Абвешчаны прысуд Вользе Паўлавай. Над яе «апошнім словам» у залі суда плакалі

Палітзняволеную Вольгу Паўлаву, актывістку «Краіны для жыцця» і сяброўку ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, пакаралі трыма гадамі абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову — «хатняй хіміяй». Жанчыну вызвалілі з-пад варты ў залі суда. Пазоў «Мінсктранса» вылучаны ў асобную грамадзянскую справу.
Прысуд вынесла суддзя суда Ленінскага раёна Марына Запаснік. Дзяржабвінаваўцам на працэсе выступаў пракурор Аляксандр Рамановіч. Адвакат жанчыны — Іван Чыжык.

На пачатку працэса Вольга Паўлава заявіла адвод суддзі праз тое, што не давярае ёй, таму што раней Марына Запаснік незаконна прыцягнула Вольгу да адказнасці па адміністрацыйным артыкуле 23.34. Хадайніцтва адхілілі як неабгрунтаванае.

Зацятае бесперапыннае парушэнне грамадскага спакою

Вольгу Паўлаву прызналі вінаватай паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. А менавіта ў тым, што яна наўмысна здзейсніла злачынства, актыўна ўдзельнічала ў групавых дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак, не падпарадкавалася законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, што пацягнула за сабой парушэнне работы транспарту.

Сярод фармуліровак абвінавачання — публічнае выгукванне лозунгаў, здзяйсненне гучных плясканняў рукамі, узняцце рук уверх, масавае, працяглае, зацятае, бесперапыннае парушэнне грамадскага спакою, знаходжанне ў першых шэрагах масавага мерапрыемства, стварэнне перашкод шляхам выхаду на праезную частку. Усё гэта пацягнула парушэнне работы транспарту, праз гэта «Мінсктрансу» была прычыненая шкода — 10 тысяч 689 рублёў 76 капеек.

Вольга Паўлава адмовілася даваць паказанні, спасылаючыся на 27 артыкул Канстытуцыі.

Выяўленыя два сцягі

Пракурор Аляксандр Рамановіч падтрымаў абвінавачанне, адзначыўшы, што віна Паўлавай даказаная. Супрацоўнік «Мінсктранса» пацвердзіў, што рух грамадскага транспарту быў парушаны з 13.40 да 15.35, а, згодна з дадзенымі мабільнага аператара, Паўлава ў гэты час знаходзілася ў месцы, пазначаным у абвінавачанні.

Згодна з пратаколам асабістага вобшуку, у Паўлавай былі вынятыя сцягі з надпісамі «Краіна для жыцця Уручча» і «Краіна для жыцця»: на думку пракурора, яны сведчаць пра «пратэсны накірунак дзейнасці» Паўлавай, які выявіўся ў неправамернай праяве сваёй пазіцыі. Пракурор таксама падкрэсліў, што віна пацвярджаецца запісам камеры відэаназірання супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, на якой яны патрабуюць спыніць парушэнне, а Паўлава працягвае яго і выходзіць на праезную частку.

Аляксандр Рамановіч запрасіў у якасці пакарання тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову — «хатняй хіміі».

Не мела фізічнай магчымасці здзейсніць злачынства  

Адвакат Іван Чыжык падкрэсліў, што крытэры прыцягнення да адказнасці па 342 артыкуле не выконваюцца. Дазвол на правядзенне масавага мерапрыемства павінны атрымоўваць яго арганізатары, само «неатрыманне» не з'яўляецца грубым парушэннем парадку. Аб гэтым таксама не могуць сведчыць і ўзняцце рук, плясканне і лозунгі.

Абаронца падкрэсліў, што абвінавачанне закранае інтэрвал часу з 13.00 да 17.15, Спыненне транспарту адбылося з 13.40 да 15.35. Паўлава ж у 13.54 яшчэ знаходзілася каля ГЦ «Дана Мол», дзе яна здзейсніла адміністрацыйнае правапарушэнне па арт. 23.4 — гэта пацвярджаецца пратаколам. У 14.05 яна здзясняе адміністрацыйнае правапарушэнне па арт. 23.34 — гэта таксама пацвярджаецца пратаколам. У 14.05 Вольгу затрымалі, што даказваецца адным з відэазапісаў, таму яна не мела фізічнай магчымасці здзейсніць злачынства.
Вольгу Паўлаву вызвалілі ў залі суда

Вольгу Паўлаву вызвалілі ў залі суда



Не перапыняць апошняе слова

Яшчэ ў пачатку пасяджэння Вольга Паўлава запрасіла хадайніцтва, каб яе апошняе слова заслухалі не перапыняючы. Суддзя яго задаволіла. Падчас яе прамовы прысутныя плакалі, пасля — судовая зала ўстала, каб запляскаць.

Спачатку Вольга папрасіла міліцыю адыйсці ад яе на бяспечную адлегласць, а потым сказала:

«3годна з 53 артыкулам Канстытуцыі РБ, кожны чалавек абавязаны паважаць гонар, годнасць і правы іншага чалавека, таму перабіванне апошняга майго слова лічыцца як непавагу і парушэнне Канстытуцыі.

Эпіграфам свайго апошняга... заключнага слова я ўзяла радок з Боскай камедыі Дантэ Аліг'еры: "Пакуль хоць лісток у надзеі б'ецца".

Высокі суд, у заключным слове хочацца выказаць свае пачуцці да сваёй краіны і да ўсяго таго, што ў ёй адбываецца. Але лепш за ўсё адлюстроўвае гэтую рэчаіснасць тое, што адбываецца сёння, і стан парыву маёй душы галоўны герой вялікага рускага класіка Талстога з аповесці "Воскресение", напісанай ім 120 гадоў таму, а нічога па факце і не змянілася. Такім чынам, цытую:

"Суд ёсць толькі адміністрацыйная прылада для падтрымання існуючага парадку рэчаў, выгаднага аднаму з саслоўяў. Уся справа ў тым, што гэтае саслоўе прызнае законам тое, што не ёсць закон, і не прызнае тое, што ёсць вечна закон, самім Богам напісанае ў сэрцах людзей. Ад таго-та і бывае так цяжка з гэтымі людзьмі, і яны страшней за разбойнікаў: разбойнік ўсё ж можа пашкадаваць. Гэтыя ж не могуць пашкадаваць, яны застрахаваныя ад жалю. Калі б была зададзеная псіхалагічная задача, як зрабіць так, каб людзі нашага часу — хрысціяне, гуманныя, проста добрыя людзі — здзяйснялі самыя жудасныя зладзействы, не адчуваючы сябе вінаватымі, то магчымае толькі адно рашэнне: трэба, каб было тое самае, што ёсць: трэба, каб гэтыя людзі былі губернатарамі, наглядчыкамі, афіцэрамі, паліцэйскімі... Гэта значыць, па-першае, былі ўпэўненыя, што ёсць такая справа, званая "дзяржаўнай службай", пры якой можна паводзіцца з людзьмі, як з рэчамі: без чалавечага, братэрскага стаўлення да іх. А па-другое, каб людзі гэтай самай дзяржаўнай службай былі звязаныя так, каб адказнасць за наступствы ўчынкаў іх з людзьмі не падала ні на каго асобна. Уся справа ў тым, што людзі думаюць, што ёсць палажэнні, у якіх можна абыходзіцца з чалавекам без любові, як з рэччу, а такіх палажэнняў няма. З людзьмі нельга абыходзіцца без любові, і гэта не можа быць інакш, таму што ўзаемная любоў паміж людзьмі ёсць асноўны закон жыцця чалавечага... Шукайце царства Божага і праўды Яго, а астатняе прыкладзецца вам. А вы шукаеце астатняга і, відавочна, не знаходзіце яго".

Я хачу, каб Вы задумаліся, што ёсць мараль нават баязлівага маладушнага саслоўя, апантанага смагай улады і яе ўтрымання. Як беззаконна сёння выносяцца прысуды над людзьмі, як канстытуцыйныя правы былі патаптаныя фальсіфікацыямі на выбарах у жніўні 2020 года і які гвалт, генацыд здзяйсняюць цяпер над сваім жа народам.

Я была на Акрэсціна з 9 па 12 жніўня і маю поўнае права казаць пра гэта гучна і ўслых, таму што на свае вочы бачыла, як да смерці збівалі мужчын. І мяне білі ў тым жа ліку. Начальнік ЦІП Акрэсціна Шапецька і Урублеўскі, супрацоўнік ЦІПа. Перажыла газавую камеру, якую зладзілі супрацоўнікі ЦІПа для жанчын. Дык вось, абыякавасць — гэта страшна! Мерай дабра і зла з'яўляецца сумленне.

Дык вось, сумлення ў вас няма! У РБ з'яўляецца Канстытуцыя вышэйшай прававой сілай, а не супрацьзаконныя ўказы начальства і ваш страх страціць працу».

Апошняе слова Вольга скончыла вершам Лермантава «Ты мог быть лучшим королем» і словамі «Дай спачын душам памерлых нашых суграмадзян ў гэтай барацьбе».

Вольга Паўлава — сяброўка ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, актывістка «Краіны для жыцця», палітзняволеная. Да красавіка 2020 года працавала галоўным касметыкам у фірме «Беліта». Калі пачаўся каранавірус, яна з дзіцём на месяц самаізалявалася на лецішчы. У гэты час жанчына заўважыла канал Сяргея Ціханоўскага «Краіна для жыцця», шмат глядзела і чытала пра тое, што адбываецца ў Беларусі, ды захацела далучыцца да каманды.

spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: