Абаронцы “Віцебскіх Курапатаў” выклалі свае довады кіраўніцтву райвыканкаму

Абаронцы “Віцебскіх Курапатаў” выклалі свае довады кіраўніцтву райвыканкама.12 лютага адбылася сустрэча ініцыятыўнай групы “Хайсы”, куды ўваходзяць прадстаўнікі розных партый, у тым ліку і БХД, неабыякавыя грамадзяне, з прадстаўнікамі адміністрацыі Віцебскага раёна: намесніцай старшыні па сацыяльных пытаннях Ксеніяй Карабач, начальнікам аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Марынай Здольнікавай, спецыялістам гэтага ж аддзела Ірынай Тарасавай і старшынёй Мазалаўскага сельскага Савета дэпутатаў Леанідам Дубіна.



Па словах мясцовых старажылаў, менавіта пад Хайсамі напрыканцы 30-х гадоў адбываліся масавыя растрэлы людзей сталінскімі нкусаўцамі. У 2014 годзе тут былі знойдзены шматлікія парэшткі. Старшыня ініцыятывы, сябра Кансерватыўна-хрысціянскай партыі-БНФ Ян Дзяржаўцаў, распавёў прысутным сэнс звароту, прапанаваў пазнаёміцца з відэазапісамі мясцовых жыхароў (а іх 15) як доказ таго, што гэта менавіта парэшткі даваеннага часу, пра што сведчаць і дзіркі ад куль у чарапах, рэшткі адзення і абутку, кулі з наганаў, якімі былі ўзброены нкусаўцы, паведамляе vitebskby.com.

Па словах Дзяржаўцава, на месцы жудасных знаходак працавала 52-е адзяленне пашуковага батальёну, якое знайшло 172 парэшткі, а пахаванне датавала 1936-1941 гадамі. Сябры ініцыятывы прапануюць прыдаць месцу знаходжання масавых парэшткаў людзей у лесе ля вёскі Хайсы статуту мемарыяла, урачыста перапахаваць іх у брацкую магілу, даследваць тэрыторыю.

Але камісія, створаная пры райвыканкаме, настойвае, што гэта парэшткі людзей, забітых падчас вайны нямецка-фашысцкімі акупантамі. Маўляў, каб вы нам прадставілі не 15, а 100 сведчанняў ды людзей адэкватнага ўзросту, то такія сведчанні можна было б прымаць да ўвагі, падвяла вынік Ксенія Карабач і дадала, што камісія дзейнічае толькі ў адпаведнасці з указамі звыш, што няма ніякіх дакументаў, якія б пацвярджалі версію ініцыятывы “Хайсы”. Адзіны станоўчы вынік: камісія будзе працягваць свае пошукі праўды.

“Ініцыятыва “Хайсы” — яшчэ адзін раздражняльнік для ўлады, якой аніяк не хочацца, каб людзі памяталі пра страшэнныя гады сталінскай дыктатуры, бо сучасная набліжаецца па сваёй сутнасці да яе. Для ўлады людзі — пыл. А гістарычная памяць, сапраўдная, не напісаная па загадзе князя так, як яму выгадна, карціць, не дае атрымліваць ад улады поўную асалоду, час ад часу нагадвае, што за ўсё трэба будзе адказваць. Але попел нашых продкаў грукаецца ў сэрца і не дае забыцця. Ініцыятыва “Хайсы” працягне свае пошукі праўды, каб Віцебскія “Курапаты” сталі мемарыялам, і каб сталі вядомыя імёны не толькі расстраляных, але і прозвішчы тых, хто загадваў забіваць і забіваў”, — адзначыла каардынатар БХД Таццяна Севярынец.

Паводле: БХД

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: