Ад красавіка на ўсіх станцыях «Беларускай чыгункі» абвесткі для пасажыраў мусяць рабіцца па-беларуску

Раней на станцыях, дзе абвесткі робяцца не аўтаматызаваным чынам, найчасцей яны гучалі па два разы толькі па-расійску.  

Тое, што ў красавіку нават на невузлавых станцыях дзяжурныя па станцыях ці іншыя службоўцы, якія робяць абвесткі, пачалі рабіць іх на нашай нацыянальнай мове пасажыры пачалі заўважаць у першыя дні красавіка.

«Яшчэ ўчора я ехаў з Рэчыцы ў Калінкавічы, і абвестка аб прыбыцці цягніка на станцыі Рэчыца рабілася звыкла — па-расійску, праўда, з адчувальным беларускім акцэнтам: звыклымі арфаэпічнымі памылкамі, якія робяць беларусы ў расійскай мове, кшталту “дзекання” і “цекання” там, дзе па-расійску трэба казаць мяккія гукі [д’] ці [т’]. А ўжо сёння, калі я рушыў па працы ў Гомель, я пачуў на сваёй станцыі абвестку па-нашаму. Гэта мяне дужа ўзрадавала, аж настрой узняўся», — распавёў вядомы сваім актывізмам у прасоўванні беларускай мовы журналіст і вядоўца папулярных курсаў «Мова Нанова» ў Рэчыцы Андрэй Мядзведзеў.

Як удалося высветліць «Палескай Вясне» ад супрацоўнікаў «Беларускай чыгункі», цяпер на ёй зацверджаныя тыпавыя тэксты інфармавання пасажыраў на вакзалах, станцыях і прыпынках. Загад пра іх зацвярджэнне падпісаў 25 лютага першы намеснік начальніка БЧ Іван Шылаў. У ім кіраўнікам аддзяленняў чыгункі загадваецца забяспечыць з 1 красавіка трансляванне зацверджаных тэкстаў абвестак на ўсіх станцыях і прыпынках.

Пры гэтым інфармацыя аб прыбыцці, спазненні і адыходзе цягнікоў, пачатку, працягу і сканчэнні пасадкі, наяўнасці і размяшчэнні прычапных вагонаў, замене рухомага складу, адмене цягнікоў, наяўнасці і месцы знаходжання ў цягніку прычапных вагонаў мусіць абвяшчацца на вакзалах на беларускай і расійскай мовах, а на станцыях і прыпынках — толькі на беларускай. А тэксты абвестак пра бяспеку і забарону курэння на тэрыторыях станцый зацверджаныя толькі ў беларускім варыянце.

Таксама пасажыры заўважылі, што і ў цягніках міжрэгіянальных ліній нарэшце таксама пачалі рабіць абвесткі па-беларуску. У цягніках рэгіянальных ліній абвесткі па-беларуску гучаць ужо некалькі гадоў.

«Я як магістр філалогіі, канешне, заўважыў у беларускіх тэкстах невялікую недакладнасць: у нас няма прыназоўніка “у” ў значэнні блізкасці знаходжання каля-чагосьці. У нашай мове ў такім выпадку выкарыстоўваюцца прыназоўнікі “каля” альбо “ля”. А ў зацверджаных беларускіх тэкстах ужываецца канструкцыя “цягнік знаходзіцца на нейкім пуці у нейкай пратформы”. Гэта памылкова. Але ў той жа час, я ўзрадаваны, што чыгуначнікі аддалі перавагу слову “цягнік” для абазначэння сукупнасці вагонаў і лакаматыва альбо галаўнога маторнага вагону. Бо абазначэнне гэтага словам “поезд” насамрэч выглядала досыць нязграбна. У нашай мове даўно існуе састарэлае слова “паязд”, але гэта зусім не чыгуначны састаў, а вясельны картэж з вазоў альбо саняў калісьці ў вёсках», — пракаментаваў зацверджаныя тэксты з лінгвістычнага гледзішча філолаг Андрэй Мядзведзеў.

«Канешне, ні аднаго беларуса такая навіна не можа пакінуць абыякавым. Яна нам, тым, хто шчыра радуецца кожнаму роднаму слоўцу ў вонкавым асяроддзі сваёй краіны, нібы бальзам на душу. І я хачу сказаць чыгуначнікам вялікі дзякуй за тое, што яны, хоць і з трыццацігадовым спазненнем пасля набыцця Беларуссю незалежнасці, але робяць нашую нацыянальную чыгунку сапраўды беларускай», — падсумаваў навіну Андрэй Мядзведзеў.

«Палеская вясна»

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: