Абаронцы Курапатаў даслалі зварот у Генпракуратуру

Зварот аб незаконнасці выдзялення зямлі пад будаўніцтва ў ахоўных зонах мемарыяла Курапаты дасланы намесніку Генпракурора Аляксандру Лашыну.
Фота Алены Ляшкевіч

Фота Алены Ляшкевіч

Прыводзім поўны тэкст звароту.

«З публікацыі ў інтэрнэт–газеце Наша Ніва ад 20.06.2018 пад назвай «Участак пад Курапатамі «навязалі» інвестарам? Не, яны перакупілі зямлю і свядома пашырылі тэрыторыю за кошт ахоўнай зоны» стала вядома, што ў першай палове 2012 года «БелРэстІнвест» асэнсавана павялічыў плошчу пад «Бульбаш-Хол» (першасная назва аб'екта), прычым адразу на 40%. Для гэтага была падпісаная дадатковая дамова з Мінскім райвыканкамам. Важны момант: інвестар атрымаў дадатковыя 0,34 гектара, з якіх 0,31 гектара ўяўлялі сабой «ахоўную зону нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў». Гэта дакладная фармулёўка з падпісанай дамовы.

Раней ахоўныя  зоны рэгуляванай забудовы з заходняга боку мемарыяла Курапаты, выдзяляліся пад будаўніцтва некай ІП Лебедзевай І.С., што вынікае з Заключэнняў Мінкультуры ад 28. 11.2005 і ад 1.08.2006, а ў 2010 бізнесоўцы іх выкупілі пад будаўніцтва  «бульбаш-хола». З дакументаў нам стала вядома, што паміж ІП Лебедзевай І.С. і Мінкультуры быў узгоднены праект “Прыдарожны сэрвіс на 51 км МКАД” (№4-26) і Мінкультуры дало дазвол на будаўніцтва на землях, якія належаць да зонаў рэгуляванай забудовы мемарыяла Курапаты, згодна з Пастановай Мінкультуры №15 ад 12.05.2004 г. (зацверджанай ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь толькі ў 2012). На пытанне грамадскасці, ці быў падобны праект узгоднены паміж Мінкультам і прадстаўнікамі БелРэстІнвеста, ці атрымалі ад Мінкультуры дазвол на будаўніцтва рэстаранна-забаўляльнага комплекса побач з мемарыялам Курапаты, намеснікам міністра культуры Яцко А.А. на прыёме 13 чэрвеня 2018 г. быў дадзены адмоўны адказ.

Мы лічым выдзяленне зямель ахоўных зон мемарыяла Курапаты пад будаўніцтва розных устаноў, у тым ліку рэстаранна-забаўляльнага комплекса “Поедем поедим”, незаконным.  

Мы канстатуем, што згодна ТКП 45-3.01-284-2014 «Горадабудаўніцтва. Горадабудаўнічы праект дэталёвага планавання. Склад і парадак распрацоўкі»,  праект дэталёвага планавання (ПДП) , распрацоўваецца для забудаваных або падлягаючых забудове частак горада, і ён і толькі ён «з'яўляецца падставай для прыняцця рашэнняў аб выдзяленні зямельных участкаў, распрацоўкі горадабудаўнічых пашпартоў зямельных участкаў». Ёсць Генеральны план горада Мінска. На яго падставе распрацоўваюцца дэталёвыя планы раёнаў горада. Далей гэтыя планы ўзгадняюцца ў разнастайных інстанцыях, праходзяць экспертызу, потым у абавязковым парадку праходзяць грамадскія абмеркаванні, на якіх планы або зацвярджаюцца, або адпраўляюцца на дапрацоўку, і толькі пасля гэтага, на падставе зацверджанага ПДП, прымаюцца рашэнні аб прадастаўленні зямельных участкаў забудоўшчыкам і распрацоўцы праектаў асобных будынкаў.

Усё гэта было парушана ў перыяд 2003-2014 гг, бо ў гэты перыяд не існавала ніякага ПДП дадзенай тэрыторыі і выдзяляць зямлю пад будаўніцтва проста не мелі права.

 Мы патрабуем:

— спыніць працу рэстарана «Поедем поедим», як аб'екта, незаконна пабудаванага на тэрыторыі ахоўных зон (у тым ліку зоны рэгуляванай пабудовы) мемарыяла Курапаты, знаходжанне якога ў непасрэднай блізкасці да месца гібелі ахвяраў палітычных рэпрэсій супярэчыць здаровому сэнсу, чалавечай маралі, з'яўляецца актам вандалізму, здзекам з памяці беларускага народа.

— ануляваць  усе дазволы на выдзяленне зямельных участкаў і будаўніцтва побач з мемарыялам Курапаты(заходні боку мемарыяла), як незаконныя;

— неадкладна правесці праверку дзеянняў усіх асобаў, якія маюць дачыненне да выдзялення зямлі пад будаўніцтва ў непасрэднай блізкасці да мемарыяла Курапаты (заходні бок), просім вінаватых у гэтым злачынстве прыцягнуць да адказнасці.

— ануляваць распрацоўку ПДП ад УП «Мінскграда», вынесеную на грамадскае абмеркаванне 15.04.2014, бо распрацаваны Дэталёвы праект фактычна легітымізаваў на тэрыторыі зон аховы мемарыяла Курапаты аб’екты, пабудаваныя незаконна.

— ануляваць усе рашэнні грамадскага абмеркавання ад 15.04.2014, праведзенага з парушэннямі заканадаўства, аб чым Генеральнаму Пракурору былі накіраваны шматлікія звароты ад грамадзян Рэспублікі Беларусь, у тым ліку і зварот ад ініцыятывы «За ўратаванне мемарыяла Курапаты» ад 22.04.2014 (копія прыкладаецца).

— вынесці незаконна пабудаваныя аб'екты з зямель ахоўных зон (з зоны аховы, з зоны рэгуляванай пабудовы), у тым ліку рэстаранна–забаўляльны комплекс пад назвай «Поедем поедим» (былая назва «бульбаш-хол»).

 27.06.2018

Абаронцы мемарыяла Курапаты».

Зварот падпісалі Павел Севярынец, Ганна Шапуцька, Вячаслаў Сіўчык. Максім Вянярскі, Эдуард Пальчыс, Зміцер Дашкевіч, Наталля Басалыга і іншыя.

Паводле прэс-рэлізу

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!