«Абвінавацілі ні ў чым не вінаватага, ужо мёртвага чалавека. Я не чакала такога прысуду», — дачка Генадзя Шутава

«Такога абсурду, як адбываецца цяпер, я не бачыла і не чула ніколі пра такое», — сказала ў размове з  «Белсатам» сястра Аляксандра Кардзюкова. «Іншага прысуду быць не магло, хоць, вядома, мы ішлі з надзеяй, што, можа, у кагосьці сумленне пераможа страх, але гэтага не адбылося. Увесь суд быў, на мой погляд, ненармальны, бо ўсё павінна быць наадварот». 
Дачка Генадзя Шутава Настасся супакойвае сястру Аляксандра Кардзюкова Марыну, за імі назіраюць нібыта пацярпелыя Гаўрылаў і Галіцын. Раман Гаўрылаў і Арсеній Галіцын у судзе. Сведку забойства Генадзя Шутава Аляксандра Кардзюкова хочуць пасадзіць на 10 гадоў. 19 лютага 2021 года. Фота: «Белсат»

Дачка Генадзя Шутава Настасся супакойвае сястру Аляксандра Кардзюкова Марыну, за імі назіраюць нібыта пацярпелыя Гаўрылаў і Галіцын. Раман Гаўрылаў і Арсеній Галіцын у судзе. Сведку забойства Генадзя Шутава Аляксандра Кардзюкова хочуць пасадзіць на 10 гадоў. 19 лютага 2021 года. Фота: «Белсат»

25 лютага забітага Генадзя Шутава суд Брэсцкай вобласці прызнаў вінаватым у супраціве сілавікам «без прызначэння пакарання». Сведку забойства Аляксандра Кардзюкова пасадзілі на 10 гадоў у калонію ўзмоцненага рэжыму.

Настасся Баранчук, дачка забітага Генадзя Шутава, сама абараняла ў судзе свайго бацьку-нябожчыка. Яна расчараваная такім вынікам суда.

— У судзе абвінавачанне не даказанае, абвінавацілі ні ў чым не вінаватага, ужо мёртвага чалавека. Я не чакала такога прысуду і не чакала, што дзесяць гадоў дадуць Кардзюкову, бо па факце нічога няма. У любым выпадку, мы будзем абскарджваць і чакаць далей, — распавяла «Белсату» Настасся Баранчук.

Дачка Шутава са сваякамі вяла сваё расследаванне гібелі бацькі. Яна кажа, што шмат якія моманты ў судзе не былі ўлічаныя, а працэс ішоў так, як было выгадна баку абвінавачвання.

— Ёсць моманты, якіх не было на судзе, не было шмат якіх сведак. Былі пяць чалавек, якія ў момант забойства стаялі каля парапета — выклікалі толькі аднаго. Былі людзі, якія праходзілі міма, іх таксама не паклікалі, яны [абвінавачванне] паклікалі тых, хто быў патрэбны ім. Я думала, што апраўдаюць, бо доказаў ніякіх няма — ні нападу, ні замаху, тым больш на забойства. Гэта поўнае трызненне. Гаўрылаў і Галіцын моцна блыталіся ў словах. Напрыклад, Галіцын казаў, што кроў бацькі на яго джынсах аказалася, бо ён грузіў яго ў «хуткую», але ёсць відэа, на якім бачна, што ён наогул не дапамагаў. І такіх момантаў шмат, — кажа Настасся Баранчук.

Падчас апошняга слова Аляксандр Кардзюкоў перапрасіў сваякоў Шутава, што ўцягнуў Генадзя ў гэтую справу, але Настасся кажа, што ніякага зла і крыўды на яго не трымае, наадварот, ёй хочацца падтрымаць сям’ю і самога Аляксандра.

Сястра Аляксандра Кардзюкова Марына сказала ў размове з «Белсатам»: усе разумеюць, што адбываецца, толькі яна не ведае, як усё гэта растлумачыць сваім бацькам.

Я думаю, усе нармальныя людзі, якія ўмеюць думаць, ацэньваць, усе, хто назіраў і назірае за гэтым працэсам, разумеюць, што адбылося. Іншага прысуду быць не магло, хоць, вядома, мы ішлі з надзеяй, што, можа, у кагосьці сумленне пераможа страх, але гэтага не адбылося. Увесь суд быў, на мой погляд, ненармальны, бо ўсё павінна быць наадварот. Я дажыву да таго дня, калі будзе сумленны суд і будзе ўсё як мае быць. Такога абсурду, як адбываецца цяпер, я не бачыла і не чула ніколі пра такое. Проста выбралі слабое звяно: мой брат апынуўся не ў тым месцы не ў той час са сваім сябрам. Я ўвогуле не ведаю, як ён трымаецца: ён страціў сябра і тое, што з ім адбываецца, — ён вытрымлівае гэта мужна. Ён выжыве, гэта было зразумела па яго апладысментах [пасля выраку Аляксандр запляскаў — так ён паказаў сваё стаўленне да выраку. — Заўв. рэд.], але мы спадзяёмся, што хутка гэта ўсё скончыцца, — кажа, не хаваючы слёз, Марына, сястра Аляксандра Кардзюкова.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: