«Ад пакарання сын не адмаўляецца. Але ён не згодны з абвінавачаннем»

Гандляваў макам, але не наркотыкамі. Дзіяна Ярмольчык, маці аднаго з абвінавачаных па «макавай справе», лічыць, што да наркатычнага артыкула сына прыцягнулі.
Ілюстрацыйнае фота, pixabay.com

Ілюстрацыйнае фота, pixabay.com



Гучную судовую справу пачалі разглядаць у Мінску летам. Размова ідзе пра буйную пастаўку наркотыкаў у Беларусь — 14 тон сумесі семені маку і макавай саломы. Сыравіну для вырабу наркотыкаў пастаўлялі з Украіны і Расіі. У Беларусі фасавалі на дозы і прадавалі наркаманам. Крымінальная арганізацыя, як вынікае з абвінавачання, дзейнічала з 2015 па 2018 год. Агульнае кіраўніцтва і кантроль здзяйсняў абвінавачаны Ігар Сабалеўскі. Астатнія стваралі арганізаваныя групы і выбудоўвалі іерархію ўнутры іх, навучалі прыёмам канспірацыі.

Па справе праходзіць 41 чалавек, іх падзялілі на тры групы. Суды пачаліся над дзвюма групамі. Разгляд справы трэцяй групы, у якой сярод абвінавачаных і Павел Ярмольчык, яшчэ не пачаўся. Чаму маці не згодна з абвінавачаннем? Дзіяна Ярмольчык распавяла пра макавую гісторыю сына.


— Наогул з чаго пачалося? У 2016 годзе сын на Ждановічах быў з сябрам. І вось там нейкі мужчына прапанаваў гандляваць макам. Сын узяўся, каб падпрацаваць.

Яго затрымалі. Мне пазваніў следчы з Заводскага РУУС і паведаміў, што сын затрыманы на продажы асабліва небяспечнага наркатычнага рэчыва — маку. Я нават не зразумела, кажу: «Мой сын не наркаман». Ён кажа: «Не, ён не наркаман, але ён прадаваў небяспечнае наркатычнае рэчыва». Я кажу: «Дык мак — гэта не наркотык». Ну вось, кажа ён, мы зараз здалі гэта рэчыва на экспертызу, калі не пацвердзіцца, то мы яго адпусцім. У выніку следчы мне перазваніў і сказаў, што экспертыза пацвердзіла, што гэта не наркатычнае рэчыва і сын будзе адпушчаны. У гэты ж дзень, 23 снежня, майго сына адпусцілі. Там яго «апрацавалі» вельмі добра.

— Яго збівалі?

— Яго там збівалі. Яго там катавалі. Там ён прайшоў «школу». На той момант яму 18 гадоў споўнілася. Ён ледзь прыйшоў дадому. Ногі былі збіты, білі дубінкамі. На наступны дзень ногі сталі чорнага колеру, ён практычна ўжо не ўставаў. Ноччу яму станавілася дрэнна, болі пякельныя. Ныркі і іншыя органы не пашкодзілі. Але тыдзень ён хадзіць не мог, на абязбольваючых прабыў.

Сына затрымалі пры продажы маку дзяўчыне. І следчыя сказалі, што быццам яна наркаманка. Яна дала тлумачэнні, што шматразова купляла мак у сына. Сын кажа: «Я яе першы раз пабачыў». А аператыўнікі яму вельмі навязвалі тлумачэнне падпісаць, што яна наркаманка. Сын і падпісаў.

У яго забралі тэлефон. Прабілі ўсе нумары, правяралі ўсе абсалютна званкі. Ніводнага наркамана не было выяўлена.

Наконт прысутнасці макавай саломы наогул размовы не ішло. Ішоў як кандытарскі мак. Ад 9 кг маку, што былі ў сына, на экспертызе змаглі аддзяліць 1,5 г макавай саломы. Наогул, сын няшмат пагандляваў. Як толькі ён пачаў гэтым займацца, яго хутка і затрымалі.

З міліцыі званілі, прыязджалі, бралі паказанні. Сказалі, што хутчэй за ўсё будзе адміністрацыйнае пакаранне. 26 сакавіка 2018 года нам прыйшлі з Заводскага РУУС і з Акцябрскага РУУС афіцыйныя дакументы аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.

Такім чынам, прайшло паўтары гады пасля затрымання. У маі я прыйшла з працы, з начной змены. А ў нас дома — міліцыя, у масках, з аўтаматамі. У дом мяне не пускаюць, толькі паказваюць пастанову на арышт. Калі затрыманне сына было 23 снежня 2016 года, то арыштоўваць яго прыехалі 15 мая 2018 года! Пракуратура абвяргае ўсе ранейшыя высновы і дае дазвол на ўзбуджэнне крымінальнай справы. Першы раз затрымлівала міліцыя, арыштоўваць прыехаў Следчы камітэт.

— Якое абвінавачанне прад’явілі?

— З пачатку арышту адразу напісалі — артыкул 328, частка 4 Крымінальнага кодэкса. Гэта незаконны абарот наркатычных сродкаў, здзейснены арганізаванай групай. Потым, у студзені гэтага года, дадалі артыкул 233, частка 3 КК (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць арганізаванай групы). А месяц назад сыну прынеслі дакументы аб тым, што здымаюць 233 артыкул. І ўжо абвінавачанне прад’яўляюць толькі па 328-м, наркатычным.

За паўтары гады ў сына ніякіх следчых дзеянняў у тым жа СІЗА не праводзілася. Адзінае, за увесь гэты час ён прабыў тры тыдні ў Навінках, іх адразу ўсіх туды чамусьці накіроўваюць. Напэўна, на нарказалежнасць праверыць. Больш — нічога. Абсалютна нічога там не адбывалася. Ён проста ў гэтым СІЗА сядзіць. Перыядычна следчыя прыязджаюць — гэты артыкул дадалі, гэты знялі, чыста вось падпісаць гэтыя дакументы. Усё.

— А допыты?

— Не, ніякіх допытаў. Толькі тыя паказанні, якія ў яго ўзялі спачатку. Калі арыштавалі — допыт пры адвакаце. Потым адвакат хадзіў, калі скаргі пісалі, што не згодны з затрыманнем.

Мой сын не гандляваў макавай саломай. А менавіта макам. У нас па заканадаўстве гэта адміністрацыйнае парушэнне. Ніяк не крымінальнае. Гэта «незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць» (артыкул 12.7 КоАП). Па макавай саломе — гэта так, гэта наркатычнае рэчыва. Мак — не наркотык. Проста трэба спецыяльны дазвол, ліцэнзія на гандаль макам. Бо гэта манапольны прадукт — права на яго належыць дзяржаве.

Ілюстрацыйнае фота, pixabay.com

Ілюстрацыйнае фота, pixabay.com



— А што вядома пра астатніх абвінавачаных?

— З папераў аб прадаўжэнні тэрміна ўтрымання ў СІЗА па трэцяй групе, дзе мой сын, вынікае, што раней хтосьці быў затрыманы ў 2015-м, хтосьці ў 2016-м. Абсалютна розныя людзі з розных рэгіёнаў, іх затрымлівалі за продаж маку, адпускалі, адмаўлялі ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. У маі 2018 года іх усіх адным махам арыштоўваюць. Аб’ядноўваюць у адну справу, робяць з іх арганізаваную злачынную групу і прад’яўляюць чацвёртую частку 328-га артыкула.

У першай групы, іх 17 чалавек, пачаліся суды ў чэрвені. Сярод іх арганізатары, якія займаліся пастаўкамі. Там прад’яўляецца і артыкул 285 ч. 1 (стварэнне злачыннай арганізацыі) і незаконнае перамяшчэнне праз мяжу наркатычных сродкаў, незаконнае перасячэнне мяжы. Па другой групе таксама нядаўна распачаўся суд. У трэцяй групы справа знаходзіцца ў СІЗА, іх водзяць азнаямляцца. Там 11 чалавек. І ў першай, і ў другой групе ёсць тыя, каму інкрымінуецца незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць (арт.233). І толькі ў трэцяй групе ўсім прад’явілі чыста наркатычны 328 артыкул.

Трэцюю групу будуць судзіць у самую апошнюю чаргу. Як сын мне напісаў, суды могуць ісці і яшчэ паўтара года. У групе майго сына справа з 12-ці тамоў. Колькі іх будуць разглядаць, невядома. Ён паўтара года адсядзеў, і яшчэ столькі ж могуць ісці суды.

— Які тэрмін могуць прысудзіць вашаму сыну?

— Ад 10 да 20 гадоў. І амністыі па 4-й частцы 328 артыкула няма. Там ідзе размова пра арганізаваную групу, пра выраб, перавозку, збыт наркатычных сродкаў. Я пытаюся ў адваката, ці можна хаця б на другую частку перакваліфікаваць, там дзе тэрміны знізілі, дзе ёсць амністыя? Ён кажа, што тут справа не ў перакваліфікацыі. Таму што наогул да наркотыкаў не адносіцца. Памяняць на 233 артыкул — адзіны прымальны варыянт у гэтай сітуацыі. Іншага, кажа ён, я проста не бачу. І ўся яго абарона будзе менавіта на гэта і накіравана. Што да наркатычнага артыкула, то справа майго сына ніякага дачынення не мае. Тут няма за што судзіць.

