Ад 3% да 7% беларускіх вучняў здольныя прымяняць веды на практыцы

Беларусь упершыню ўзяла ўдзел у міжнародным даследаванні PISA-2018. Міністэрства адукацыі ўжо паспела ацаніць вынікі як вышэйшыя за сярэднія. Аднак эксперты ў галіне адукацыі лічаць, што гэта не зусім так. Калі на базавым узроўні краіна выглядае сярэдне, то заданні самых высокіх 5 і 6 узроўняў выканалі ад 3% да 7% вучняў, паведамляе Радыё Свабода.
Таварыства беларускай школы з удзелам Сусветнага банку і EdcampBelarus зладзіла круглы стол «Даследаванне PISA-2018. Высновы і інтэрпрэтацыі».

Што такое PISA

Міжнародная праграма ацэнкі адукацыйных дасягненняў навучэнцаў (Programme for International Student Assessment, PISA) – тэст, які ацэньвае ўзровень ведаў школьнікаў усяго свету. У апошнім даследаванні бралі ўдзел 79 краін і рэгіёнаў. Беларускія школьнікі ўпершыню праходзілі тэст PISA ўвесну 2018 года.

У даследаванні PISA-2018 у Беларусі бралі ўдзел 236 устаноў адукацыі: школаў, гімназіяў, ліцэяў, ПТВ, сярэдніх спецыяльных вучэльняў.

Выбірала ўстановы адукацыі выпадковым чынам арганізацыя Westat, ЗША. Удзел у тэставанні ўзялі 5830 пятнаццацігадовых падлеткаў. Тэставанне праводзілася ў кампутарным фармаце, на тэсты адводзілася 2 гадзіны, а 35 хвілін – на апытанне.

Беларусь – у сярэдзіне рэйтынгу, заняла 36–38 месца з 79. На першых пазіцыях – падлеткі з Кітаю, Сінгапуру, Макао. З еўрапейскіх краінаў найлепшыя паказнікі ў школьнікаў Эстоніі, Фінляндыі, Ірландыі, Польшчы. Нават расейскія школьнікі крыху абагналі беларускіх. Аднак Міністэрства адукацыі лічыць, што для першага ўдзелу краіны ў даследаванні PISA «вынік годны».

Тамара Мацкевіч: «Беларускіх дзяцей «падцягвалі« на вынік»

Мадэратарка дыскусіі, старшыня Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч падкрэсліла, што ў Беларусі іншая мэта даследавання PISA, чым у іншых краінах.

«Калі ў дэмакратычных краінах галоўнае – зрабіць зрэз, аналіз, зразумець, якія ёсць праблемы ў сістэме адукацыі, то ў Беларусі мэта – паказаць лепшы вынік. Нашы настаўнікі і вучні ў школах ведалі, што ў іх будзе даследаванне. Доўгі час настаўнікі займаліся па вечарах і «падцягвалі« вучняў», – кажа Тамара Мацкевіч.

Прадстаўнік Сусветнага банку Павал Фунцікаў падкрэсліў, што важнае не месца, не рэйтынг – гэта толькі вяршыня айсбергу; важна, як вынікі даследавання будуць выкарыстаныя ў далейшым для развіцця і ўдасканалення сістэмы адукацыі.

«Вынікі трэба выкарыстоўваць як інструмент», – падсумаваў Павал Фунцікаў.

Дзеці з заможных сем’яў паказваюць лепшыя вынікі

Сацыяльна-эканамічны статус сям’і, месца жыхарства вельмі моцна адлюстроўваецца на паспяховасці дзяцей, перакананы прадстаўнік Сусветнага банку Павал Фунцікаў.
  • 73% беларускіх навучэнцаў паказалі базавы і сярэдні вынікі па чытанні (63% – у краінах Еўропы і Цэнтральнай Азіі).
  • Беларусь адстае ад сярэдніх паказчыкаў, якія прадэманстравалі развітыя краіны Еўропы, ЗША, некаторыя краіны Лацінскай Амерыкі.
  • Існуе істотны разрыў у выніках дзяцей па сацыяльна-эканамічным статусе. Дзеці з заможных сем’яў паказваюць лепшыя вынікі, дзеці з сем’яў з малым даходам адстаюць на 111 балаў (гэта прыкладна 3 гады навучання ў школе).
  • Гарадскія дзеці паказваюць лепшую паспяховасць. 46% дзяцей з сем’яў з нізкім даходам і 40% сельскага насельніцтва паказваюць вынікі, ніжэйшыя за другую (базавую) ступень. То-бок, яны функцыянальна непісьменныя. (Да прыкладу, у 2019 годзе сярэдні бал на ЦТ па фізіцы сярод сталічных дзяцей склаў 42,45, сярод вясковых – 26).
  • Дзяўчаты паказалі лепшыя вынікі, чым хлопцы.
Сусветны банк даў некалькі рэкамендацый для беларускай сістэмы адукацыі, зазначыўшы, што вынікі даследавання PISA трэба выкарыстоўваць як інструмент для ўдасканалення:
  • неабходна прыярытызаваць роўнасць паміж рэгіёнамі, гарадскімі і сельскімі ўмовамі, сацыяльна-эканамічнымі групамі, з уключэннем уразлівых груп насельніцтва і зніжэннем сегрэгацыі школьнікаў;
  • пашыраць доступ да дашкольнай адукацыі і праводзіць далейшае паляпшэнне яе для ўсіх, асабліва для ўразлівых груп;
  • умацаваць выкарыстанне дадзеных ацэнкі якасці і праводзіць доказную адукацыйную палітыку.

«У нас усе такія сярэдненькія...»

Кандыдат педагагічных навук Кацярына Куксо адзначыла, што ў Беларусі элітай лічацца пераможцы міжнародных алімпіяд, але ў звычайных школах такіх вучняў амаль не бывае. У даследаванні PISA 6 узроўняў, і парогавым лічыцца другі. Вельмі нязначны працэнт беларускіх школьнікаў дасягнуў 5–6 узроўню.

«Да 6-га ўзроўню дайшлі толькі 7% па матэматыцы, 3% па прыродазнаўчых навуках, 4% па чытанні і разуменні тэкстаў, – прыводзіць лічбы Кацярына Куксо. – 29% беларускіх дзяцей застаюцца на першым узроўні. Да прыкладу, у кітайскіх дзяцей, школьнікаў з некаторых развітых еўрапейскіх краін на першым узроўні толькі 2%».

З аднаго боку, у Беларусі ўзяты курс на сацыяльную роўнасць. Пару гадоў таму міністр адукацыі скасаваў гімназіі. А што ў звычайных школах можна прапанаваць таленавітай моладзі? Кацярына кажа:

«Як не паблытаць роўнасць і ўраўнілаўку? У нас усе такія сярэдненькія... З аднаго боку, сярэдні ўзровень нібыта добры. Але ў нас назіраецца вялікі ўзровень сегрэгацыі і зусім невялікая колькасць эліты», – перакананая Кацярына Куксо.

«Правалы ў нас на самым высокім узроўні»

Аналітык Дзмітрый Івановіч, даследаваўшы ўвесь пакет дадзеных PISA-2018, прыйшоў да высновы, што Мінадукацыі лічыла сярэдні паказчык па абсалютна ўсіх краінах, уключна з самымі адсталымі дзяржавамі Афрыкі, якія не ўваходзяць у АЭСР – Арганізацыю эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (менавіта гэтая арганізацыя замаўляла даследаванне).

«І таму Міндукацыі атрымала вынік, які яго задавальняе, – разважае Дзмітрый Івановіч. – Параўноўваць сябе з горшымі – гэта цудоўна. Але як мы глядзімся ў параўнанні з лепшымі, да прыкладу, з Эстоніяй – лідарам сярод еўрапейскіх краінаў?

0,3% беларускіх дзяцей дасягнулі 6-га ўзроўню ў чытанні. У Эстоніі – 2,8% (у 9 разоў больш). 5-га ўзроўню дасягнулі 3,7% дзяцей з Беларусі, 11,1% – з Эстоніі. У Эстоніі 10% дзяцей пераўзышлі вынік у 623 балы, а ў Беларусі – толькі 4% (сярэдні вынік у Беларусі па чытанні – 474 балы).

Мяне зацікавіла, як мы глядзімся на фоне краін, куды з'язджаюць нашы дзеці, – Польшчы і Расеі. Паўсюль паказнікі істотна вышэйшыя, чым у Беларусі».

Атрымліваецца, што ў беларусаў сярэднія значэнні быццам бы добрыя, але ў цэлым вынікі далёка не лепшыя.

«Гэтыя дадзеныя – падстава задумацца і паглядзець, дзе ў нас правалы. Але яны ў нас на самым высокім узроўні. Калі ў сярэдзінцы мы яшчэ глядзімся больш-менш, то на 5–6 узроўні – вельмі праблематычна», – кажа Дзмітры Івановіч.

«Для беларускай мовы трэба выкарыстоўваць методыкі выкладання замежных моў»

Завуч Беларускага гуманітарнага ліцэю, перакладчык Лявон Баршчэўскі лічыць, што прычыны даволі сціплых вынікаў беларускіх школьнікаў у даследаванні PISA па чытанні і разуменні тэкстаў – у скарачэнні літаратурных дысцыплін, колькасці гадзін. На яго думку, дзеці не ўспрымаюць высокую літаратуру, складаныя тэксты.

«Сённяшнія дзеці больш кампетэнтныя ў разуменні прымітыўных тэкстаў – яны перапісваюцца ў гаджэтах, месэнджэрах, – кажа Баршчэўскі. – Але слоўны запас, граматыка ў іх на нізкім узроўні.

У нас па-ранейшаму асноўная ўвага – каб правільна напісаць слова і граматна расставіць знакі прыпынку, кропкі з коскамі. А крэатыўны складнік – стварэнне і разуменне тэксту – адстае. Адукацыя ў граматыцы заканчваецца на ўзроўні сказу. Таму патрэбна капітальная рэформа філалагічнага кампаненту ў школе».

А што тычыцца беларускай мовы ў школе з расейскай мовай выкладання – тут неабходны радыкальны перагляд.

«Па сутнасці, трэба браць тыя методыкі, па якіх вывучаюцца замежныя мовы, гаварэнне, і толькі тады мы атрымаем на выхадзе дзяцей, якія будуць гаварыць па-беларуску», – мяркуе Баршчэўскі.

Прафесар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Мікалай Запрудскі адзначае, што цяпер у дзяцей наагул няма асаблівай патрэбы чытаць нават падручнік. Ён працытаваў інструктыўна-метадычны ліст Мінадукацыі: «Для хатняга задання можа прапаноўвацца толькі матэрыял, які ўжо засвоены на вучэбным занятку».

«Навошта яму чытаць тое, што ўжо расказаў настаўнік? Вучэбныя праграмы перагружаныя, не застаецца часу на выкананне кампетэнтна зарыентаваных заданняў – каб яны ўмелі прымяняць веды на практыцы», – заўважае спадар Запрудскі.

Ён кажа, што ўвесь свет пераходзіць на змяшанае навучанне. А ў нас па-ранейшаму на звычайным уроку настаўнік 15–20 хвілін траціць на апытанне, потым тлумачыць новае заданне. І зусім не застаецца часу, каб рашаць звычайныя задачы, ня кажучы ўжо пра кампетэнтна арыентаваныя.

«Ёсць такі панятак – перакулены ўрок. Гэта калі дзеці папярэдне чытаюць дома параграф, глядзяць ролік, на ўроку ўсё гэта абмяркоўваецца».

Прафесар Мікалай Запрудскі спадзяецца, што Мінадукацыі выкіне з інструктыўна-метадычнага ліста тую састарэлую пазіцыю – пра тое, каб не задаваць на дом таго, што не праходзілі на ўроку.

«Якасць школ не бывае лепшай за якасць настаўнікаў»

Супрацоўніца Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Алена Радзевіч лічыць, што пачынаць трэба з настаўнікаў. Неабходна змяніць падыходы, адукацыйную філасофію выкладання.

«Найперш неабходна вызначыцца, што мы цэнім перш за ўсё: веды ці разуменне, крытычнае мысленне. І пачаць трэба з падрыхтоўкі педагогаў. Якія ў яго патрабаванні да ведаў вучняў? Каго ён лічыць добрым вучнем? Калі таго, хто пераказаў падручнік, – гэта пазаўчорашні дзень.

Настаўнік павінен мець выбар, свабоду, права нешта змяняць. А калі педагогам усё спускаюць зверху, навошта ім думаць, як зрабіць лепш, калі ўсё ўжо напісана? Некаторым настаўнікам гэта зручна», – кажа Алена Радзевіч.

«З шэрай масай мы ніякіх зменаў не зробім»

Старшыня ТБШ Тамара Мацкевіч выказала меркаванне, што якасць школ не бывае лепшай за якасць настаўнікаў.

«А пакуль што, як сведчыць даследаванне PISA, нашыя настаўнікі паказваюць ажно другое месца ззаду паводле кваліфікацыі. У нас зусім мала настаўнікаў з магістарскай ступенню. Кваліфікацыя настаўніка – не прыярытэт дзяржавы», – перакананая Тамара Мацкевіч.

На яе думку, дзяржава бярэ на сябе функцыю фармавання такіх грамадзян, якія ёй патрэбныя, звычайнай «шэрай масы».

«Ад 3% да 7% вучняў у Беларусі здольныя прымяняць веды на практыцы. Навошта мы вучым астатніх? З «шэрай масай« мы ніякіх зменаў ня зробім.

Дзяржаве не патрэбныя людзі з крытычным мысленнем, адказныя, у якіх ёсць нацыянальныя каштоўнасці, у якіх іншая карціна свету, іншая ідэалогія, адрозная ад той, якая ім прапаноўваецца.

Таму гэтую сістэму трэба ламаць і ўводзіць механізм, каб бацькі, грамадства, студэнты, вучні, працадаўцы маглі ўплываць на ўдасканаленне сістэмы адукацыі», – перакананая спадарыня Мацкевіч.

Таксама Тамара Мацкевіч прапанавала зрабіць вынікі PISA даступнымі для шырокай грамадскасці.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: