Абвінавачанні Ігару Лосіку сталі вядомыя з фільма БТ

Следства лічыць Ігара Лосіка і яго тэлеграм-канал «Беларусь галаўнога мозгу» адным з галоўных «лялькаводаў» пратэстаў у Беларусі разам з тэлеграм-каналам «Nexta» — і гэта пры тым, што Лосік быў арыштаваны яшчэ 25 чэрвеня.

Ігар Лосік

Пра гэта стала вядома з чарговага фільма — «расследавання» пра лідараў пратэсту, які 27 красавіка паказалі ў эфіры «Беларусь 1». Ён быў прысвечаны так званай «групе Статкевіча і Ціханоўскага», да якой следства дадае Лосіка і шэраг іншых блогераў, піша REFORM.by.

У фільме БТ прадстаўлена версія следства, згодна з якой палітык Мікалай Статкевіч вырашыў зладзіць «каляровую рэвалюцыю» ў Беларусі і на ролю лідара абраў папулярнага блогера Сяргея Ціханоўскага. Яны нібыта вырашылі выкарыстаць для падрыхтоўкі пратэстаў перадвыбарчы перыяд, стваралі, як сцвярджаюць у фільме, штучныя чэргі на зборы подпісаў і вырашылі накручваць пратэсныя настроі праз блогераў і тэлеграм-каналы.

«Роля, якую адыгралі блогеры і недзяржаўныя СМІ ў падрыхтоўцы пратэсту, адна з ключавых. Яны заняліся тым, што пераконвалі не толькі беларусаў, што муха роўная слану, але і сталі пастаўшчыком кантэнту для замежных СМІ», — заявілі на БТ.

Паводле версіі следства, была створана цэлая сетка блогераў і каналаў. Ціханоўскі, заявіў прадстаўнік СК, сустрэўся з брэсцкімі блогерамі Аляксандрам Кабанавым і Сяргеем Пятрухіным (канал «Народны рэпарцёр») і заплаціў ім, а Пятрухін нават прызнаўся ў гэтым следчым (пры гэтым з судовага працэсу Пятрухіна і Кабанава выдалілі нават саміх Пятрухіна і Кабанава — НЧ.). Названыя і іншыя блогеры і каналы, паводле версіі СК, якія ўвайшлі ў сетку: «Шэры кот» Дзмітрыя Казлова, «Слуцк для жыцця» Уладзіміра Неронскага, «Пастаўшчына для жыцця» Андрэя Новікава, «MozgON» Уладзіміра Цыгановіча і «Беларусь галаўнога мозгу» Ігара Лосіка. Сцвярджаецца, што гэта толькі некаторыя, а ўсяго ў сетцы былі нібыта сотні каналаў.

«Пытанне ў тым, што сетка ўключае тры асноўныя буйныя каналы, якія задаюць парадак: гэта "Nexta", "Nexta Live" і "Беларусь галаўнога мозгу". Там рэпост ішоў аж да секунд. Далей у мэтах канспірацыі гэтая інфармацыя таксама разыходзіцца па сістэме, дублюецца ў больш дробных каналах, і аналагічная позва, дадаючы сваё інфармацыйнае ўтрыманне, дадаючы каментары, якія аб’ядноўваюць актыўных удзельнікаў, распаўсюджваюць больш дробныя каналы. Узгадняюцца дзеянні, куды выходзіць, навошта, што з сабой мець і што рабіць», — агучыў у фільме версію следства першы намеснік начальніка Галоўнага следчага ўпраўлення СК Аляксандр Агафонаў.

У якасці «доказаў» таго, што пратэстоўцы былі «замбаваныя телеграм-каналамі», паказаны відэазапісы міліцыі з затрыманымі удзельнікамі пратэстаў, якія кажуць міліцыянтам на камеру, што выйшлі на вуліцы пад уплывам тэлеграм-каналаў. Пры гэтым многія выглядаюць збітымі.

У фільме распавядаецца, што сілавыя структуры для высочвання сувязей паміж каналамі нават стварылі «спецыяльную праграму», якая «ў велізарнай сетцы тэлеграм-каналаў» адсочвала паведамленні, у выніку, як сцвярджае СК, была нібыта ўсталяваная скаардынаванасць тэлеграм-каналаў для распальвання варожасці і маніпуляцыі грамадствам.

Такім чынам, фільм БТ упершыню за дзесяць месяцаў пралівае святло на прэтэнзіі сілавікоў да Ігара Лосіка, заснавальніка і адміністратара «Беларусі галаўнога мозгу». Да гэтага часу яго крымінальнай справе не было наогул ніякай інфармацыі, акрамя артыкулаў, па якіх прад’яўленае абвінавачанне.

Варта адзначыць, што Лосік быў затрыманы задоўга да пачатку актыўных пратэстаў у Беларусі — яшчэ 25 чэрвеня. На той момант пратэсная актыўнасць у краіне абмяжоўвалася цалкам легальнымі чэргамі да пікетаў па зборы подпісаў і парай невялікіх мірных акцый у Мінску пасля арышту Віктара Бабарыкі. Пры гэтым праца канала «Беларусь галаўнога мозгу», пакуль яго адміністраваў Лосік, у асноўным складалася ў тым, што ў ім публікавалася інфармацыя пра падзеі ў краіне, у тым ліку фота і відэа з пратэсных акцый, атрыманыя ад чытачоў. Ужо значна пазней, падчас жнівеньскіх і наступных пратэстаў, калі Лосік знаходзіўся за кратамі, у канале сталі публікавацца заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаваных акцыях.

На дадзены момант канал прызнаны экстрэмісцкім.

Адзначым таксама, што большасць людзей, якія пералічаны ў фільме БТ як тыя, што маюць дачыненне да арганізацыі пратэстаў, на сёння толькі знаходзяцца пад следствам, іх віна не даказаная ў судзе.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: