Абаронцы Курапатаў знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання Мінскага раёна

Затрыманыя абаронцы Курапатаў Дзяніс Урбановіч, Максім Вінярскі і Піліп Шаўроў знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання Мінскага раёна (вул. Скарыны, 20). Пра гэта Радыё Свабода паведаміў сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец.
Актывісты былі затрыманыя позна ўвечары 1 верасня каля рэстарану «Поедем поедим». Як расказала відавочца падзеяў Вольга Мікалайчык, Піліп Шаўроў прынёс вялікі камень, які паклаў пасярэдзіне праезду да брамы забаўляльнага комплексу. Ахоўнікі намагаліся адсунуць перашкоду, але ім гэта не ўдалося.

Пасля гэтага здарылася бойка наведнікаў-правакатараў з абаронцамі. У выніку адміністрацыя ўстановы выклікала супрацоўнікаў міліцыі і ДАІ, Вінярскага, Урбановіча і Шаўрова затрымалі. Відавочна, у панядзелак пройдуць суды.

Пратэсты супраць дзейнасці рэстарацыі побач з месцам расстрэлаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій доўжацца ўжо больш за тры месяцы.

«Радыё Свабода»

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!