Абарона Сяргея Ціханоўскага накіравала ў Генпракуратуру скаргу

Абарона Сяргея Ціханоўскага 4 мая накіравала ў Генеральную пракуратуру скаргу на парушэнне права падабароннага на прыватнасць пры зносінах з адвакатам, паведамляе «Радыё Рацыя» са спасылкай на «БелаПАН».
Увечары 28 красавіка на тэлеканале ОНТ у фільме «Забіць прэзідэнта» быў паказаны фрагмент размовы Аляксандра Лукашэнкі з Сяргеем Ціханоўскім — відэаблогерам, мужам беларускай дэмакратычнай лідаркі, экс-кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай — у СІЗА КДБ 10 кастрычніка мінулага года. З яго вынікае, што Лукашэнка ведае змест канфідэнцыйнай гутаркі Ціханоўскага з адвакаткай пра яго сына Колю. У фільме таксама паказалі фрагмент гутаркі Ціханоўскага з адвакаткай. Верагодна, менавіта пра гэтыя зносіны Лукашэнка ўзгадаў падчас размовы ў СІЗА.

Адвакатка Сяргея Ціханоўскага Наталля Мацкевіч адзначыла, што размова пра малодшага сына Лукашэнкі паміж ёй і Ціханоўскім адбылася летам 2020 года. Паводле яе слоў, паказаныя ў эфіры ОНТ кадры яе сустрэчы з падабаронным з’яўляюцца «грэбаваннем з боку дзяржканала заканадаўствам Рэспублікі Беларусі».

«Таямніца зносін з адвакатам — гэта як таямніца споведзі, як медыцынская таямніца, не кажучы ўжо пра тое, што гэта канстытуцыйнае, фундаментальнае права на прыватнасць пры зносінах з абаронцамі, прадугледжанае міжнароднымі дакументамі і заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, і яно непахіснае і не можа быць ні пры якіх умовах абмежаванае», — падкрэсліла Мацкевіч.

Адвакатка звярнула ўвагу, што ў заканадаўстве ёсць шэраг норм, якія рэгулююць гэтыя пытанні: Крымінальна-працэсуальны кодэкс, «Закон аб адвакатуры», унутраная інструкцыя МУС аб тым, у якіх умовах праходзяць спатканні, «Закон аб парадку і ўмовах утрымання асоб пад вартай». «Згодна з гэтымі дакументамі павінна быць забяспечаная канфідэнцыйнасць. Гэта азначае, што змест размовы адваката і кліента ніхто не павінен ведаць, тым больш запісваць і даводзіць да агульнага ведама», — канстатавала яна.

У скарзе абарона просіць Генпракуратуру, якая павінна сачыць за выкананнем заканадаўства, прызнаць парушэнне гэтага права, усталяваць органы і асоб, адказных за яго парушэнне, прыняць меры для таго, каб гэта не паўтаралася ў будучыні.

«Гэта праблема не адной сітуацыі. Калі кабінеты ў следчым ізалятары абсталяваныя такім чынам, калі так можна, то любы адвакат і любы чалавек, які знаходзіцца пад вартай, можа аказацца ў такой сітуацыі. Гэта не прыватная праблема, а, па сутнасці, праблема ўсяго права на абарону», — перакананая адвакатка.

Абарона Ціханоўскага таксама накіравала па гэтым факце зварот у Беларускую рэспубліканскую калегію адвакатаў, у якім згадала, што калегія закліканая ў такіх сітуацыях абараняць правы адвакатаў, у тым ліку на канфідэнцыйныя зносіны з кліентам. «Калегія павінна ў межах сваёй кампетэнцыі на гэты факт адрэагаваць нават без майго звароту», — канстатавала Мацкевіч.

Паводле інфармацыі Следчага камітэта, Ціханоўскага абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў у 2020 годзе (ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса); распаўсюджванні групай асоб паводле папярэдняй змовы матэрыялаў, скіраваных на распальванне сацыяльнай варожасці супраць прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў (ч. 3 арт. 130 КК); пагрозах на адрас старшыні Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзіі Ярмошынай (ч. 2 арт. 191 КК); арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з ужываннем гвалту ў дачыненні да прадстаўнікоў улады (ч. 1 арт. 342 КК).

Крымінальная справа ў дачыненні да Ціханоўскага і «набліжаных да яго асоб» перададзеная пракурору для накіравання ў суд.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: