Абаронцу Курапатаў Урбановіча пасля 9 сутак арышту яшчэ і аштрафавалі

Штраф памерам 30 базавых велічынь (735 рублёў) атрымаў у Мінскім раённым судзе абаронца Курапатаў Дзяніс Урбановіч, паведамляе «Радыё Свабода».
Дзяніс Урбановіч, фота Алены Ляшкевіч

Дзяніс Урбановіч, фота Алены Ляшкевіч


Суд пакараў актывіста за ўдзел у пікеце ля рэстарацыі «Поедем поедим» 1 верасня, калі Урбановіч атрымаў траўму нагі ў сутычцы з бізнесменам Аркадзем Ізраілевічам

Пасля сутычкі Дзяніс Урбановіч напісаў у міліцыю заяву на Ізраілевіча, абвінаваціўшы бізнесоўца ў збіцці, а таксама збіраўся падаць заяву ў суд, але не паспеў.

Урбановіча затрымалі міліцыянты, і суд Мінскага раёну прысудзіў яму 7 сутак адміністрацыйнага арышту за непадпарадкаванне. У суботу 8 верасня, калі тэрмін арышту закончыўся, актывіста вывелі з ізалятару на Акрэсціна праз запасны ўваход і зноў затрымалі — ужо паводле абвінавачання ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі.

«Суд сёння быў хуткі, я чакаў новага арышту, гэтага чакалі і міліцыянты на Акрэсціна. Добра, што суд абмежаваўся штрафам», — сказаў Свабодзе пасля суду Урбановіч.

Атрымалася, што ўсяго Урбановіч адбыў за кратамі ў ізалятары на Акрэсціна 9 сутак.

«Давялося пісаць скаргі, бо ўмовы былі антысанітарныя, нават адмаўляўся праз гэта ад ежы. Толькі калі перавялі ў іншую камеру і стала лепей, дык пачаў есці. Затое дамогся, каб выводзілі на прагулкі, таксама давялося змагацца», — расказаў Дзяніс Урбановіч.

Актывіст вітаў рашэнне абаронцаў Курапатаў, якія 9 верасня на агульным сходзе пастанавілі працягваць пікетаванне рэстарацыі «Поедем поедим» мінімум да восеньскіх Дзядоў.

«Я і далей буду браць удзел у пікетах. Ганьба нам усім будзе, калі саступім», — сказаў Дзяніс Урбановіч.

Дзяніс Урбановіч — жыхар Лагойскага раёну, ягонае імя стала вядома грамадскасці ў чэрвені, пасля першых пікетаў рэстарацыі «Поедем поедим» у Курапатах. Актывіст нанёс на агароджы рэстарацыі надпіс «Кабак НКУС на костках зачынены» і быў першы раз затрыманы міліцыяй. Цягам больш як трох месяцаў пікетавання Урбановіча некалькі разоў арыштоўвалі і штрафавалі, склалі на яго дзясяткі пратаколаў.

www.svaboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Тутэйшы.
  • 2018-09-10 20:59:12
А тым часа усё новыя затрыманні за карупцыю.Так с кім трэба змагацца,з людьмі,якія абараняюць памяць расстраляных ні за што НКУС ці з карупцыянерамі?Хто большая пагроза дзяржаве?

Каментаваць