Ад каронавіруса памёр беларускі мастак Валерый Шкаруба

Яму было 62 гады. Валерый Шкаруба хварэў апошнім часам на COVID-19, паведамляе Радыё Рацыя.



Валерый Шкаруба нарадзіўся 10 снежня 1957 года ў Барысаве. З 1965 па 1973 год у Барысаве займаўся ў выяўленчым гуртку Дома піянераў, а пасля тры гады працягваў удасканаленне свайго майстэрства ў студыі выяўленчага мастацтва Палаца культуры ў Барысаве. У 1975 годзе скончыў сярэднюю школу №16 Барысава. У 1975–1981 гадах вучыўся і скончыў дызайнерскае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута ў Мінску.

Ужо з 1984 годзе Валерый Шкаруба пачаў удзельнічаць у мастацкіх выстаўках у Беларусі і за яе межамі. У 1989-м быў прыняты ў Беларускі саюз мастакоў. З таго моманту ён цалкам заняўся жывапісам.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Кавалер медаля Францыска Скарыны. Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь. Ганаровы грамадзянін Барысаўскага раёна.



Валерый Шкаруба пісаў у асноўным пейзажы, у якіх Беларусь паўстае загадкавай і надзвычай прыгожай. Яго работы знаходзяцца ў зборах Нацыянальнага мастацкага музея.



У 2015 годзе ў Барысаўскай цэнтральнай адкрылася Галерэя Валерыя Шкарубы, дзе прадстаўлены больш за 30 яго карцін.

«Сэрца разрываецца ад гэтай страты. Валерый Шкаруба быў чалавекам, якога ўсе паважалі і любілі. Ён умеў кантактаваць з усімі, быў дастаткова кампрамісны ў жыцці, але бескампрамісны ў творчасці, — перадае словы першага намесніка старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталлі Шаранговіч "Наша Ніва". — У яго была свая тэма, вельмі складаная манера пісьма. Ён падоўгу працаваў над карцінамі, выпісваў кожную кропачку, лінію, з якіх складваліся цудоўныя беларускія краявіды. Ён любіў такія матывы, як дарога, возера, чарот… Быў закаханы ў беларускую прыроду, добра яе адчуваў, і яго тэхніка жывапісу, якой больш ніхто не валодае ў Беларусі, дапамагала паказаць яе тонкасць, прыгажосць.

Валерый не вельмі любіў прадаваць свае працы, лічыў, што яны павінны служыць людзям — быць у музеях, галерэях, кватэрах, — адзначае Шаранговіч. — Выдатна, што ён пры жыцці паспеў адкрыць сваю галерэю. Вельмі важна, каб памяталі мастака і яго працы недзе захоўваліся».

Паводле nashaniva.by, www.racyja.com



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: