Адбылася чарговая талака ў Курапатах

Фермер Уладзімір Матусевіч, палітык Зміцер Дашкевіч, тэкнік-электрык Віаль Паўлаў і яшчэ больш за 20 чалавек прынялі ўдзел у талацэ, што адбылася ў Курапатах 20 траўня.

Змцер Дашкеівч натхняў моладзь сваім прыкладам

 
Па суботах у чэрвені падоўжацца талокі па пазначэнні аб’ектаў гістарычнай тапаграфіі Курапатаў. Пра гэта дамовіліся прадстаўнікі грамадскасці — удзельнікі талакі, што адбылася ў Народным мемарыяле 20 траўня.


Па запрашэнні грамадскай ініцыятывы “Эксперты ў абарону Курапатаў” і Маладога Фронту ў лясным урочышчы працавалі больш за 20 чалавек — людзі розных узростаў і прафесій. Яны чысцілі стары хваёвы бор ад смецця, галля і сухастою, разбілі кветнікі каля некаторых мемарыяльных крыжоў і камянёў, пазначылі шэраг аб’ектаў гістарычнай тапаграфіі Курапатаў.

Малітва перад працай


Наша асаблівая удзячнасць — беларускаму фермеру Уладзіміру Матусевічу, які не толькі прывёз ва ўрочышча расаду, чарназём, каменне і прылады працы, але і дапамог разбіць кветнікі. А сваім асабістым прыкладам лідар Маладога Фронту Зміцер Дашкевіч натхняў як паплечнікаў, так і сталых людзей.

Пад час талакі актывістка аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Валерыя Чарнаморцава ладзіла экскурсіі па Курапатах, у тым ліку для здымачнай групы айчыннага тэлеканалу СТБ, а вядомы бард і краязнаўца Аляксей Галіч адказваў на пытанні цікаўных мінчукоў, якія наведвалі Народны мемарыял.

Сярод талакоўцаў былі не толькі жыхары сталіцы, але і аршанец Віталь Паўлаў. Тэхнік-электрык па адукацыі і прафесіі, ён больш за 10 год цікавіцца гісторыяй свайго славутага краю. Спадар Віталь неаднаразова звяртаўся да мясцовых уладаў з прапановамі ўшанаваць памяць выбітных землякоў, якія адзначыліся ў бітвах пад Грунвальдам 15 ліпеня 1410 году і пад Воршай 8 верасня 1514 году, а таксама ўзвесці ў гораде помнік народнаму паэту Беларусі Янку Купале, які натхняўся ў Ляўках каля Воршы, дзе 19 лістапада 1918 году напісаў свой знакаміты верш “Спадчына”.

Калі ж у Фэйсбуку спадар Віталь прачытаў заклік лідара Маладога Фронту паўдзельнічаць у курапацкай талацы, дык не змог адмовіцца. “Я так паважаю нашага змагара за беларушчыну Змітра Дашкевіча і так шаную памяць пра нашых бязвінна забітых продкаў, якія ляжаць у Курапатах, што лічу за гонар прыняць удзел у такой талацэ”, — сказаў Віталь Паўлаў у каментары НЧ.

Высаджаны кветкі каля крыжу, што некалі ўсталяваў у Народным мемарыяле выбітны беларускі адраджэнец Сяржук Вітушка

Чарговая талака ва ўрочышчы пачнецца 3 чэрвеня а 12.00. Збор — на Галгофе. 

Так зараз выглядае тэрыторыя каля “Габрэйскага камяня”

Прыбраная тэрыторыя вакол крыжу, што ўзвёў у памяць сваіх рэпрасаваных сваякоў легендарны беларускі дзяяч Уладзімір Кішкурна

З’явіўся кветнік каля памятнага крыжу ў гонар расстраляных заснавальнікаў айчыннай археалогіі

Пазначана кветнікам і крыжом памятнае месца, дзе ў траўні 1988 году мінскія школьнікі дапамаглі беларускім археолагам адкрыць таямніцу Курапатаў

А так — каля закладнога камяня з абяцаннем ураду БССР пабудаваць у Курапатах помнік ахвярам палітычных рэпрэсій 1930-1940-х гадоў)


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: