Ад нашага імя ў падвалах «Валадаркі» забіваюць людзей. Аргументы супраць смяротнага пакарання

Штогод з 5 па 10 кастрычніка да Сусветнага дня барацьбы са смяротным пакараннем праваабаронцамі ў Беларусі ладзіцца «Тыдзень супраць смяротнага пакарання» — шэраг акцый у падтрымку яго адмены ў нашай краіне.
Гэта не новы стан для нас — быць «адзінай краінай у Еўропе, дзе...», і смяротнае пакаранне — адзін з самых ганебных пунктаў гэтага спісу. Наўрад ці ў далёкім 1996-м было відавочна, да чаго прывядзе дазвол дзяржаве распараджацца жыццямі яе грамадзян, але цяпер гэта такі ж важкі пункт у спісе аргументаў супраць найвышэйшай меры пакарання (НМП), як і тое, што ўсе мы становімся злачынцамі — таму што ад нашага з вамі імя ў падвалах «Валадаркі» забіваюць людзей.

Такая легітымізацыя забойства дала дзяржаве магчымасць зрабіць яго дзейсным інструментам вырашэння праблем: пачынаючы ад няголаснай ліквідацыі банд злачынцаў і знікнення палітычных апанентаў уладнай вертыкалі — і заканчваючы стрэламі ў патыліцу паводле рашэння суда.

Самы папулярны аргумент тых, хто падтрымлівае легальнае забойства ад імя дзяржавы, — «забойцы і тэрарысты гэтага заслугоўваюць». Раней гэта было не так відавочна, але цяпер уся краіна ведае, што «тэрарыстам» можа стаць хто заўгодна, забітым можа быць абсалютна кожны — тут няма абароненых ад уладнага бязмежжа. І калі вам яшчэ не прыходзіла ў галаву гэтае пытанне, то самы час задумацца: ці хацелі б гэтага вы? Ці заслугоўваеце вы смяротнага пакарання? Пытанне, канешне, рытарычнае.

У Беларусі караць смерцю ад імя дзяржавы могуць за забойства дзвюх і болей асоб; тэрарызм, спалучаны з забойствам або здзейснены арганізаванай групай; здраду дзяржаве, спалучаную з забойствам; захоп і ўтрыманне ўлады неканстутыцыйным шляхам, што пацягнулі за сабой гібель людзей або спалучаныя з забойствам; за забойства супрацоўніка міліцыі і г. д. Прычым на сённяшні дзень не існуе амаль ні аднаго спосабу захаваць асуджанаму жыццё: ні апеляцыі, ні скаргі ў Камітэт па правах чалавека ААН не маюць абсалютна ніякага ўплыву на беларускую феміду, і нават знакамітае прашэнне аб памілаванні, якое прымаецца асабіста кіраўніком дзяржавы, за 27 гадоў было прымененае толькі аднойчы.

Маштаб уражвае: каля чатырох соцень забітых — і толькі адно памілаванне.

Як і ў выпадку з «Законам аб супрацьдзеянні хатняму гвалту», з мараторыем на смяротнае пакаранне грамадства, паспяхова зманіпуляванае дзяржаўнай прапагандай, фактычна само робіць гвалт дазволенай формай узаемадзеяння: калі можна біць дзяцей, таму што «я сам так рабіў» і забіваць дарослых па законе, што там ужо гаварыць пра часы, калі «не да законаў»?

З 2009 года па ініцыятыве праваабарончага цэнтра «Вясна», «Беларускага Хельсінкскага камітэта» і «Amnesty International» была арганізаваная кампанія «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання», якая паслядоўна настойвае на ўвядзенні мараторыя на пакаранне смерцю ў Беларусі.  

10 прычын адмены ці мараторыя на смяротнае пакаранне:


1. Дзяржава парушае фундаментальнае права чалавека на жыццё.

2. Немагчыма пазбегнуць судовых памылак. У Беларусі дагэтуль пад пытаннем даказанасць віны забітага Івана Фаміна, які, паводле версіі праваабаронцаў, агаварыў сябе пад прымусам.

3. Смяротнае пакаранне не з’яўляецца стрымліваючым фактарам: штогод у нашай краіне пры наяўнасці найвышэйшай меры пакарання здзяйсняецца ад 300 да 400 забойстваў і іншых цяжкіх злачынстваў.

4. Пакаранне смерцю не вырашае прычыны, па якіх здзяйсняюцца злачынствы: беднасць, алкагалізм, няроўнасць, неадукаванасць, псіхалагічныя праблемы людзей як былі, так і застаюцца. «Няма чалавека — няма праблемы» тут не працуе.

5. Любое забойства чалавека, любая смерць — гэта пакуты для блізкіх і сваякоў. Яны жывуць у такім жа чаканні непапраўнага, як і сам асуджаны, ім не паведамляюць дату выканання прысуду і месца пахавання, цела забітага таксама не выдаецца. Многія сваякі доўгія гады шукаюць па ваколіцах Мінска магчымыя месцы пахавання «смяротнікаў», каб мець магчымасць хоць кудысьці прыйсці.

6. У 1996 годзе за захаванне смяротнага пакарання выказаліся 80% насельніцтва Беларусі. Прайшло 25 гадоў, лічбы застарэлі, грамадства змянілася. У 2014 годзе сацыёлагі апыталі 1100 жыхароў краіны рознага ўзросту і ладу жыцця — гараджан і вясковых жыхароў. Паводле вынікаў гэтага апытання, захаваць смяротнае пакаранне хацелі 41,9% беларусаў, а за адмену ці мараторый выступалі 43,3%.

7. Людзі, якія страляюць у патыліцы, — фактычна ўзаконеныя забойцы. Ці хочаце вы плаціць заробкі за забойствы?

8. Артыкул 24 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь прадугледжвае адмену НМП: «Смяротнае пакаранне да яго адмены можа прымяняцца ў адпаведнасці з законам як выключная мера пакарання за асабліва цяжкія злачынствы і толькі згодна з прысудам суду». Адпаведна, гэтая мера пакарання мае часовы характар і павінна быць перагледжаная.

9. Сучаснае развітае грамадства мусіць базіравацца на павазе і выкананні міжнародных стандартаў і абавязацельстваў у галіне правоў чалавека. Калі мы хочам будаваць новую краіну, свабодную ад гвалту, гэты сярэднявечны перажытак трэба пакінуць у мінулым.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: