Ад «танку» гусітаў да рэвалюцыі рондаляў. Як у гісторыі ставілі на крэатыў і перамагалі

Многія перамогі ў гісторыі даваліся не столькі ахвярнасцю і упарствам, колькі арыгінальнасцю і крэатывам. Дайджэст нечаканых і арыгінальных перамогаў у адным матэрыяле budzma.by.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Войны
З 1420 году на працягу 14 гадоў невялікая Чэхія патрабуючы рэформы каталіцкай царквы наносіла паражэнне за паражэннем буйнейшым войскам Еўропы.

Гусіцкі рух пачаўся пасля спалення каталікамі прапаведніка Яна Гуса, якія выступаў за рэформу каталіцкай царквы. Калі вестка аб смерці Гуса дасягнула Прагі, пачалося паўстанне, а затым і паўнамасштабная вайна. Гусіты ішлі на хітрасць, якая дапамагала абараняцца ад лепшых войскаў Еўропы больш за 10 гадоў.

Гусіты прывязвалі калёсы наперадзе каня, што дазваляла абараняць войскі. Гэты атрыбут многія лічаць правобразам сучаснага танка. Супраць гусітаў каталіцкая царква арганізавала 5 крыжовых паходаў. Разграміць іх каталікам удалося толькі ў 1434 годзе.

Брытанскае войска дакладна выконвала ўсе правілы вайсковай традыцыі падчас вайны за незалежнасць ЗША. Жаўнеры ж, якія ваявалі за незалежнасць ішлі на хітрыкі: атака афіцэраў малымі групамі, падпал складоў, перацягванне на свой бок афраамерыканцаў у абмен на свабоду для іх.

У індыйскай вобласці Марвар у Сярэднявечча падчас вайны апраналі на коняў невялікія хобаты, а паколькі іх праціўнікі атакавалі на сланах, то сланы блыталі коняў са сланятамі і не чапалі іх.

Крылатыя гусары ВКЛ і Рэчы Паспалітай не мелі аналагаў у Еўропе, менавіта таму хутка разбівалі строй атрадаў ворага і давалі пехоце магчымасць атакаваць.



Рэвалюцыі

У гісторыі крэацівілі не толькі падчас войнаў і прамых сутыкненняў. Многія перавароты і рэвалюцыі пачыналіся з арыгінальнага падыходу ці такі падыход гуляў на канчатковае вырашэнне сітуацыі.

Рэвалюцыя ў Партугаліі 1974 году атрымала назву «рэвалюцыя гваздзікоў». Пачалося ўсё са звычайнай прадаўшчыцы крамы Селесты Сейруш, якая апусціла кветку ў ствол стрэльбы жаўнера. Гэты жэст так спадабаўся жыхарам Лісабона, што яны масава падхапілі яго. У выніку рэвалюцыі гваздзікоў улада ў Партугаліі ад вайскоўцаў перайшла да ліберальна-дэмакратычных сілаў.


У 1990 у Харватыі пачаўся рух за аўтаномію сярод сербаў, якія жылі на тэрыторыі гэтай краіны. Гэты рух называюць рэвалюцыяй бярвенняў. Вялікімі бярвеннямі і камянямі сербы блакіравалі дарогі ў Далмацыі, каб паліцыя не змагла перашкодзіць рэферэндуму аб аўтаноміі. У выніку, аўтаномію сербы атрымалі, але пратрымалася яна зусім нядоўга.

У Югаславіі ў 2000 годзе пасля чарговых фальсіфікацый з боку Слабадана Мілошэвіча людзі пайшлі на штурм тэлецэнтру. Пратэстоўцаў атакавалі не толькі з нелетальнай зброі, прымяняліся і баявыя патроны.

Ход супрацьстаяння вырашыў кіроўца бульдозера Любаслаў Джокіч, ён пратараніў загараджэнне, якое перашкаджала пратэстоўцам дабрацца ў тэлецэнтр. Пасля ўдалага ўзяцця тэлецэнтру ўлада пайшла на перамовы з пратэстоўцамі.

Рэвалюцыя рондаляў у Ісландыі 2008-2009 году наагул пачалася з аднаго чалавека. Хёрдур Торфансон праводзіў сваю персанальную акцыю супраць дзеянняў улады падчас фінансавага крызісу. Ён усталяваў мікрафон на плошчы каля парламенту і прапаноўваў выказвацца ўсім жадаючым пра свае праблемы (нічога не нагадвае?). Грамадзянам настолькі спадабалася акцыя, што яны пачалі да яе далучацца, пікетавалі парламент і дамагліся датэрміновых выбараў.

Васіль Драбяза, budzma.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: