Cпыніць гвалт у дачыненні да праваабаронцаў

У адказ на жорсткі напад на сябраў ЗМГ (Зводнай мабільнай групы) і журналістаў у Рэспубліцы Інгушэція, які адбыўся непадалёк ад мяжы з Чачнёй 9 сакавіка 2016 года, Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў заклікае расійскія ўлады даць вычарпальнае тлумачэнне гэтым нападам і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.



9 сакавіка 2016 года, нападнікі ў масках на трох машынах заблакавалі мікрааўтобус, які перавозіў двух сябраў Зводнай мабільнай групы, а таксама шэсць замежных і расійскіх журналістаў каля мяжы з Чачнёй, жорстка збілі іх, абрабавалі іх і падпалілі аўтамабіль. Паводле наяўнай інфармацыі, нападнікі называлі праваабаронцаў і журналістаў па імёнах і абвінавачвалі іх у тым, што яны знаходзяцца ў Чачні, каб “абараняць тэрарыстаў”.

Праваабаронцы і журналісты бралі ўдзел у місіі, арганізаванай Камітэтам па папярэджанні катаванняў з мэтай фіксацыі парушэнняў правоў чалавека ў Чачні і Інгушэціі.

Як паведамляецца, сябры групы заўважылі, што яны знаходзяцца пад наглядам, з самага пачатку сваёй місіі, 7 сакавіка. Таксама паведамляецца, што паліцыя, якая расследуе напад на аўтобус, не знайшла кампутары, якія ўдзельнікі групы перавозілі ў аўтобусе, што азначае, што яны былі скрадзеныя нападнікамі.

Праз некалькі гадзінаў пасля нападу, група невядомых узброеных людзей у камуфляжнай форме, якія прыехалі на пяці машынах, уварвалася ў офіс ЗМГ, які знаходзіцца ў інгушскім горадзе Карабулак, і выкралі некалькі кампутараў і друкаваныя матэрыялы. Абсерваторыя асцерагаецца, што мэтай гэтых нападаў было не толькі запалохванне і ўжыванне гвалту ў дачыненні да актывістаў і журналістаў, але і атрыманне ад іх інфармацыі.

“Мы шакаваныя гэтымі новымі нападамі. Калі няма катаванняў, якія трэба хаваць, няма аніякіх прычынаў забараняць актывістам і журналістам наведваць гэтыя тэрыторыі”, — сказаў генеральны сакратар OMCT  Джэральд  Стэйброк. “Няўжо патрабаваць ад “дэмакратычнага ўрада” выступіць з асуджэннем падобных нападаў і неадкладна прыцягнуць вінаватых да адказнасці — гэта занадта?”

Сярод ахвяраў — сябры Камітэта па папярэджанні катаванняў Іван Жыльцоў іКацярына Ванслова, карэспандэнт нарвежскай газеты Ny Tid Ойстэн Віндстад, журналістка шведскага радыё Лена Марыя Персан Лофгрэн,Аляксандра Ялагіна з The New Times, Ягор Скаварада з анлайн-рэсурса Mediazona, незалежны журналіст Міхаіл Салюнін і карэспандэнт газеты “Коммерсант” Антон Прусакоў, а таксама кіроўца аўтобуса.

Зводная мабільная група (ЗМГ) — вядомая праваабарончая арганізацыя, якой кіруе Камітэт па папярэджанні катаванняў. Яна мае вырашальнае значэнне ў раскрыцці і дакументаванні парушэнняў правоў чалавека, учыненых у Чачні. У 2013 годзе ЗМГ была ўганараваная Праваабарончай прэміяй Марціна Эналса.

ЗМГ раней ужо станавілася ахвярай нападаў. У снежні 2014 года былі падпаленыя офісы ЗМГ у Грозным (Чачня). Актывісты былі захопленыя ў палон і абшуканыя ўзброенымі людзьмі ў масках. 3 чэрвеня 2015 года офісы СМГ у Грозным былі зноў атакаваныя і знішчаныя арганізаваным натоўпам. Гэтыя напады былі здзейсненыя адкрыта і здымаліся на відэа, аднак яны дагэтуль застаюцца беспакаранымі.

“Мы заклікаем расійскія ўлады прыцягнуць вінаватых да адказнасці, спыніць усе акты гвалту ў дачыненні да праваабаронцаў і пакласці канец спрыянню беспакаранасці шляхам стварэння негатыўнага вобразу сродкаў масавай інфармацыі і дзейнасці па абароне правоў чалавека, якія выказваюць іншадумства”, — сказаў на заканчэнне прэзідэнт FIDHКарым Лахіджы.


spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: