Абаронцы Курапатаў рыхтуюцца да згортвання лагеру

Калі інвестар выканае свае абяцанні, дадзеныя асабіста Дашкевічу, то плот будоўлі прыбяруць ужо ў панядзелак. Разам з ім знікне і лагер, які за кароткі час паспеў стаць легендай.

Вываз бетонных плітаў з будпляцоўкі


Мінулая ноч у Курапатах прайшла спакойна. Зранку ў лагер прыехаў Зміцер Дашкевіч, каб памаліцца разам з абаронцамі ды прасачыць за паступовай эвакуацыяй будаўнікоў. Гэтым разам з будоўлі прыбіралі бетонныя пліты, наступнай і апошняй на вываз мае быць бытоўка рабочых.


Лагер, у сваю чаргу, таксама рыхтуецца да згортвання. Абаронцы перабіраюць рэчы, прывезеныя людзьмі за час, які трываў пратэст. Нешта ўласнікі забяруць назад, нешта прыйшло ў нягоднасць праз шматразовае выкарыстанне або ўмовы надвор’я.

Грае Андрэй Мельнікаў


Інтрыгай дагэтуль застаецца лёс піяніна, якое з’явілася ў лагеры некалькі дзён таму. Час-почас за інструмент сядае нехта з абаронцаў: старшыня БНФ Аляксей Янукевіч, напрыклад, паспрабаваў сыграць “Паланэз” Агінскага, а бард Андрэй Мельнікаў на слых падбіраў рамантычную мелодыю.


Адначасна Дашкевіч просіць не забывацца дапамагаць абаронцам да панядзелку, пакуль лагер стаіць. Напрыклад, запасы дроваў ужо амаль вычарпаныя. Жыццё ж лагеру працягваецца: увечары ў суботу тут мае выступіць музыка Алесь Дзянісаў.


Калі падзеі будуць разгортвацца ў пазітыўным кірунку, то пасля ліквідацыі лагеру абаронцы правядуць талаку ды прыбяруць тэрыторыю. Таксама абгаворваецца варыянт усталявання ва ўрочышчы памятнага “крыжа абаронцаў Курапатаў” 2017 года.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: