Аблава на незалежных журналістаў і праваабаронцаў. Ператрусы па ўсёй краіне (абнаўляецца)

Для ілюстрацыі таго, што адбываецца сёння ў многіх гарадах Беларусі, існуе вядомы інтэрнэт-мем: раніца пачынаецца не з кавы. Ад самага досвітку сілавікі прыйшлі да журналістаў (пераважна БАЖ) і праваабаронцаў (пераважна з «Вясны»). Праводзяцца ператрусы, у адным выпадку гаворка ідзе пра крымінальную справу. «Новы Час» сочыць за развіццём падзей.

Пачалося з таго, што яшчэ ў восьмай раніцы прэс-сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі паведаміў на сваёй старонцы ў фэйсбуку, што да яго дадому ломяцца невядомыя.

Потым праз тэлеграм-каналы дайшла інфармацыя, што супрацоўнікі сілавых органаў прыйшлі да старшыні БАЖ Андрэя Бастунца і яго намесніка Алега Агеева. У Бастунца дома ператрус ладзіць не сталі, але забралі яго ў офіс. Меркавана, вобшук пройдзе там. Але прыехалі з ператрусам да жонкі Андрэя Бастунца Сабіны Брыло. Супрацоўнікі міліцыі канфіскавалі тэлефоны ў яе сына і ягонай дзяўчыны.

У Гомелі «госці» наведалі журналістку-фрылансерку Ларысу Шчыракову. Паведамляецца, што следчыя і яны праводзяць ператрус у межах крымінальнай па артыкуле 362 (Забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў). Таксама ў горадзе па-над Сожам праходзіць вобшук у іншага журналіста — Анатоля Гатоўчыца.

Магілёў. Тут ператрус адбываецца ў сябраў магілеўскага філіяла «Вясны» Аляксея Колчына і Барыса Бухеля, а таксама ў мясцовага журналіста-фрылансера Алеся Буракова-малодшага.

У кіраўніка мазырскага філіяла «Вясны» Уладзіміра Целяпуна таксама вобшук. Як і ў кіраўніцы светлагорскага філіялу «Вясны» Алены Маслюковай.

Не абыйшлі бокам сілавікі і каардынатара кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Андрэя Палуду.

Пачаўся ператрус у прэсавай сакратаркі «Беларускага Дома правоў чалавека імя Барыса Звозкава» Яўгеніі Парашчанкі.

Прайшоў вобшук і ў бацькоў віцебскай правааборнцы Ірыны Траццяковай. Пішуць, што шукалі дакументы. Забралі флэшку і кніжку «Маніторынг аддзяленняў міліцыі». Сама Ірына на волі.

Як паведамляе «Вясна», яшчэ адзін ператрус пачаўся ў мінскай праваабаронцы «Вясны» Наталлі Сацункевіч.

Не адказваюць тэлефоны яшчэ некаторых супрацоўнікаў праваабарончага цэнтра. У прыватнасці, недасяжны пакуль брэсцкі праваабаронца Уладзімір Вялічкін, не адказвае і ягоная жонка.

У Брэсце прышлі з ператрусамі да бацькоў валанцёрак Кацярыны Бажко і Ганны Багдановіч.

Вобшук быў у юрысткі Крысціны Рыхтэр (342 арт. КК), забралі тэлефон, дакументы, датычныя да дзейнасці БАЖ.

Вобшук у Гомелі таксама праходзіць у актывіста і валанцёра Валерыя Сляпухіна.

«АБЭЗ толькі што скончыў ператрус у маіх бацькоў у Рэчыцы. Канфіскаваныя жорсткі дыск і стары мабільнік», — а гэта допіс у сацсетках Андрэя Стрыжака, праваабаронцы і каардынатара фонда BYSOL, які зараз знаходзіца за межамі Беларусі.

Тым часам Следчы камітэт пракаментаваў сёняшній падзеі:

— Следчым камітэтам працягваецца расследаванне крымінальнай справы паводле арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса Беларусі. У межах папярэдняга расследавання з мэтай устанаўлення абставінаў фінансавання пратэстнай дзейнасці следствам ініцыявана правядзенне ператрусаў у арганізацыях, якія пазіцыянуюць сябе як праваабарончыя.

Правядзенне працэсуальных дзеянняў даручана супрацоўнікам ГУБАЗіК МУС і санкцыянаванае Генеральнай пракуратурай. Канчатковая прававая ацэнка сітуацыі будзе дадзеная пасля правядзення ўсяго комплексу працэсуальных дзеянняў.

Неўзабаве пачнецца ператрус на офісе «Вясны» на пр. Незалежнасці 78а. Туды кіруецца старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі.

Як стала вядома, вобшукі прайшлі таксама ў членаў незалежнага прафсаюза Работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці. Tut.by згадвае чатыры прозвішчы сяброў РЭП, гэта — лідар прафсаюза Генадзь Фядыніч, старшыня прафсаюза Васіль Завадзкі, члены РЭП Ігар Комлік, Андрэй Комлік-Ямацін.

Тым часам скончыўся вобшук у Барыса Гарэцкага. Ён дома. Забралі тэхніку і тэлефоны, паведаміла ў фэйсбуку Наста Дашкевіч.

Скончыўся ператрус у Ларысы Шчыраковай. «Сябры, у мяне толькі што скончыўся ператрус, які ладзіў ГУБАЗіК,напісала яна. — Я ў спешцы перад ператрусам напісала няправільны артыкул. Натуральна, што па т. зв. масавых беспарадках. 342 КК РБ. Пыталі пра грошы. Традыцыйна забралі тэхніку (фота - відэа камеры), кампутар, вінты, беларускія банкаўскія карткі, накапляльнікі».

На 4-м паверсе бізнес-цэнтра «Парус» зараз ператрус, піша «Вясна». Там знаходзіцца офіс БАЖ. Ператрус праводзяць супрацоўнікі, якія прадставіліся супрацоўнікамі МУС. У рамках якога артыкула праводзіцца ператрус, не ўдакладнілі.

Сын старшыні БАЖ Андрэя Бастунца Арсеній паведаміў, што ператрус адбыўся і ў яго кватэры.

Ад самай раніцы недасяжныя тэлефоны юрыста «Вясны» Паўла Сапелкі і праваабаронцы Алены Лапцёнак. Сітуацыя высвятляецца.

Прайшоў ператрус і ў праваабаронцы «Вясны» Зміцера Салаўёва. У яго забралі тэлефон і ўсю тэхніку. Зміцер затрыманы. Пры затрыманні ў хаце Салаўёва выламалі дзверы.

З сямі раніцы праходзіць вобшук у настаўніцы Надзеі Лашэнка-Казаковай. У лістападзе 2020 году яе з сяброўкай затрымала міліцыя за «адзенне пратэстных колераў». Таксама з раніцы па месцы рэгістрацыі актывісткі Святланы Кароль пад дзвярыма кватэры дзяжураць некалькі супрацоўнікаў у міліцэйскай форме. У кватэры нікога няма.

У кватэры бацькі журналіста Яўгена Меркіса адбыўся ператрус. Забралі тэхніку (комп брата і бацькі і тэлефоны).

Таксама ператрус прайшоў у эксперта па лічбавай бяспецы Мікалая Кванталіяні.

Ператрус праходзіць і ў гомельскага валанцёра Іллі Міронава, паведамляе Радыё Свабода. Ён займаецца дапамогай тым, хто трапіў пад палітычны пераслед ці паводле артыкулу 23.34 КаАП. Вядома што ў Міронава забралі ўсю тэхніку і тэлефоны.

Святлана Ціханоўская пракаментавала сёняшній масавыя ператрусы:

— Яны шукаюць «злачынцаў» сярод тых, хто дапамагае палітвязням і піша пра барацьбу беларусаў за свабоду, — адзначае экс-кандыдат у прэзідэнты. — Яны шукаюць «злачынцаў» у дамах іх бацькоў. Але ў пошуках злачынцаў ім варта зазірнуць у офісы АМАПа, ГУБАЗіКа і ўсіх адказных за рэпрэсіі.

Гэта і ёсць сапраўдны дзяржаўны крызіс, бо дзеля ўтрымання ўлады рэжым рэпрэсуе нават тых, хто абараняе правы людзей. Пакуль гэта адбываецца, ў небяспецы знаходзяцца ўсе беларусы.

Але беларусы ведаюць, як вырашыць гэты крызіс. Такімі дзеяннямі Лукашэнка сам збірае матэрыялы справы для міжнароднага трыбунала супраць сябе і сваіх набліжаных. І мы ўжо перадалі інфармацыю ў Еўрасаюз і Савет ААН па правах чалавека з патрабаваннем прыняць меры.

Ператрус на офісе Беларускай асацыяцыі журналістаў скончаны. Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец затрыманы. Яго вязуць для ператрусу дадому. Ператрус ладзяць людзі з цалкам схаванымі тварамі.

UPD. Удакладненне ад «Еўрарадыё»: старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец на волі, ён не затрыманы. Пасля ператруса ў офісе БАЖ сілавікі давялі яго да машыны і адпусцілі.

Як і яго намеснік Барыс Гарэцкі, Бастунец не мае ніякага працэсуальнага статусу.


З офіса БАЖ забралі сістэмны блок і тэчку з заявамі на ўступленне членаў арганізацыі.

Ператрус праходзіць таксама ў гомельскага валанцёра Іллі Міронава.

Ён займаецца дапамогай тым, хто трапіў пад палітычны пераслед ці паводле артыкулу 23.34 КаАП. Вядома, што ў Міронава забралі ўсю тэхніку і тэлефоны, паведамляе «Свабода».

У незалежнага журналіста і праваабаронцы «Вясны» з Рэчыцы Андрэя Мядзведзева адбыўся ператрус. Забралі паперы, нататнікі.

У праваабаронцы «Вясны» з Рэчыцы Валерыя Пуціцкага не адказвае тэлефон. Магчыма ў яго таксама праводзяць ператрус.

Каля 15.20 ператрус у офісе праваабарончай арганізацыі «Вясна» скончыўся, паведамляе сайт арганізацыі. Мікрааўтобусы з канфіскаванымі рэчамі з'ехалі, Алеся Бяляцкага павезлі на ператрус да яго дадому.

Пасля ператрусу ў офісе і кватэрах лідараў арганізацыі БАЖ паведаміў, што ў сувязі з тым, што ў іх забралі пячатку і дакументы, просяць сябраў арганізацыі пакуль не аплочваць унёскі на рахунак арганізацыі (сяброўскія складкі), бо вялікая верагоднасць таго, што рахунак будзе заблакаваны.

У праваабаронцы «Вясны» Андрэя Палуды падчас ператрусу забралі тэхніку, банкаўскую картку ды асабістыя грошы. Самога Андрэя не затрымалі, ператрус у яго скончаны.

У Віцебску затрыманы праваабаронца Павел Левінаў. Імаверна, яго павезлі дадому, дзе цяпер пройдзе ператрус.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: