Абвінавачаны адмовіўся даваць паказанні, але «віна даказаная сведчаннямі абвінавачанага»

Суддзя Ленінскага раёна Мінска Марына Запаснік, якая раней выносіла прысуды ў рэзанансных палітычных справах, асудзіла 20-гадовага антыфашыста Уладзіслава Зяневіча на тры гады абмежавання волі — так званай «хіміі».


Дзяржабвінавачанне падтрымаў пракурор Аляксандар Рамановіч. Палітвязня прызналі вінаватым па арт. 342 Крымінальнага кодэкса, піша spring96.org.

Уладзіслава Зяневіча абвінавацілі ў тым, што першага лістапада ён наўмысна актыўна ўдзельнічаў у групавых дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак. А менавіта — удзельнічаў у несанкцыянаваным мерапрыемстве, выкрыкваў лозунгі, узнімаў рукі, знаходзіўся ў першых шэрагах мерапрыемства, выходзіў на праезную частку. Пры гэтым ён не раэгаваў на патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі спыніць супрацьпраўныя дзеянні. Гэта пацягнула за сабой парушэнне работы грамадскага транспарту.

Абвінавачанне лічыць, што віна палітвязня даказаная «сведчаннямі абвінавачанага», сведак. Уладзіслаў Зяневіч віну не прызнаў.

Падчас следства Уладзіслаў Зяневіч распавеў, што першага лістапада ўбачыў натоўп, які рухаўся ў бок станцыі метро «Усход» па праезнай частцы і тратуары. Сам палітвязень быў затрыманы каля парка Чалюскінцаў. Аднак ён адзначыў, што не парушаў грамадскі парадак, а быў затрыманы, калі вяртаўся дадому.

У далейшым палітвязень адмовіўся даваць сведчанні, карыстаючыся правам не сведчыць супраць сябе. Адмовіўся ён і ад апошняга слова.

Пісьмовымі матэрыяламі справы з’яўляюцца дадзеныя, вынутыя з тэлефона абвінавачанага, пратаколы агляду.

Таксама быў прагледжаны відэазапіс, зроблены на месцы інцыдэнту: суддзя была ўпэўненая, што ў адзін з момантаў на ім можна разглядзець твар абвінавачанага, які ўзнімае два пальцы ўверх. Таксама на відэа бачны момант, калі чалавек сышоў на праезную частку. Адвакат упэўнены, што ў матэрыялах справы адсутнічаюць доказы віны Зяневіча. Таксама ён адзначыў, што яго падабаронны не мог знаходзіцца ва ўказаным у абвінавачанні месцы: суадносна з пратаколам затрымання па адміністрацыйнай справе па арт. 23.34, у гэты час ён ужо быў затрыманы. «Усё абвінавачанне будуецца на двух відэазапісах, — сказаў адвакат. — Прычым нельга дакладна сказаць, што на іх — менавіта мой падабаронны».

«Мінсктранс» папрасіў спагнаць з Зяневіча маёмасную шкоду ў памеры 10 тысяч 689 рублёў 76 капеек, а таксама дзяржпошліну за пазоў. Палітвязень пазоў не прызнаў.

Пракурор запрасіў для палітвязня Уладзіслава Зяневіча тры гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу — «хіміі». Такі прысуд і вынесла суддзя Марына Запаснік. Пазоў «Мінсктранса» вылучаны ў асобную грамадзянскую вытворчасць.

Антыфашыст з Мінска Уладзіслаў Зяневіч быў затрыманы 30 лістапада па арт. 342.1. Раней Уладзя затрымлівалі на маршы 1 лістапада, моцна збілі, на наступны дзень прысудзілі штраф у 30 б. в., таксама ў яго кватэры быў праведзены ператрус. Прызнаны палітычным зняволеным.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: