Абаронца Курапатаў шукае працу і хоча стварыць сайт знаёмстваў для людзей з інваліднасцю

З Рыгорам Сасевым я пазнаёмілася ў Курапатах: ён — удзельнік варты ля скандальнага рэстарану «Поедем поедим». Хлопец з пранізлівымі блакітнымі вачыма распавёў пра сваю бяду: больш за паўгода ён не можа знайсці працу. Вырашыць гэтае пытанне перашкаджае інваліднасць.
Рыгор Сасеў

Рыгор Сасеў

Рыгор нарадзіўся ў Мінску, яго бацькі памерлі, ён жыве са сваякамі. Хлопцу 23 гады, у яго ДЦП і другая працоўная група інваліднасці. Праз праблемы з маўленнем не адразу ўдаецца зразумець, што ён кажа, але хутка прызвычайваешся і вядзеш гутарку — Рыгор адкрыты і камунікабельны чалавек.

 Я вучыўся ў дапаможнай школе-інтэрнаце № 11. Потым скончыў каледж лёгкай прамысловасці па спецыяльнасці абутнік. Пасля каледжа працаваў у пахавальным бюро — рабіў кветкі. Я туды ўладкаваўся праз цэнтр занятасці, але мне там не заплацілі.

Рыгор звольніўся і ўзяўся за пошукі новай працы. Але спачатку знайшоў журналістку, якая напісала пра яго, — і дзякуючы гэтаму неўзабаве знайшлася праца.

 Мяне ўзялі ў юрыдычную кампанію, там я займаўся інвентарызацыяй. Я адпрацаваў тры месяцы, і ў майго начальніка скончылася праца.

З лістапада 2018 года Рыгор без працы. Ён жыве на пенсію па інваліднасці — 313 рублёў у месяц. На пытанне, як можна пражыць на такія грошы, Рыгор аджартоўваецца: «На дзяўчат хапае». А потым дадае ўжо сур'ёзна: «Я збіраю на фотаапарат — хачу прафесійна фатаграфаваць».

 Яшчэ мне падабаецца вэб-дызайн — я зараз вучуся на курсах.

Апроч таго Рыгор вучыць англійскую мову — пакуль дайшоў да ўзроўню Pre Intermediate. Навучанне магло б быць больш выніковым, як і пошукі працы, але дома ў хлопца няма інтэрнэту — бабуля супраць.

— Я іду ў Domino’s Pizza і там сяджу ў інтэрнэце, — знайшоў выйсце Рыгор.

Нечакана мой суразмоўца заяўляе, што ў дадатак да ўсіх сваіх заняткаў ходзіць і на курсы пікапу (майстэрства знаёмстваў з мэтай спакушэння ці рамантычных стасункаў). У адказ на мой поўны непаразумення позірк Рыгор тлумачыць:

— Я хачу стварыць сайт знаёмстваў для людзей з інваліднасцю.

Паступова ад сацыяльных праблем гутарка пераходзіць да тэмаў актывізму і патрыятызму — у Курапатах гэта само сабой зразумелае.

— У школе я не вельмі вучыў беларускую мову, але апошнія падзеі (агрэсія Расіі супраць Украіны) пераканалі мяне, што яе трэба вывучаць — гэта нашая мова, — упэўнены суразмоўца.

Рыгор выступае супраць рэстарану ля Курапатаў, таму некалькі разоў на тыдзень прыходзіць падтрымаць варту.

— Многія наведвальнікі рэстарану кажуць, што нам тут плаціць Дзярждэп. А на мяне аднойчы сказалі «інвалід, ідзі адсюль у бальніцу». Я на такіх не звяртаю ўвагі — недалёкія людзі.

Але калі абарона Курапатаў будзе працягвацца ў тым жа выглядзе, што і цяпер, то плёну гэта не дасць, лічыць хлопец. Ён перакананы, што вынік будзе толькі тады, калі на варту людзі будуць выходзіць масава — тады рэстаран зачыніцца.

***
У аўторак, 16 ліпеня, у Рыгора Дзень нараджэння — яму спаўняецца 24. Хочацца, каб у гэты дзень у яго жыцці адбыўся маленькі цуд, і каб знайшлася, калі не праца, то хаця б нераўнадушныя людзі, якія маглі б яму дапамагчы. Як гэта зрабіць, можна даведацца, звярнуўшыся ў рэдакцыю «Новага Часу» ці напісаўшы нам у месэнджэрах у сацыяльных сетках. 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!