Ад фігуранткі справы БелТА патрабуюць стаць на ўлік у міліцыі. Ці законна гэта?

Журналістка парталу Tut.by Ульяна Бабаед паведаміла ў Фэйсбуку пра званок следчага са Следчага камітэту з патрабаваннем стаць на ўлік у міліцыі. Журналістка здзівілася: хіба ставяць на ўлік да прыгавору суда? Свабода запыталася ў журналісткі, пра які менавіта ўлік ідзе гаворка.

Ульяна Бабаед, фота kp.by

«Таксама цікавілася, што за ўлік такі, бо ведаю, што звычайна ставяць на ўлік ужо асуджаных. Следчы ўдакладніў, што ў райаддзеле міліцыі трэба паставіцца на ўлік „падазраваных і абвінавачаных“. І дадаў, што калі не прыйду сама, дык даставяць у міліцыю прымусова», — сказала Свабодзе Ульяна Бабаед.

Кіраўнік прэсавай службы Следчага камітэту Сяргей Кабаковіч даў такі каментар да звестак пра патрабаванне, каб фігурантка «справы БелТА» Ульяна Бабаед стала ў міліцыі на ўлік «падазраваных і абвінавачаных».

«Калі гэтак абазначыў следчы, што гэта неабходна, значыць, неабходна. Асабіста я ў гэтым нічога не бачу. Чалавеку, пра якога ідзе гаворка, усё было патлумачана», — сказаў Сяргей Кабаковіч.

Што думаюць пра сітуацыю праваабаронцы? Ці не парушае патрабаванне стаць на ўлік у міліцыі правы чалавека, які не асуджаны, а толькі пад следствам?

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка мяркуе, што ставіць на ўлік у міліцыі чалавека, адносна якога яшчэ не прынятая пастанова суда ці іншае працэсуальнае рашэнне, — гэта фармальна не супярэчыць беларускаму заканадаўству, але па сутнасці абмяжоўвае правы такога чалавека.

«Бо што такое ўлік? Фактычна гэта пэўныя абмежаванні правоў асобы, гэта абавязак браць удзел у пэўных прафілактычных захадах. А калі чалавек адмовіцца ці не выканае нейкага з гэтых патрабаванняў, дык яго могуць абвінаваціць у непадпарадкаванні службовай асобе — а гэта новае злачынства. Між тым чалавек не прызнаны судом вінаватым. Дык чаму яго трэба абмяжоўваць у правах ды ставіць пад рызыку новага пераследу?»

Каго дазволена ставіць на прафілактычны ўлік у міліцыі, вызначана ў законе «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў». Паводле Паўла Сапелкі, у законе няма азначэння «падазраваныя і абвінавачаныя», але спектр «надзвычай шырокі і няпэўны».

«Вось глядзіце, якая фармулёўка ў артыкуле 28 наконт прафілактычнага ўліку. На яго можна паставіць „грамадзяніна, адносна якога атрыманыя звесткі пра здзяйсненне дзеянняў, якія могуць стварыць пагрозу нацыянальнай бяспецы, нанесці шкоду дзяржаўным ці грамадскім інтарэсам, правам, свабодам і законным інтарэсам іншых грамадзян ці прывесці да здзяйснення злачынства“. Гэта значыць, што можна вельмі шырока трактаваць учынкі людзей і ставіць іх на ўлік, у тым ліку на падставе нейкіх нявызначаных звестак, яшчэ да суда, што і ёсць парушэннем іх правоў», — мяркуе праваабаронца Павел Сапелка.

Алег Груздзіловіч, Радыё Свабода

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: