Абаронцы Курапатаў вылічылі вандала

Актывісты абароны Курапатаў адмыслова падалі інфармацыю, што ў суботу вывозяць лаву Клінтана — і арганізавалі засаду на вандала, — піша ў фэйсбуку Анатоль Наўмовіч са спасылкай на тэлеграм-канал Абароны Курапатаў.
"Вандал клюнуў. Падышоў да разбітай лавы. Тады актывісты з розных кропак рушылі на перахоп вандала, той пабег на прыпынак у бок крыжа Пакутаў. Дагнаць амаль паспелі, але ён "даў па газах" і ледзь не збіў на МКАД аднаго з актывістаў. Нумар аўтамабіля зафіксаваны. Па апісанню чалавеку за 50 год, і ён падобны на апісанне аднаго з правакатараў, заўважаных раней".

Інфармацыю спраўдзіла ўдзельніца варты Ганна Шапуцька. У хуткім часе актывісты абяцаюць апавясціць, якімі былі вынікі ўзаемадзеяння з міліцыяй.

Нагадаем, цягам апошняга тыдня лаву Клінтана ў Курапатах разбівалі двойчы.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!