— Вам пашанцавала з адвакатам?

— Вы ведаеце, калі арыштавалі майго сына, і яму там прадаставілі, так бы мовіць, бюджэтнага адваката — вось там быў дзіва адвакат. Гэта быў проста кашмар. Я была ў такім шоку! Дзяжурны адвакат гэта проста быў цырк.

Ён мне вечарам патэлефанаваў, у дзень арышту сына. Ён прысутнічаў пры яго допыце. Спачатку сказаў мне, што з рэчаў трэба будзе сыну ў СІЗА перадаць. А потым, што гэта такі сур’ёзны артыкул, што гэта адназначна 328-ы частка 4-я. Што гэта ўсё так дрэнна, што гэта ўсё так жахліва. Але пуці Гасподні нязведаны, Бог вам у дапамогу. Гэта ўсё вось так ён і выдаваў. І кажа, давайце мы з вамі сустрэнемся, абмяркуем лінію абароны.

Кажу, што прыеду, і запытваю. «Я павінна буду вам заплаціць штосьці?» Ён: «Ну канечне, 300 рублёў». Я кажу: «Пачакайце. Вы, не ведаючы пра мае фінансавыя магчымасці ўзяліся падтрымаць майго сына. А калі я не змагу вам аплаціць гэту суму, калі ў мяне няма такіх грошай?» Ён: «А чаго вы пытаеце тады, колькі грошай везці?» Я кажу, я не думала, што такія сумы. Тым больш не ведала, канечне, якія ў нас кошты на адваката. І ён мне тады пачаў: «Ну вы разумееце, што я ж працаваў, што вы павінны аплаціць маю працу. А што вы думалі, на якую вы суму разлічвалі?» Я кажу, за нейкую кансультацыю яшчэ я разумею, рублёў 20. «Да вы што! Як мінімум кансультацыя гэта хаця б рублёў 80, пра што вы думаеце?» І вы разумееце, ён на мяне такое панёс: «Вы што, вы свайго сына не шкадуеце, яму ж патрэбны абаронца». Я тады яму сказала: «Вы ведаеце, такі абаронца нам не патрэбны. Усё, да пабачэння, я з вамі гаварыць не хачу і не буду больш»

Гэта не бясплатныя адвакаты. Усё роўна паслугі такога адваката будуць лічыцца на маім сыне. І калі яго асудзяць, у яго будуць вылічваць потым грошы, калі ён будзе працаваць. Ну ў меншых памерах, чым ён патрабаваў у мяне.

А ўжо потым, калі мы з сынам сустрэліся першы раз на спатканні, ён мне расказаў, што адразу адмовіўся ад гэтага адваката. Толькі папрасіў яго, каб мне пазваніў і сказаў, што перадаць у СІЗА. Распавёў, што калі выклікалі адваката і ён прыйшоў на допыт, то нават справу не адкрыў. І кажа: «Цябе ўсё роўна асудзяць па 328-м — падпісвай». Каб ён падпісваў, што ён на ўсё згодны, што яму следчыя абвінавачанні такія прад’яўляюць.

А цяперашняга адваката нам, напэўна, на фоне таго папярэдняга, ужо проста анёлы прыслалі. Так атрымалася, што дачка чыста выпадкова яго праз інтэрнэт знайшла. Малады адвакат. Паўтара года ён з намі.

— Пасля таго, як вашага сына затрымалі і адпусцілі, ён ні ў чым не быў замешаны?

— Ні з кім, нічога, абсалютна нідзе. Калі пайшло знаёмства з аўдыёэкспертызамі — аказваецца, са студзеня 2017 года мой сын быў «у распрацоўцы». Ішлі праслухоўванні, назіранні. Вяліся аудыёзапісы. Іх вельмі многа па ўсіх гэтых групах. І вось чаму, я думаю, у сакавіку 2018-га адмовілі ва ўзбуджэнні крымінальнай справы? Не было падставы яго арыштоўваць. Міліцыя, два РУУС — Заводскае і Акцябрскае — адмаўляюць ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Там бачаць, што ўзбуджаць няма за што. Што нікуды чалавек не лезе, ні ў якой групе ён не знаходзіцца.

У мяне дзіця не нарказалежнае. Ён практычна не піў. Асабліва не курыў. Зараз у СІЗА наогул не паліць. У нас суседская дзяўчынка загінула ад наркотыкаў, ад перадазіроўкі. Яны вучыліся ў адной школе. Ён у каледжы вучыўся, калі ў яго на вачах з перадозамі хлопцаў забіралі. Ён гэта бачыў. Ён ведае, да чаго прыводзяць наркотыкі. Ён крытычна да гэтага ставіцца.
 
Наконт маку кажа: я нават уявіць не мог, што з яго можна штосьці зрабіць. Тым больш у яго жанчыны мак куплялі. Жанчыны ва ўзросце, па іх ніколі ў жыцці не скажаш, што яны нейкія наркаманкі. І тыя ж праверкі кантактаў сына па тэлефоне пацвердзілі, што там няма наркаманаў. Ну а наконт затрымання сына пры продажы дзяўчыне, якая, як сказалі ў міліцыі, была наркаманкай — такое адчуванне проста, што гэта ўсё спецыяльна інсцэніравана.

Па дурасці, 18 гадоў, павёўся на заробак. Калі ўжо ў РУУС патлумачылі ўсё-такі, што гэта і што з гэтым можна рабіць, не толькі булкі печ, вось тады ўсё. Сын даўно марыў і вельмі хацеў сваё кафэ адкрыць. Ён пайшоў працаваць спачатку афіцыянтам. Потым ён працаваў барыстай, каб ва ўсіх гэтых справах разабрацца. Працаваў, як ішак. Па адным дні выходнаму па нядзелях. Вось навошта было арыштоўваць чалавека? Для чаго? Маладога хлопца. Тым больш цудоўна яны ведалі, што ён ні ў чым не замешаны.

Злачынца — ён усё роўна вернецца. Але калі па першым разе хтосьці трапляецца, то не павінна быць такога пакарання. Вось другі раз трапіўся — вось тады ўжо адкажы па поўнай праграме. Ты ўжо ведаў, куды ты лезеш, ты павінен быў усвядоміць. Другі раз трапіўся — пытанняў няма. Але не так — з першага разу, калі дзеці ў 18 гадоў, там ужо пра 14 гадоў я наогул маўчу, па тых жа наркатычных справах атрымліваюць велічэзныя тэрміны.

Ад пакарання сын не адмаўляецца. Але ён не згодны з тым абвінавачаннем, каторае яму прад’яўляюць. Няхай штраф заплаціць, няхай тая ж «хімія», адпрацаваць дзесьці. Ну не турма! Ён ужо другі дзень народзінаў адзначыў ў СІЗА — 21 год споўніўся.

Ілюстрацыйнае фота, pixabay.com

Ілюстрацыйнае фота, pixabay.com



— Якія там умовы?

— Спачатку ён быў у камеры для падследных. Але зараз знаходзіцца чамусьці ў камеры для асуджаных. Ужо амаль паўгода. Кажа, што і юрысты ў СІЗА сядзяць, і прадпрымальнікі — могуць патлумачыць штосьці, распавесці. Ну і ўсякага кантынгенту хапае, і наркаманы трапляюцца. То горача, то холадна. Калі спякотна на вуліцы — горача там. І наадварот. У плане санітарных норм — апошні раз, як пісаў пра гэта, было 18 чалавек. І каб устаць і прайсціся, нават два чалавекі ў камеры не могуць развярнуцца. Яны там неяк па чарзе могуць устаць і прайсціся. Памяшканне вельмі маленькае.

Мой сын знаходзіцца ў СІЗА з 2018 года, а ў першай групе людзі арыштаваны ў 2017 годзе. І яны вось столькі часу знаходзяцца там. Нам хоць першае спатканне далі ў чэрвені гэтага года. А тыя людзі з 2017-га не бачылі сваіх сваякоў. Ім наогул спатканні не давалі. І ўбачыліся толькі на судзе ўпершыню. Чытала ў артыкулах, што гэта «макавая справа» таксама знаходзіцца пад асаблівым кантролем Лукашэнкі, як і яшчэ некалькі спраў.

Калі сына арыштавалі, праз СМІ мы даведаліся, што гэта, аказваецца, ачмурэнная групоўка — на той момант было 30 чалавек. Потым стала ўжо 40. Вось так людзей падцягвалі да гэтай справы.

А яшчэ вельмі было шмат абмеркаванняў, што тую ж макавую салому можна было б вазіць хоць тонамі. Без ацэтону, які ўтрымлівае пэўнае рэчыва ў сваім складзе, яна не ўяўляе небяспеку. Менавіта за кошт гэтага рэчыва неяк выпарваюць наркаманы малачко. Было вельмі шмат просьбаў да завода, каб яны ўбралі гэта рэчыва з ацэтону. Але чамусьці ніхто на гэта не ідзе. Хаця свае якасці звычайнага растваральніка ацэтон не згубіў бы. Паўстае пытанне: чаму? Вам не прасцей было б знішчыць гэты складнік, і тады вязіце вы той жа мак і ніхто б ім карыстацца не змог бы. Зноў такі інтарэс чыйсьці ў чымсьці.

Пасля арышту я многа чытала, што і на Камароўцы мак можна купляць. І на Ждановічах. Нават у каментарыях да тых жа артыкулаў, дзе паведамлялася аб арыштах, людзі пісалі, што гэта «крышуецца» абсалютна адназначна. Таму што ўсё роўна мак прадаюць. І ў крамах у нас свабодна і легальна мак прадаецца.

— Скаргі вы пісалі?

— Адвакат з сынам пісалі скаргу ў суд — аб адмене меры стрымання. У Следчы камітэт — аб тым, што нязгодны з гэтым артыкулам. У Генпракуратуру. Сын напісаў у прэзідэнцкую камісію — адтуль зноў скінулі на Следчы камітэт, куды перанакіроўвалі і астатнія скаргі.

На мой зварот у Генпракуратуру напісалі, што я не сведка па дадзенай справе. Маўляў, наогул размаўляць не будзем, хто б я не была — мама ці не мама. А калі з дому забіралі ўсе грошы, не разбіралі, маміны яны ці не маміны. Нягледзячы на тое, што там адназначна было бачна, дзе пакой сына, дзе мой пакой, дзе яго паліцы, дзе яго грошы, дзе мае грошы. Гэта было цудоўна бачна, аднак забралі ўсё. І маё, і не маё. Канапу зламалі, печку разбамбілі.

Забралі зарплатныя карткі сына. Там канкрэтна бачна, што на іх пералічваліся заробкі, што адтуль падаткі вылічваліся. Бачна, што гэта не нейкі левы даход.  

А грошы я на лекі адкладвала сабе. Яны ў маёй медыцынскай картцы ляжалі. Пры вобшуку і іх забралі. Мой тэлефон забралі. Ну гэта на іх сумленні, гэта радзі Бога. Галоўнае, што паўтара года маё дзіця знаходзіцца ў СІЗА.
Ілюстрацыйнае фота, pixabay.com

Ілюстрацыйнае фота, pixabay.com

— Шмат хто ў такой сітуацыі не імкнецца агучваць справу. Лічаць за лепшае маўчаць. Чаму вы публічна кажаце пра гэта?

— Нават мамы па «Матчынаму руху-328», у каго дзяцей асудзілі, і яны зараз ходзяць па судам, у ААН лісты і скаргі пішуць, яны ўсе кажуць, што трэба было гучна казаць пра ўсё да асуджэння. Каб грамадскасць падключалася. І каб бачылі, што ёсць несправядлівасць, ёсць скажэнні і парушэнні. Каб больш людзі даведваліся пра гэта, каб не лезлі дзеці ў гэтыя справы. Таму што вось так яно атрымліваецца: з адміністратыўкі могуць на 10 гадоў сыйсці дзеці.

І нашы органы хочуць атрымаць прэміі тыя ж, і тыя ж пагоны вышэй статусам. Вельмі лёгкія прэміі. Чым гучней справа — больш прэміі, і большая верагоднасць атрымаць пагоны. Вы паглядзіце, што ў нас дастаткова следчаму напісаць 4-я частка 328-ы, і ў нас ў пракуратуры, і ў судах — усё гэта падтрымліваецца. Як толькі бачаць 328-ы артыкул — ні пракуратура, ні суддзі не разбіраюцца. Яны менавіта гэты артыкул інкрымінуюць і даюць.

Сыну ўжо нічога не хочацца. Паўтара года прасядзеўшы ў СІЗА, ён нават і ў Беларусі б не застаўся. Таму што сёння адпусцілі, а заўтра невядома за што яшчэ могуць узяць. З такім падыходам за няправільны пераход у нявызначаным месцы могуць арыштаваць. Сын ужо адназначна сказаў, што калі выйдзе з турмы, у Беларусі ён не застанецца. З нашым заканадаўствам, з выкананнем нашых законаў... Ты нават калі і ведаеш закон, і не робіш чагосьці, не факт, што цябе не асудзяць па гэтым законе. Гэта не факт.

Таму павінен быць рэзананс, павінны людзі ведаць пра гэта.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!