Адбылося надзвычайнае пасяджэнне камітэту абароны Курапатаў

Прадстаўнікі грамадскіх і палітычных арганізацый абмеркавалі план дзеянняў па супрацьстаянні пабудове бізнес-цэнтра ля Курапат. Актывісты заклікаюць усіх неабыякавых на вахту.


На пасяджэнне прыйшлі прадстаўнікі Партыі БНФ, Маладога фронту, Руху “За Свабоду”, аргкамітэта БХД, Партыі “Зялёныя”, АГП, Руху салідарнасці "Разам", грамадскай ініцыятывы "Вяртанне памяці" ды іншых арганізацый.

У абмеркаваннях удзельнічалі палітыкі, грамадскія актывісты і гісторыкі Аляксей Янукевіч, Алесь Кіркевіч, Павал Пракаповіч, Павал Севярынец, Юры Лукашэвіч, Дзяніс Кобрусеў, Ганна Шапуцька, Ірына Сухій, Андрэй Мельнікаў, Зміцер Кавалгін, Уладзімір Раманоўскі, Зміцер Каспяровіч, Юрась Меляшкевіч, Алена Талстая.

У якасці першачарговых крокаў на бліжэйшы час запланаваны калектыўны візіт на прыём да старшыні Мінгарвыканкама Андрэя Шораца (22 лютага а 12-й гадзіне), звароты ў раённую і генеральную пракуратуры і да гарадскіх уладаў з мэтай як мага хутчэй спыніць будаўнічыя працы да высвятлення ўсіх абставінаў гэтай справы.

Удзельнікі пасяджэння перакананыя, што дазвол на будаўніцтва выдадзены з парушэннямі закона. Па-першае, участак пад будаўніцтва выдзелены ў 2013 годзе, а з-пад ахоўнай зоны Курапатаў ён выведзены толькі ў 2014-м і тое незразумела на якіх падставах, па-другое, не было праведзена грамадскае абмеркаванне з удзелам жыхароў суседніх шматкватэрных дамоў, інтарэсы якіх закранаюцца новабудоўляй.

Нечакана разгорнутая будаўнічая пляцоўка блізу Курапат выклікала пратэсты мясцовых жыхароў (супраць будаўніцтва пад сваімі вокнамі падпісаліся 500 жыхароў).

Мясцовых жыхароў падтрымалі актывісты Маладога фронту, пратэст якіх 20 лютага перарос у сутычкі з будаўнікамі.

Удзельнікі пасяджэння таксама будуць рыхтаваць калектыўны зварот з боку дзеячаў культуры у Мінкульт з просьбай паспрыяць спыненню будаўніцтва каля мемарыяльнага комплексу. Плануецца задзейнічаць незалежных дэпутатаў, каб напісаць дэпутацкія запыты ў Мінкульт, Мінгарвыканкам, пракуратуру, каб высветліць, на якіх падставах выдаваўся участак, мянялася тэрыторыя ахоўнай зоны і хто стаіць за гэтым будаўніцтвам.

На бліжэйшы час запланаваная падрыхтоўка ўлётак з кантактамі і сацыяльнай і гісторыка-культурнай праблематыкай скандальнай забудовы. Плануецца надрукаваць вялікія плакаты з інфармацыяй пра праблему, які змогуць вывесіць жыхары за сваіх гаўбцах.

Паводле ўдзельнікаў пасяджэння, забудоўшчык разумее хісткасць свайго становішча з пункту гледжання закону і стараецца як хутчэй разгарнуць будаўніцтва, каб яго было цяжэй спыніць. Таму абаронцы Курапатаў намераны прымаць абмеркаваныя захады ў самы бліжэйшы час.

А тым часам моладзевыя актывісты намераны працягваць вахту па абароне Курапатаў. Плануецца паўторна ўсталяваць намёт і наладзіць дзяжурства каля будпляцоўкі. Абвешчаны збор усіх неабыякавых да скандальнага будаўніцтва сёння а 17 гадзіне каля будпляцоўкі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Віктар
  • 2017-02-21 19:33:14
Чаму дагэтуль не агучаныя назвы забудоўшчыка і замоўцы будоўлі? Чаму б не распачаць ціск на іх, каб прымусіць адмовіцца ад планаў праз магчымыя рэпутацыйныя рызыкі?