Абмеркаванні пракладання кабельных ліній праз ахоўную зону Курапатаў перанеслі

А тэрмін правядзення грамадскага абмеркавання справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе па аб'екце «Будаўніцтва жылога раёна з інжынерна-транспартнай інфраструктурай і аб'ектамі сацыяльна-гарантаванага абслугоўвання насельніцтва ў раёне в.Копішча Мінскага раёна» працягнулі.
Як учора паведамляў «Новы Час», праз ахоўную зону Курапатаў, а таксама праз водаахоўную зону Цнянскага вадасховішча кампанія А-100 плануе правесці кабельныя лініі электраперадачы. Праектам прадугледжваецца пракладка магістральных сетак электразабеспячэння 10кВ і тэлемеханікі, а таксама будаўніцтва размеркавальных трансфарматарных падстанцый. 

Цяпер праходзіць грамадскае абмеркаванне па справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА). У ёй прадстаўлены сем альтэрнатыўных варыянтаў пракладкі лініі электраперадач, у тым ліку па-за межамі ахоўнай зоны, водаахоўнай зоны Цны і іншых зялёных зон. Планавалася, што абмеркаванне праекта ў прысутнасці замоўцы адбудзецца сёння, 13.11.2019, у 17.00 у будынку Бараўлянскага ДК. Інфармацыя пра гэта прыйшла на электронную пошту грамадзян, якія адпраўлялі заявы аб неабходнасці сходу, але афіцыйна на сайце Мінрайвыканкаму яе не было.

Сёння ж, пасля публікацыі інфармацыі ў шэрагу СМІ, на сайце Мінрайвыканкава з'явілася паведамленне, што тэрмін правядзення грамадскага абмеркавання справаздачы падоўжаны да 17 снежня 2019 года ў сувязі з узніклымі дадатковымі фактарамі магчымага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе пры рэалізацыі праектных рашэнняў.

Таксама паведамляецца, што сустрэча з грамадзянамі перанесена на 29 лістапада 2019 года на 17.00. Месца правядзення: Мінскі р-н, аг.Лясны, 2А (сельскі дом культуры). Такія ж паведамленні атрымалі некаторыя грамадзяне.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!