Ад імя Статкевіча ў «Вайберы» разаслана паведамленне з заклікам не прыходзіць на акцыю 25 сакавіка

З акаўнта ў "Вайберы", зарэгістраванага на стары тэлефонны нумар Мікалая Статкевіча, разаслана паведамленне з заклікам не прыходзіць на акцыю 25 сакавіка.


Варта адзначыць, што ні на старонцы Статкевіча ў "Фэйсбуку", ні на сайце statkevich.org гэта паведамленне не размешчана. 

"Відавочна, што ўладай узяты курс на арганізацыю новых правакацый і жорсткі разгон мірнага шэсця, — гаворыцца ў паведамленні. — Можа праліцца кроў, а віна, як вядома, будзе ўскладзена на нас. У гэтых ўмовах я, з самага пачатку адкрыта ўзяўшы поўную палітычную і маральную адказнасць за правядзенне Дня волі, заклікаю ўсіх не дапусціць расправы злачыннай улады над народам і сарваць планы "шунявак". Сёння, аб`ектыўна ацэньваючы сітуацыю і назіраючы крывавыя чорцікі ў вачах апрычнікаў, я прашу вас ад імя Беларускага нацыянальнага кангрэса скарэктаваць планы і адмовіцца ад збору каля Акадэміі навук або ў іншых людных месцах 25 сакавіка".

"Няхай улада радуецца сваёй фальшывай перамогай і ілюзіяй аб згасанні народнай незадаволенасці. Дзень волі ўсе роўна быў і будзе ў нашых сэрцах, і ніхто не зможа яго адмяніць. Правядзіце гэтую суботу з сям`ёй, блізкімі і сябрамі, захавайце сябе для будучай барацьбы", — гаворыцца ў паведамленні.

Пры гэтым адзначаецца, што ўжо ўдалося "дамагчыся галоўнага — нелегітымная ўлада трасецца ад страху". "Але злачынны рэжым, які трашчыць па швах у сваёй агоніі, пачаў у дачыненні да самых сумленных і годных сыноў Беларусі нябачаныя па маштабе і жорсткасці рэпрэсіі, — гаворыцца ў паведамленні. — У гэтыя хвіліны арышты і вобыскі праходзяць па ўсёй краіне, колькасць арыштаваных ідзе на шматлікія дзясяткі, махавік тэрору набірае абароты".

Аўтар паведамлення піша, што савет Беларускага нацыянальнага кангрэса "працуе над новымі мерапрыемствамі, найбліжэйшая дата — 26 красавіка, Чарнобыльскі шлях": "Гэта будзе новы фармат, які стане шокам для рэжыму і пачаткам яго канца".

У паведамленні таксама гаворыцца, што, "па зразумелых прычынах", магчымасці сувязі са Статкевічам у найбліжэйшы час будуць абмежаваныя. "У сувязі з гэтым дадзены зварот з`яўляецца маёй адзінай афіцыйнай пазіцыяй. Любыя іншыя каментары, заявы, інтэрв`ю "ад імя Статкевіча" лічацца фальшыўкай і правакацыяй", — гаворыцца ў паведамленні.

Звязацца са Статкевічам, каб праверыць, ці сапраўды ён з'яўляецца аўтарам гэтага паведамлення, не атрымліваецца — спачатку палітык не адказваў на тэлефонныя званкі, потым на яго тэлефоне стала ўключацца галасавая пошта. Не ўдаецца таксама звязацца з жонкай Статкевіча Марынай Адамовіч.

Сяргей Каралевіч, Таццяна Каравянкова, БелаПАН


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!