючы інтэрв’ю і прыцягваючы ўвагу да праблемы. А потым пачалі разыходзіцца, прымацаваўшы да плоту літары, якія яны трымалі ў руках.


Апроч «акцый наўпроставага дзеяння» Камітэт уратавання мемарыялу Курапаты праз платформу change.org збірае подпісы пад петыцыяй «Музей сталінскіх рэпрэсій, а не кабак!». У петыцыі ёсць некалькі патрабаванняў: тэрмінова скасаваць усе дазволы на існаванне рэстарацыі, «якія з’яўляюцца незаконнымі з самага пачатку будаўніцтва»; пакінуць ахоўныя зоны (у тым ліку зоны рэгуляванай забудовы) для патрэб мемарыялу першай катэгорыі міжнароднай значнасці, якімі з’яўляюцца Курапаты; на базе пабудаванага комплексу адкрыць музей ахвяраў сталінскіх рэпрэсій; спыніць здзекі з памяці закатаваных ахвяраў сталінскага тэрору; паважліва ставіцца да памяці рэпрэсаваных.

Чым скончыцца чарговы раўнд супрацьстаяння ў Курапатах — сказаць пакуль немагчыма. Але, калі б і раней актывісты задумваліся, «чым гэта скончыцца» і «да чаго гэта прывядзе» — Курапатаў, напэўна, ужо б не існавала. Яны проста ішлі, і рабілі тое, што лічылі патрэбным. І раней гэта спрацоўвала. Ёсць усе шанцы на тое, што спрацуе і зараз.

Прынамсі, лёгка паесці ў «Паедзем паядзім» не атрымаецца.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: