Лепін: «Пад Астравецкую АЭС абраная найгоршая пляцоўка з магчымых» (+відэа)

Адбылося пасяджэнне аргкамітэта па падрыхтоўцы Чарнобыльскага Шляху-2017.
У пасяджэнні аргкамітэта, якое адбывалася на сядзібе Партыі БНФ, прынялі ўдзел кіраўнікі Руху "За Свабоду", Партыі БНФ, аргкамітэта БХД, Беларускай партыі «Зялёныя», а таксама шэраг грамадскіх актывістаў.

Удзельнікамі быў зацверджаны галоўны лозунг сёлетняга Чарнобыльскага Шляху: “Спыніць будаўніцтва Астравецкай АЭС”. Дадатковыя лозунгі могуць гучаць так: “Астравец — працяг Чарнобыля”, Астравец — Чарнобыль №2”, “Астравец — усім капец”.

Па словах прафесара Георгія Лепіна, іронія лёсу ў тым, што пад Астравецкую АЭС абраная найгоршая тэктанічная пляцоўка з магчымых. Пра гэта сведчыць справаздача пра геалагічныя даследаванні, зробленыя Акадэміяй Навук у 1993 годзе, калі рашэнне пра будаўніцтва АЭС яшчэ не было прынятае. “Калі мы хочам спыніць будаўніцтва АЭС, нам трэба аб’яднацца ў сумесную кампанію!” — дадаў навуковец.


Дзмітрый Кучук агучыў пазіцыю партыі “Зялёныя”, якая палягае ў тым, што трэба катэгарычна адмаўляцца ад пабудовы Астравецкай АЭС як з пункту гледжання бяспекі, так і эканамічнай немэтазгоднасці. Пры гэты трэба сур’ёзна падыходзіць у выбары контрааргументаў падчас дыскусіі з прыхільнікамі атамнай энергетыкі.

На думку лідара ПБНФ Аляксея Янукевіча, пабудову Астравецкай АЭС трэба спыніць, па-першае, з-за недаверу да расійскіх атамных тэхналогій, якія па-сутнасці эксперыментальныя і таму даволі небяспечныя, па-другое, пабудова АЭС не змяншае, а павялічвае энергетычную і палітычную залежнасць ад Расіі. “У першую чаргу мы мусім дбаць пра свае нацыянальныя інтарэсы”, — адзначыў лідар Партыі БНФ.


“Варта не забывацца пра наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС, нагадваць пра гэта грамадству, праводзіць мерапрыемствы, прысвечанай экалагічнай бяспекі у цэлым”, — адзначыў у сваім выступе кіраўнік Руху “За Свабоду”, Юрась Губарэвіч.

Паводле яго слоў, сённяшні рэжым не прыслухоўваецца да грамадскага меркавання пры пабудове брудных прадпрыемстваў у шэрагу рэгіёнаў. 26 красавіка — добрая нагода казаць пра экалагічныя праблемы. Актуалізацыя інфармацыі пра наступствы чарнобыльскай катастрофы паспрыяе негатыўнаму стаўленню грамадства да пабудовы Астравецкай АЭС.

Лідар БХД Віталь Рымашэўскі нагадаў пра важнасць міжнароднага партнёрства і міжнародных рэсурсаў, які могуць дапамагчы паўплываць на сітуацыю з Астравецкай АЭС. На яго думку, проста так спыніць будаўніцтва амаль нерэальна, трэб ашукаць механізмы кампенсацыі стратаў, якія ўжо панесла Беларусь падчас рэалізацыі праекта.


Георгій Лепін дадаў, што тэзіс пра таннасць атамнай энергіі — гэта міф. Яна насамрэч нашмат даражэйшая, калі ўлічваць выдаткі на якасную сістэму бяспекі, на закрыццё станцыі і ўтылізацыю адпрацаванага паліва. “Толькі мадэрнізацыя Лукомльскай ГРЭС дае столькі энергіі, колькі будзе вырабляць першы блок Астравецкай АЭС. А мадэрнізацыя каштуе на парадак танней пабудовы першага блока АЭС”, — адзначыў навуковец.

Удзельнікі пасяджэння разгледзелі варыянты маршруту Чарнобыльскага Шляху: традыцыйны маршрут ад кіно Кастрычнік да пл. Бангалор, шэсце ад кіно Кастрычнік да Кастрычніцкай плошчы, а таксама шэсце ад вакзала да Кастрычніцкай плошчы. Ва ўсіх варыянтах ёсць свае плюсы і мінусы. Канчатковае рашэнне вырашылі прыняць пасля 25 сакавіка, ацаніўшы дынаміку акцыі на Дзень Волі. Тады ж плануецца надрукаваць налепкі і ўлёткі з запрашэннямі на Чарнобыльскі Шлях, падрыхтаваць да Чарнобыльскага Шляху рэзалюцыю. 22 красавіка будзе зладжана тэматычная канферэнцыя.

Наступнае пасяджэнне аргкамітэта запланаванае на 11 гадзін 17 сакавіка.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: