Ад гвалту ў сям'і ў Беларусі сёлета ўжо загінулі 55 чалавек

За сем месяцаў гэтага года ад гвалту ў сям'і ў Беларусі загінулі 55 чалавек. Гэта больш, чым за справаздачны перыяд мінулага года, тады за гэты ж час загінула 48 чалавек. У сярэднім ад рук сямейных агрэсараў у нашай краіне ў год памірае каля 100 чалавек.
panthermedia/vostock-photo

panthermedia/vostock-photo

Начальнік упраўлення прафілактыкі ГУАПП МГБ МУС Алег Каразей распавёў, што на працягу доўгага часу ў нас зніжалася колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў у сферы гвалту ў сям'і. Аднак у гэтым годзе праваахоўнікі заўважылі невялікі рост: за сем месяцаў 2019 году ад рук агрэсараў загінулі 55 чалавек. У мінулым годзе за гэты ж час памерла 48 ахвяр гвалту ў сям'і.

Па выніках сямі месяцаў 2019 года таксама зафіксавана больш за 120 цяжкіх цялесных пашкоджанняў, прычыненых блізкімі.

Менавіта з-за росту колькасці такіх злачынстваў у гэтым годзе з 29 ліпеня па 3 жніўня ў Беларусі правялі комплекс мерапрыемстваў «Быт». Праваахоўнікі паднялі ўсе факты, калі да іх звярталіся з нагоды сямейных скандалаў, паглядзелі, хто стаіць з раней судзімых на ўліку за бытавыя злачынствы і наведалі ўсіх гэтых людзей. У год рэгіструюць толькі 50 тысяч адміністрацыйных правапарушэнняў у гэтай сферы. Пры гэтым штогод у міліцыю паступае каля 100 тысяч званкоў ад ахвяр скандалаў. На прафілактычным уліку з нагоды гвалту ў сям'і ў Беларусі знаходзяцца каля васьмі тысяч чалавек. Гэта тыя людзі, якія здзейснілі правапарушэнне паўторна.

— З усімі гэтымі людзьмі мы сустрэліся, пагаварылі, правялі дадатковую працу, — сказаў Алег Каразей.

Па крымінальнай статыстыцы, ахвярамі гвалту з'яўляюцца як жанчыны, так і мужчыны. Прычым іх прыкладна пароўну.

— Але трэба разумець, што мужчыны ў тым ліку пакутуюць ад рук сваіх братоў, бацькоў і сыноў. Калі казаць пра тое, хто прычыняе гвалт у сям'і, то ў 80% выпадкаў — гэта мужчыны. Жанчыны — менш за 20% вінаватыя ў здзяйсненні такіх злачынстваў. Але тут цікавы момант: калі мы будзем аналізаваць статыстыку забойстваў і цяжкіх цялесных пашкоджанняў, то жанчыны тут здзяйсняюць кожнае трэцяе злачынства. Чаму так атрымліваецца? Часцяком жанчыны пакутуюць ад гвалту, самі будучы ахвярамі спачатку ад дробных папрокаў, потым збіцця, — і ў нейкі момант чаша цярпення перапаўняецца. У фізічным плане адпавядаць мужчыну яна не можа, таму бярэ нож і наносіць удар, які ўжо будзе кваліфікаваны як цяжкае цялеснае пашкоджанне або забойства ў залежнасці ад наступстваў, — сказаў Алег Каразей.

Больш за 83% забойстваў і цяжкіх цялесных пашкоджанняў здзяйсняюцца ў стане алкагольнага ап'янення. На вёсцы рэгіструюць ці ледзь не ў два разы больш фактаў гвалту ў сям'і, чым у горадзе. Па статыстыцы, людзі з вышэйшай адукацыяй і больш высокім сацыяльным статусам менш схільныя да гвалту ў сям'і. Часцей за ўсё яго здзяйсняюць беспрацоўныя ці людзі, якія займаюць працоўныя пасады, якія маюць нізкі ўзровень культуры, што праяўляецца ў сямейна-бытавых адносінах.

tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: